Пошук

15.05.2019 11:42   Дзмітрый Сяргун / Catholic.by
Nazareth. David Roberts, 1842. Wikimedia.org

Прапануем разам з парталам Catholic.by здзейсніць захапляльнае падарожжа да вытокаў нашай веры і пазнаёміцца з гісторыяй і геаграфіяй, а таксама асаблівасцямі штодзённага жыцця на Святой Зямлі часоў Езуса Хрыста.

Палестына на мяжы эраў

Гэтая віртуальная вандроўка ў часе і прасторы перанясе нас на дзве тысячы гадоў таму, з ХХІ стагоддзя ў самы пачатак нашай эры, і з нашых паўночных шыротаў мы трапім на поўдзень — у спякотную Палестыну.

Геаграфічнае становішча

Палестына размешчана на беразе Міжземнага мора, паміж Егіптам, Сірыяй, Ліванам і Аравіяй. Там знаходзіцца знакамітае Мёртвае мора, у якім з-за вялікай канцэнтрацыі солі нельга патануць; рака Ярдан, вядомая тым, што ў ёй адбыўся хрост Езуса Хрыста; Галілейскае, або Генісарэцкае, возера, на якім Езус заклікаў рыбакоў стаць вучнямі і пайсці за Ім; багатыя і велічныя гарады старажытнасці: Ерузалем, Ерыхон, Бэтлеем, Хэўрон…

katapi.org.uk
katapi.org.uk

Раўніннае ўзбярэжжа Міжземнага мора паступова пераходзіць у даліны, якія фарміруюцца пагоркамі і невысокімі гарамі. Акрамя тэрыторыі на поўдні, дзе размешчана Мёртвае мора, за якім пачынаецца засушлівая Юдэйская пустыня, Палестына з’яўляецца часткай так званага «Пладароднага паўмесяца» — тэрыторыі ў форме паўмесяца на Блізкім Усходзе, якая мае вельмі спрыяльны клімат і выключна пладародныя землі.

Нездарма ў Старым Запавеце Палестына названа зямлёй, дзе цячэ малако і мёд.


Гаспадарка і рамёствы

Асноўнымі заняткамі жыхароў Палестыны здаўна былі жывёлагадоўля і земляробства.

Плошчы надзелаў пашыралі за кошт высечкі кустоўя і лясоў, пладароднасць павышалі тым, што імкнуліся прыбіраць з палёў усё каменне. Сістэматычна ўгнаенні не выкарыстоўвалі да пачатку рымскага панавання.

Фота David Padfield, FreeBibleimages.org

Вырошчваннем ураджаю займаліся ў сезон дажджоў, які працягваўся з кастрычніка па красавік, заканчвалі ў чэрвені. Пасля таго, як у кастрычніку дажджы размякчалі скамянелую ад спёкі зямлю, пачыналі ворыва, у лістападзе сеялі бабовыя, у снежні — пшаніцу, у студзені і лютым — яравыя. Вырошчвалі пшаніцу, ячмень, проса, смакоўніцы, масліны, вінаград, гранаты, чачавіцу, бабы, цыбулю, часнык, бахчавыя.

У жывёлагадоўлі кармы не нарыхтоўвалі, а выганялі жывёлу на пашу круглы год. Разводзілі ў асноўным авечак, коз, кароў і валоў, аднагорбых вярблюдаў, аслоў, мулоў і коней, з птушак — курэй і галубоў. Як цяглавую жывёлу выкарыстоўвалі аслоў і валоў, усё астатняе — для атрымання прадуктаў спажывання.

Фота David Padfield, FreeBibleimages.org

Малако спажывалі каровіна, казінае, авечае і вярблюджае, з яго ж рабілі масла і сыр. Малака было шмат у перыяд дажджоў і мала летам. Ужывалі бараніну, ялавічыну, казляціну. Вандроўны статак жывёлы заўсёды быў пад адкрытым небам, на ноч заганялі ў загоны. Дапамагалі пастуху сабакі.

Роля пастуха была выключная. Ён быў узброены посахам, дубінай і прашчай, каб адганяць ваўкоў, ільвоў і мядзведзяў, а таксама разбойнікаў.

Ранкам і ўвечары пастух пералічваў жывёлу, праганяючы яе пад сваім посахам. Аседлыя габрэі трымалі жывёлу ноччу ў хлявах і пячорах, а часта і ў хаце.

У Палестыне развітыя былі і рамёствы. З воўны пралі ніткі, з якіх на кроснах ткалі палотны. Акрамя воўны, выкарыстоўвалі і лён, з якога перад гэтым выкалочвалі насенне. Сцябліны сушылі на сонцы, пасля іх на тыдзень апускалі ў ваду, каб аддзяліць унутраныя мяккія валокны ад зацвярдзелых знешніх. Затым іх зноў сушылі, цярэбілі, раздзяляючы валокны, сарціравалі і расчэсвалі, потым атрыманыя валокны пралі, як і воўну.

Фота David Padfield, FreeBibleimages.org

Ткачы, якія выраблялі намёты, выкарыстоўвалі казіную воўну, з якой выраблялі палотны, падобныя да лямца, якія пасля сшывалі. Гэтым займаўся да навяртання св. апостал Павел. Валюшнікі ачышчалі палотны і воўну ад бруду і тлушчу, топчучы іх нагамі ў вялікіх чанах з вадой, у якую дадавалі мыючыя сродкі. Фарбавалі тканіну ў каменных чанах вышынёй каля метра, часцей у пурпурны, чырвоны і жоўты колеры.

Цэглу для будаўніцтва выраблялі з гліны, у якую дадавалі салому, чарапкі альбо каменьчыкі. Сушылі на сонцы. Муляры клалі з цэглы сцены, звязваючы іх зямлёй ці жвірам. Каменячосы выраблялі з вапняку каменныя глыбы.

Вядомыя таксама цесляры, дрывасекі, млынары, пекары. Меліся жалезныя і медныя руднікі, развівалася кавальская справа. Ганчары выраблялі гліняны посуд.

Працяг ТУТ>>>

Абноўлена 17.05.2019 20:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа