Пошук

17.05.2019 17:17   Тэкст: Дзмітрый Сяргун / Catholic.by
Cуд Саламона, 1649 - Нікала Пусэн, wikimedia.org

Працягваем віртуальнае падарожжа да вытокаў нашай веры і знаёмства з гісторыяй і геаграфіяй, а таксама асаблівасцямі штодзённага жыцця на Святой Зямлі часоў Езуса Хрыста.

Працяг. Пачатак ТУТ>>>

Утварэнне габрэйскай дзяржавы

Прарок Майсей па загаду Пана Бога вывеў габрэяў з егіпецкага палону ў Палестыну, якая ў Бібліі называецца зямлёй Ханаан. Ваюючы з язычніцкімі плямёнамі, якія насялялі гэтую зямлю, нашчадкі Абрагама ўтварылі сваю дзяржаву — Ізраэльска-Юдэйскае каралеўства.

Перажыўшы перыяд росквіту і магуцця пры каралях Давідзе і Саламоне, яно, аднак, пасля смерці Саламона хутка распалася на дзве дзяржавы: Ізраэльскае каралеўства са сталіцай у Самарыі на поўначы і Юдэйскае са сталіцай у Ерузалеме на поўдні.

Раз’яднаныя дзяржавы хутка аслаблі і былі заваяваныя больш магутнымі суседзямі. Спачатку загінула Ізраэльскае каралеўства, крыху пазней — Юдэйскае.

У 142 г. да н.э. у Палестыне выбухнула магутнае паўстанне габрэяў пад кіраўніцтвам роду Макабэяў супраць Сірыйскай дзяржавы Сэлеўкідаў — «асколка» былой імперыі Аляксандра Македонскага. У выніку вызваленчай барацьбы была скінута ўлада сірыйскіх грэкаў над Палестынай. Макабэі заснавалі незалежнае Юдэйскае каралеўства са сталіцай у Ерузалеме, а кіраваць у ім стала новая дынастыя — Хасманэі.

Юда Макабэй, 1877 - Гюстаў Дарэ, wikimedia.org

Разам з тым у Міжземнамор’і ствараласяа супердзяржава таго часу — Рымская рэспубліка, якая ўмацоўвалася і паступова далучала да сябе суседнія народы.

Барацьба за ўладу паміж братамі

Габрэйская дзяржава пад уладай Хасманэяў не мела ў сабе адзінства. Рэч у тым, што пасля смерці караля Аляксандра Яная, які меў двух сыноў — Гіркана і Арыстобула — паводле яго тэстамэнту каралеўства ўзначаліла жанчына: яго жонка Саламея Аляксандра. З-за таго, што яна як жанчына не магла займаць пасаду першасвятара, якім адначасова з’яўляўся кароль, першасвятаром стаў сын памерлага манарха Гіркан ІІ, а кіраўніком войска — другі ягоны сын Арыстобул ІІ.

Саламея абвясціла спадкаемцам пасаду старэйшага сына Гіркана. Калі каралева сур’ёзна захварэла, то малодшы сын Арыстобул, не чакаючы яе смерці, узняў мяцеж, захапіў некалькі крэпасцяў і абвясціў каралём сябе.

У 69 г. да н.э., Саламея Аляксандра памерла, і Арыстобул выступіў у вайсковы паход на сталіцу Ерузалем, дзе знаходзіўся яго брат першасвятар Гіркан. Два войскі сустрэліся каля Ерыхона, дзе армія Гіркана перайшла на бок Арыстобула. Арыстобул заняў каралеўскі пасад у Ерузалеме, пакінуўшы Гіркана першасвятаром.

Але першасвятар не змірыўся з паразай. Ён збег у суседняе Набатэйскае каралеўства і з дапамогай войска набатэяў разбіў Арыстобула і ўвайшоў у Ерузалем. Пачалася аблога Ерузалемскай святыні, дзе схаваўся Арыстобул. Святыня была была размешчана на пагорку і абнесена моцнымі сценамі.

Гіркан II і Арыстобул II, wikimedia.org

У той жа час легіёны Рымскай рэспублікі на чале з Гнеем Пампеем Вялікім былі скіраваны на заваяванне Арменіі і Сірыі. Паспяхова расправіўшыся з абедзвюма дзяржавамі, рымляне звярнулі ўвагу на Юдэю, дзе ішла міжусобная барацьба, і выступілі з Дамаска на поўдзень.

Пачатак рымскага панавання

І Гіркан, і асаджаны Арыстобул накіравалі да рымлянаў сваіх пасланцаў, просячы аб дапамозе. Легат Пампея Скаўр вырашыў стаць на бок Арыстобула, аблога святыні была знятая, а сам Арыстобул разбіў і знішчыў армію Гіркана, пазбавіўшы яго пасады першасвятара. Скаўр, атрымаўшы выкуп, адышоў у Дамаск, куды прыбыў з Арменіі Пампей, які павінен быў канчаткова вырашыць юдэйскае пытанне.

Пампей загадаў арыштаваць Арыстобула, які быў абвінавачаны ў марскім пірацтве, а сам у 63 г. да н.э. рушыў на Ерузалем, увайшоў туды і штурмам узяў Ерузалемскую святыню, у якой зачыніліся прыхільнікі скінутага караля, учыніўшы расправу над імі ў святыні. У карнай акцыі загінула 12 тысяч чалавек.

Гней Пампей, мрамарны бюст, 1ст. н.э.

Улада караля была моцна абмежавана, нават яго пасада стала цяпер называцца этнарх (кіраўнік народа).

Юдэя трапіла ў залежнасць ад Рыма, некаторыя яе памежныя тэрыторыі былі перададзены ў склад рымскай правінцыі Сірыя.

Сам Арыстобул быў высланы ў Рым.

Гіркан у 63–40 гг. да н.э. заставаўся першасвятаром і адначасова этнархам, залежным, аднак, ад Рыма. Ён быў слабым чалавекам, і ягонаму вяльможы, ідумеяніну Антыпатру, удавалася аказваць на яго ўсё большы уплыў. Рымляне прызначылі Антыпатра пракуратарам Юдэі (пад уладаю Гіркана), і ён таксама дамогся для сваіх сыноў Фазаіла і Ірада высокіх пасадаў: Фазаіл стаў кіраўніком Ерузалема, а Ірад — губернатарам (тэтрархам) Галілеі на поўначы.

Ірад быў спрытным дыпламатам і добрым прамоўцам. Ён меў мужнасць, кемлівасць і сілу волі і разам з тым быў чалавекам славалюбным і крывадушным. У сваім прагненні ўлады Ірад не цураўся ніякіх сродкаў. Сотні людзей, і сярод іх яго бліжэйшыя родзічы, сталі ахвярамі яго вераломства і хваравітай падазронасці, якая асабліва ўзмацнілася ў ім бліжэй да канца жыцця.

Працяг ТУТ>>>

Абноўлена 22.05.2019 07:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа