Пошук

21.05.2019 17:57   Тэкст: Дзмітрый Сяргун / Catholic.by

Працягваем віртуальнае падарожжа да вытокаў нашай веры і знаёмства з гісторыяй і геаграфіяй, а таксама асаблівасцямі штодзённага жыцця на Святой Зямлі часоў Езуса Хрыста.

Кароль Ірад І Вялікі. wikipedia.org

Працяг. Пачатак ТУТ>>>

Кароль Ірад: крывавы шлях да ўлады

Сваю палітычную дзейнасць Ірад пачаў з наступнага. Калі ў 48 г. да н.э. у Галілеі выбухнула антырымскае паўстанне, ён задушыў яго і пакараў смерцю ўсіх яго ўдзельнікаў, захопленых у палон, без згоды караля Гіркана і судовага органа Сінэдрыёна, чым засведчыў адданасць Рыму, атрымаў падзяку рымскага намесніка ў Сірыі і заслужыў нянавісць габрэяў.

У 40 г. да н.э., калі памёр Гіркан, Антыгону, сыну Арыстобула II, пры падтрымцы парфянаў, якія ўварваліся ў Палестыну, удалося заняць трон. Антыпатра ў той час ужо не было, Фазаіл скончыў жыццё самазабойствам у палоне, а Ірад, ратуючыся, адплыў на караблі ў Рым.

У Рыме Ірад быў прызначаны каралём Юдэі і вярнуўся ў Галілею, дзе пачаў збіраць наёмнае войска.

Тым часам рымляне разбілі парфянаў і далучылі да арміі Ірада 11 легіёнаў. Ён вырушыў на Ерузалем, які быў узяты ў 37 г. да н.э. 45 бліжэйшых памочнікаў Антыгона былі пакараныя смерцю, а сам былы кароль, апошні прадстаўнік дынастыі Хасманэяў, адвезены ў сталіцу рымскай Сірыі, Антыёхію, і там па загадзе аднаго з рымскіх трыумвіраў Марка Антонія пры пасрэдніцтве Ірада пакараны смерцю як вораг рымскага народа.

Кіраванне Ірада: падтрымка Рыма і нянавісць народа

У 31 г. да н.э. падчас грамадзянскай вайны ў Рыме загінуў абаронца Ірада трыумвір Марк Антоній, а яго пераможца Актавіян Аўгуст быў абвешчаны першым рымскім імператарам. Тады ж у Юдэю ўварваліся паўднёвыя плямёны, а Ерузалем скалануў магутны землятрус, падчас якога загінула 30 тысяч чалавек. Ірад накіраваўся да новага рымскага валадара на в. Родас і праніклівай прамовай заваяваў давер Актавіяна Аўгуста, які нават пашырыў тэрыторыю Юдэйскага каралеўства.

Вярнуўшыся, Ірад распачаў у Юдэі грандыёзнае будаўніцтва, прысвячаючы імператару ўсё новыя гмахі. Горад Самарыя, у якім узвялі мноства велічных будынкаў, у тым ліку і храм Аўгуста, быў перайменаваны ў Себастыю, што азначае на грэчаскай мове імператарскі тытул. За 12 гадоў на беразе Міжземнага мора быў пабудаваны порт Цэзарэя Прыморская.

Ерузалем і храм Ірада, рэканструкцыя — Джэймс Цісо, 1886, www.brooklynmuseum.org
Ерузалем і храм Ірада, рэканструкцыя — Джэймс Цісо, 1886, www.brooklynmuseum.org

Самыя ж раскошныя будынкі ўпрыгожылі сталіцу Ерузалем. Распачалася маштабная рэканструкцыя Ерузалемскай святыні, якая працягвалася 9 гадоў.

На пагорку Святыні паўстала магутная крэпасць, якую назвалі Антоніяй. У паўночна-заходняй частцы горада пабудавалі ўмацаваны палац караля і насадзілі велічныя сады. На поўначы Ерузалема ўзвялі амфітэатр, дзе раз у чатыры гады ў гонар імператара праводзілі міжнародныя гладыятарскія баі, спаборніцтвы барцоў і гімнастаў, гонкі на калясніцах.

Перайманне каралём грэчаскіх і рымскіх язычніцкіх звычаяў, традыцый і культуры, ушанаванне імператара выклікала незадаволенасць габрэяў, а ўзвядзенне на франтоне святыні рымскага арла — герба імперыі — усеагульнае абурэнне.

Некалькі разоў на Ірада рабілі беспаспяховыя замахі.

Крывавы канец кіравання Ірада

У апошнія гады свайго кіравання Ірад адзначаўся асаблівай падазронасцю, помслівасцю і жорсткасцю. Раней знішчыўшы ўсіх прадстаўнікоў былой каралеўскай дынастыі Хасманэяў і нават тых, хто з ім супрацоўнічаў, цяпер ён пачаў падазраваць у змовах сваё бліжэйшае акружэнне, уключаючы родзічаў.

Ён загадаў забіць сваю жонку Марыямну (усяго Ірад меў 10 жонак і 14 дзяцей), а таксама сыноў ад Марыямны — Арыстобула і Аляксандра (былі павешаныя ў Самарыі ў 7 г. да н.э.). За пяць дзён да смерці Ірад загадаў забіць таксама свайго сына Антыпатра.

На канец валадарання Ірада прыпадае нараджэнне Езуса Хрыста і забіццё немаўлят у Бэтлееме.

Забіццё немаўлят — Себасцьян Бурдон, 1640.

Памёр Ірад Вялікі ў 4 г. да н.э.

Працяг ТУТ>>>

Абноўлена 31.05.2019 11:23
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа