Пошук

01.06.2019 14:14   Дзмітрый Сяргун / Catholic.by
Выява з www.pravoslavie.ru

Сёння мы завяршаем невялікае віртуальнае падарожжа да вытокаў нашай веры і знаёмства з гісторыяй і геаграфіяй, а таксама асаблівасцямі штодзённага жыцця на Святой Зямлі часоў Езуса Хрыста.

Заканчэнне. Пачатак ТУТ>>>

Святыня — цэнтр рэлігійнага жыцця

Рэканструкцыя ў мініацюры святыні часоў Саламона. Фота: www.liliya-travel.ru

Цэнтральным месцам рэлігійнага жыцця і культу юдэяў была Ерузалемская святыня. Першую святыню пабудаваў на гары Морыя, альбо Сіён, кароль Саламон. Святыня была ўзведзена на тым месцы, якое Пан Бог праз прарока Натана ўказаў ягонаму бацьку, каралю Давіду для захоўвання Каўчэгу Запавету. Толькі ў святыні ў Ерузалеме дазвалялася прыносіць ахвяры Богу.

Усе юдэі-мужчыны, пачынаючы з 12-гадовага ўзросту, былі абавязаны наведваць святыню тройчы ў год — на Песах (Пасху), Шавуот (Пяцідзясятніцу) і Сукот.

У святыні засядаў вышэйшы судовы орган габрэяў — Сінэдрыён, там захоўвалася казна і харчовая дзесяціна.

Пасля заваявання Юдэі Бабілёнам у 587 г. да н.э. святыня Саламона была разбурана. Яе аднаўленне распачалося праз 70 гадоў Бабілёнскага палону, аднак другой святыні не ўдалося вярнуць велічы і прыгажосці папярэдняй.

Ерузалемская святыня часоў Хрыста

Выява з freebibleimages.org

Каб здабыць прыхільнасць юдэяў, Ірад Вялікі пачаў поўную перабудову святыні, імкнучыся надаць ёй нечуванае раней хараство. Святыню па частках зносілі і ўзводзілі нанава, захоўваючы яе плошчу, але павялічваючы вышыню. Пры гэтым штодзённыя ахвярапрынашэнні і малітва не перарываліся.

У новым збудаванні двары размяшчаліся адзін над адным тэрасападобна, а над усім гэтым узвышаўся будынак святыні. Сама святыня і яе двары былі абнесеныя магутнымі мурамі, аснова якіх часткова захавалася ў выглядзе т.зв. «Сцяны плачу».

Сцяна плачу. Фота wikiway.com

З заходняга боку знаходзілася галоўная ўваходная брама, праз якую наведвальнікі спачатку траплялі ў знешні двор, які таксама называлі «двор язычнікаў», — вялікую плошчу, што па перыметры была абнесена калонамі. На ўсходнім баку знаходзіўся «порцік Саламона», на паўднёвым — «каралеўскі порцік».

У адным з гэтых порцікаў 12-гадовы Езус сядзеў сярод настаўнікаў, задаючы ім пытанні (гл. Лк 2, 41–50).

На паўднёва-ўсходнім баку комплекс святыні завяршала магутная крэпасць Барыс. У часы Макабэяў яна была адноўлена, а ў часы Ірада Вялікага ўмацавана і перайменавана ў Антонію. Ад плошчы святыні да крэпасці вялі прыступкі.

Хто мог трапіць у святыню?

Пасярод двору язычнікаў на ўзвышэнні размяшчаўся ўласна комплекс святыні, абнесены нізкай сцяной. Тут на калонах знаходзіліся дошкі з надпісамі, якія забаранялі неюдэям пад пагрозай смерці праходзіць далей. Лесвіца з дванаццаці прыступак вяла наверх, і наведвальнікі маглі трапіць усярэдзіну праз дзевяць брамаў, чатыры з якіх выходзілі на поўнач, чатыры на поўдзень і адна на ўсход. Гэтая апошняя, «Прыгожая брама» была самай раскошнай. Праз яе можна было трапіць на бабінец, або «двор жанчын».

Кругавая лесвіца з 15 прыступак вяла далей, на «двор ізраільцянаў», куды жанчынам уваходу не было.

Магчыма, на гэтай лесвіцы праведніца Ганна і прарок Сімяон сустрэлі Езуса і Яго бацькоў падчас ахвяравання (гл. Лк 2, 22–38).

Двор ізраільцянаў быў аддзелены земляным насыпам ад «двара святароў», дзе знаходзіўся ахвярнік усеспалення і мядзянае «мора» — вялізная ўмывальня.

Ад ахвярніка да прытвора святыні вялі 12 прыступак. З гэтай лесвіцы святары благаслаўлялі народ. Да прытвора прымыкалі Святое і Святое Святых.

Паміж імі вісела заслона, якая ў момант смерці Езуса разарвалася на дзве часткі (гл. Лк 23, 45).

Святое — асноўнае памяшканне святыні, у якой адбываліся ахвярапрынашэнні. Там знаходзіліся Менора — сямісвечнік, стол ахвярных хлябоў і ахвярнік каджэнняў.

У Святое Святых дазвалялася заходзіць толькі першасвятару і толькі раз на год — у свята Йом Кіпур (Суднага Дня). Там знаходзіўся Каўчэг Запавету, які, паводле юдэйскага падання, быў змешчаны над краевугольным каменем, з якога Бог пачаў стварэнне свету.

Менавіта ў гэты гістарычны момант на палестынскай зямлі Слова сталася Целам, каб назаўсёды змяніць лёс усяго чалавецтва.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця