Пошук

12.04.2019 15:00   Пераклад: Ганна Шакель / Фота: pixabay.com / Catholic.by

Партал Catholic.by працягвае публікацыю анлайн рэкалекцый, якія кожны можа прайсці разам з намі падчас Вялікага посту.

Працяг. Пачатак ТУТ>>>

Сёння мы задумаемся, што азначае быць сябрам Езуса і ісці Яго шляхам. Гэта шлях перамяняльны, які Езуса прывёў на Крыж.

Калі мы кагосьці па-сапраўднаму любім, то імкнемся быць з ім побач у добрыя хвіліны і цяжкія. Пачуем жа заклік Хрыста ісці з Ім на Кальварыю і ў хвалу.

Супакой

  • Пачнём з выдыхання ўсяго, што перашкаджае давяраць Езусу і Яго любові. Выдыхнем наш страх перад болем, цярпеннем і барацьбой, наша супраціўленне перад выйсцем на шлях з нашых маленькіх утульных закуткоў.
  • Удыхнем нашыя надзеі, тугу па літасці і любові. Якімі б крохкімі мы ні былі, мы дыхаем з даверам, ва ўпэўненасці ў нашым любячым Богу і ў моцы Духа, які ззяе скрозь нашую слабасць.

Разважанне

  • У адгартацыі Evangelii Gaudium («Радасць Евангелля») папа Францішак піша: «Божы Сын, стаўшы целам, паклікаў нас да ўдзелу ў рэвалюцыі пяшчоты». Усё, што Езус сказаў і зрабіў на зямлі, было дзеля таго, каб паказаць нам, наколькі мы любімыя, незалежна ад нашых грахоў. Гэта любоў перамагла свет. Тым не менш, нашыя ўласныя слабасці, што мы носім у сабе, а таксама палітычныя і сацыяльныя сістэмы, у якіх мы жывем, замацоўваюць эгаізм і несправядлівасць.
  • Святы Ігнацый запрашае быць побач з Езусам, гледзячы на Яго ў евангельскіх сцэнах і адчуваючы рэакцыю ў сваім сэрцы, якая будзе адлюстраваннем паводзінаў іншых людзей у гэтым урыўку. Ён дакранаецца да нашых ранаў адначасова з ранамі пракажонага, Ён спачувае нашай няўпэўненасці і страху ў жанчыне з крывацёкам.
  • Маліцеся такім чынам, каб быць там, дзе ёсць Езус, бачыць і адчуваць тое, што Ён, і дзейнічаць так, як Ён. Пытанне перад намі адно: як зрабіць гэты выбар — пайсці за Ім.

Прачытаем цяпер радкі з Евангелля паводле Марка (Мк 1, 40-42)

Вось прыйшоў да Яго пракажоны і, упаўшы на калені, прасіў Яго, кажучы: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць». Злітаваўшыся над ім, Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў яму: «Хачу, будзь ачышчаны!» І адразу сышла з яго праказа, і ён стаў чысты.

Размова

  • Заўважце, што гэта размова паміж дзвюма асобамі: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць. — Хачу, будзь ачышчаны!» Езус кажа гэта кожнаму з нас. А праз нас Ён кажа гэта свету. Што вы адчуваеце, будучы ачышчанымі і, у сваю чаргу, пакліканымі стаць тым, хто ачышчае?
  • У час пакуты ў Гетсэманіі Езус прасіў сваіх сяброў застацца побач не толькі ў фізічным сэнсе, але духам трываць разам з Ім. Страх і недахоп даверу прымусіў іх збегчы. Што вам хочацца сказаць Езусу, калі Ён паказвае сваю любоў, добраахвотна ідучы на крыж?
  • Мэры Вард зразумела, што значыць быць вызваленай ад неўпарадкаваных прыхільнасцяў. Яна назвала гэта станам «неверагоднай свабоды» ад любога жадання прыляпіцца да нечага, акрамя Бога. Святы Павел піша ў Пасланні да Галатаў: «Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус. Таму трывайце і не паддавайцеся ярму няволі». А вы ці ўсведамляеце сваю патрэбу ў вызваленні, якое можа даць Езус? Паразмаўляйце з Ім аб гэтым на завяршэнне малітвы.

Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by

Працяг ТУТ>>>

Абноўлена 19.04.2019 15:30
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця