Пошук

19.04.2019 15:00   Пераклад: Яўген Амасёнак / Catholic.by
Святы Ігнацый Лаёла завяршае свой шлях пілігрыма каля стопаў Хрыста.

У Вялікую пятніцу партал Catholic.by завяршае публікацыю анлайн рэкалекцый — шляху медытацыі і малітвы, якім мы разам з вамі і з нашымі святымі спадарожнікамі — Ігнацыем Лаёлам і Мэры Вард — ішлі на працягу гэтага Вялікага посту.

Заканчэнне. Пачатак ТУТ>>>

Сённяшняя малітва запрашае нас звярнуцца да Бога з просьбай аб атрыманні дару ўдзячнасці. Аднак спачатку нам трэба добра ўсвядоміць, што Бог не патрабуе ад нас нейкага надзвычайнага праслаўлення і падзякі як неабходнай умовы для благаслаўлення.

Удзячнасць — гэта, перш за ўсё, дар ад Бога, які штодня ўваскрашае нашае жыццё ў Езусе Хрысце.

Супакой

  • Распачынаем нашу малітву просьбай аб супакоі. Прыслухайцеся да ўсіх навакольных гукаў і дазвольце ім паволі знікаць, пакуль не адчуеце ўласнае дыханне і тое, што ваша цела разнявольваецца і супакойвацца.
  • Даверце Богу сваю напружанасць і хваляванне на гэты час малітвы.

Разважанне

  • Праваслаўная іканаграфія, адлюстроўваючы сыход Езуса ў адхлань, выкарыстоўвае вобраз Бога, які прарываецца скрозь брамы пекла, зрываючы замкі і кайданы, каб выцягнуць з цемры смерці Адама і Еву. Ланцугі сімвалізуюць шкодныя і небяспечныя адносіны, а таксама мадэлі мыслення і паводзіны, якім мы можам дазволіць сябе звязаць. Яны з’яўляюцца смяротнымі ў тым выпадку, калі пераконваюць нас у тым, што з іх няма выйсця.
Фота pixabay.com

Запрашаем да разважання над урыўкам Евангелля паводле Яна (Ян 15, 9-17)

Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові. Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай. Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх. Вы сябры Мае, калі робіце тое, што Я наказваю вам. Я ўжо не называю вас слугамі, бо слуга не ведае, што робіць ягоны гаспадар. Я ж назваў сябрамі вас,бо ўсё, што чуў ад Айца Майго, Я сказаў вам. Не вы Мяне выбралі, але Я выбраў вас і прызначыў, каб вы ішлі і прыносілі плён, і каб плён ваш трываў. Каб Айцец даў вам тое, чаго толькі папросіце ў імя Маё. Гэта наказваю вам, каб вы любілі адзін аднаго.

  • Самастойна, абапіраючыся выключна на ўласныя сілы, мы ніколі не зможам дасягнуць збаўлення. Толькі любоў і ласка Езуса здольныя нас збавіць. Гэта Хрыстус з’яўляецца для нас тым Вызваліцелем, які дасягае пабудаваных намі ж для саміх сябе магіл, каб выцягнуць нас. Аднак гэта працэс даўжынёй у жыццё, якi засноўваецца на поўным даверы да Божай любові а таксама на вызваленні ад усяго, што пазбаўляе нас свабоды і перашкаджае ахвяраваць сваё жыццё сапраўднаму служэнню Пану.
  • Святы Ігнацый вучыць, што пакора — гэта ключ да пазнання Божай ласкі ў нашым жыцці. Таму так важна навучыцца ўспрымаць ласку як Божы дар, а не як тое, што належыць нам самім. Сэрцам пакоры з’яўляецца ўдзячнасць, а не празмерная патрабавальнасць да сябе. Распазнанне ўсіх нашых здольнасцяў і талентаў як Божых дароў заахвочвае нас дарэшты прысвяціць сябе служэнню Богу.
  • Паразважайце над дарамі і талентамі, якімі Бог надзяліў вас. За што вы найбольш удзячныя Яму?
  • Падумайце таксама аб тым, што яны дадзены вам для пашырэння Божага Валадарства, якое абвясціў Хрыстус. Вы чуеце запрашэнне Бога прысвяціць сваё жыццё Валадарству? Якія прагненні нараджаюцца ў вашых думках у адказ на Яго заклік? Адкрыйце іх перад Богам у шчырай размове на завяршэнне малітвы.

Заканчэнне

Падчас гэтых незвычайных дзён духоўнай пілігрымкі ў суправаджэнні св. Ігнацыя і Мэры Вард мы навучыліся ўспрымаць сябе як неад’емную частку Божага стварэння. Мы жывем ва ўзаемаадносінах са светам, які Бог стварыў дзеля нашага дабра.

Фота pixabay.com

Больш за тое, мы запрошаныя палюбіць Езуса як свайго найдаражэйшага сябра і брата. У люстэрку Яго любячага позірку мы бачым саміх сябе такімі, якімі мы ёсць: грэшнікамі, так, але прабачанымі грэшнікамі.

У нашым сумесным падарожжы з Езусам мы бачылі аздараўленні, якія Ён здзяйсняе, пачулі прапанову далучыцца да Яго служэння.

Кожны з нас пакліканы абвяшчаць Божае Валадарства, каб змяніць свет. Акрамя таго, мы былі сведкамі, як Езус ідзе на Крыж, каб пацвердзіць сваю любоў да нас, нягледзячы на страшэнныя пакуты. Крыж Хрыста стаў для нас крыніцай жыцця ў хвале ўваскрасення, якой мы штодня можам дзяліцца з іншымі.

Няхай упэўненасць у сіле збаўчых падзей, якія неўзабаве будзем разам перажываць, умацоўвае нашу веру, каб з адвагай і перакананнем сведчыць аб бясконцай Божай любові ўсяму свету.

Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by

Абноўлена 19.04.2019 15:26
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця