У Папяльцовую сераду партал Catholic.by распачынае публікацыю анлайн рэкалекцый, якія кожны можа прайсці разам з намі на працягу Вялікага посту.
Уводзіны
Вітаем вас на велікапосных рэкалекцыях анлайн і прапануем у цішыні і малітве крок за крокам паразважаць над сваім жыццём і адносінамі з Богам і людзьмі. Нашымі спадарожнікамі на гэтым шляху сёлета стануць святы Ігнацый Лаёла і святая Мэры Вард: іспанец XVI стагоддзя і англічанка XVII стагоддзя.
Як Ігнацыя, так і Мэры часта малююць на абразах у дарозе, у вопратцы пілігрымаў.
Езус таксама пілігрымаваў у Ерузалем са сваёй сям’ёй і сябрамі. Магчыма, яны разам спявалі псальмы па дарозе, як і тады, калі вырушылі з Вячэрніка на Аліўную гару (гл. Мц 26, 30).
Напрыклад, адзін з псальмаў кажа: «Шчаслівы чалавек, сіла якога ў Табе, сцежкі ў сэрцы якога скіраваны да Цябе» (Пс 84 (83), 6). Трэці раздзел Кнігі Быцця гаворыць пра Бога, які хадзіў па Райскім садзе з Адамам і Евай падчас прахалоды.
Рэкалекцыі дапамагаюць нам пачынаць кожны дзень нанава, пазнаючы Бога, які прагне быць нашым спадарожнікам на жыццёвым шляху.
Падчас посту мы будзем мець асаблівую магчымасць далучыцца да Езуса і будаваць з Ім сяброўскія адносіны падчас Яго пілігрымкі ў Ерузалем — на крыж і ў вечную хвалу.
Спадзяемся, што матэрыялы для малітвы, прадстаўленыя ў гэтых рэкалекцыях, дапамогуць вашай сустрэчы з Богам, якая пераменіць вас і дапаможа шукаць і знаходзіць Божую прысутнасць у штодзённым жыцці.
Не мае значэння, наколькі дасведчаныя вы ў малітве. Магчыма, гэта вашая першая спроба звярнуць на яе ўвагу і пачаць рэгулярнае малітоўнае жыццё. Св. Ігнацый вучыць нас, што малітва не з’яўляецца нейкім таямнічым навыкам, дасяжным толькі выбраным і святым людзям.
Туга па Богу — частка нашай ДНК як людзей, створаных паводле вобразу Божага, і гэтая туга кліча нас да малітвы, да прабывання з Богам сам-насам.
Нам дадзена як магчымасць маліцца, так і здольнасць адчуваць, уяўляць і хацець, якія разам дапамогуць нам развіваць сяброўства з Езусам. Рэкалекцыі запрашаюць нас маліцца так, як мы можам, а не так, як не можам. Містык XIV стагоддзя англійская пустэльніца Юліяна з Норвіча кажа, што Бог удзячны, калі мы памятаем пра Яго. Нават калі для нас нашая малітва выглядае мізэрнай і рассеянай, Бог шчаслівы, калі мы прынамсі паказваемся, і благаслаўляе нас нечаканымі ласкамі.
На гэтым уступным этапе вырашыце для сябе пытанні з часам, месцам і працягласцю малітвы.
Тэксты разлічаны на 15–20 хвілін, але варта дадаць пэўны час на падрыхтоўку, уласныя разважанні або прабыванне ў цішыні пасля малітвы.
Важна таксама падумаць, з якім намерам вы распачынаеце шлях рэкалекцый. Якія дары і ласкі хочаце папрасіць у Бога? Узгадвайце пра іх перад кожнай малітвай. Можа стацца, Бог захоча даць вам не (толькі) тое, што вы просіце, але штосьці іншае. Цалкам магчыма, што за час пілігрымкі зменяцца і вашыя інтэнцыі.
На пачатку проста ўсвядомім сабе, што Бог запрашае нас сустрэцца з Ім на шляху, які ляжыць перад намі, і што поруч будуць нябачна ісці ўсе тыя, хто ўдзельнічае ў гэтых рэкалекцыях па ўсім свеце.
Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by