Пошук

09.03.2019 09:37   Пераклад і адаптацыя: Тэрэса Клімовіч / Фота: pixabay.com / Catholic.by

Партал Catholic.by запрашае зрабіць першы крок у нашым супольным малітоўным падарожжы праз Вялікі пост шляхам св. Ігнацыя Лаёлы.

Працяг. Пачатак ТУТ>>>

Кніга св. Ігнацыя Лаёлы «Духоўныя практыкаванні» суправаджае нас на шляху ў кірунку духоўнай свабоды і аднаўлення аж да ахвярнай рашучасці стаць сябрам і вучнем Хрыста. Мы вучымся бачыць нашае жыццё і мэту існавання ў свеце з перспектывы непахіснай і бясконцай любові Бога да нас.

Мы вучымся ўзаемадзейнічаць з усім, што Бог стварыў, каб дапамагчы кожнаму з нас стаць найпраўдзівейшым, Богам дадзеным «я» — самім сабой.

Супакой

  • Пачнем малітву з усведамлення навакольнага, створанага Богам свету і свайго існавання ў ім. Звярніце ўвагу на дыханне, на дар жыцця вакол вас.
  • Езус прагне, каб мы Яго ўбачылі і наблізіліся да Яго. Адно толькі неабходна: быць адкрытымі на Яго прапанову. Калі ў сэрцы абуджаецца жаданне падысці бліжэй да Езуса — гэта знак таго, што ласка ўжо працуе ў нас. Аб чым вы б хацелі папрасіць у гэты момант? Назавіце сваё жаданне, аддайце яго Богу: не дзеля таго, каб паведаміць Яму аб тым, што Ён і так ведае, але каб распазнаць Божы дар, калі Ён дасць яго вам.
  • Святы Ігнацый заахвочвае нас глыбей уваходзіць у змест Святога Пісання праз нашыя пачуцці і ўсведамленне сваіх найглыбейшых жаданняў, праз здольнасць да ўяўлення і вобразнае «пагружэнне» ў евангельскую сцэну. Мы можам карыстацца сваімі цялеснымі адчуваннямі, каб адбылася непасрэдная перамяняльная сустрэча з Езусам, падчас якой мы можам гаварыць, прасіць і любіць Яго наўпрост. Нам блізка ўсё тое, што «было ад пачатку, што мы чулі пра Слова жыцця, што бачылі на свае вочы, на што глядзелі і да чаго дакраналіся нашыя рукі» (1 Ян 1, 1).
    Мы адкрываемся на бясконцы працэс пазнання Езуса, вучымся бачыць лепш гэты свет і рэагаваць на яго так, як Ён. Мы сутыкаемся тварам у твар з новымі спосабамі «пазнаваць Яго ўсё глыбей, любіць усё мацней, ісці за Ім усё бліжэй».
  • Ігнацый таксама заахвочвае нас звяртаць увагу на кірункі, у якіх вандруюць нашыя думкі і пачуцці, засяроджана прыслухоўвацца да ўнутраных рухаў у сэрцы і ісці за імі туды, куды яны вядуць нас.

Цяпер звернемся да Святога Пісання.

Божае Слова (Пс 139 (138), 1–14)

Пане, Ты выпрабаваў мяне і пазнаў,
Ты ведаеш, калі я сядаю і ўстаю.
Здалёк разумееш мае думкі,
Ці іду, ці адпачываю, Ты са мною,
і ўсе мае шляхі вядомыя Табе.
Яшчэ няма слова на маім языку,
а Ты, Пане, ужо ведаеш усё.
З усіх бакоў мяне ахінаеш, і кладзеш на мяне сваю руку.
Незвычайнае для мяне разуменне Тваё,
недасягальнае, не магу спасцігнуць яго.
Куды пайду ад Духа Твайго
і ад аблічча Твайго куды ўцяку?
Калі ўзыду на неба, Ты там;
калі спачну ў адхлані, Ты побач.
Калі вазьму крылы зараніцы
і перасялюся на ўскраіну мора,
нават там рука Твая мяне павядзе,
і Твая правіца будзе трымаць мяне.
Калі скажу я: Няхай змрок мяне накрые,
а святло навокал няхай зробіцца ноччу, —
нават змрок не будзе цёмным для Цябе,
а ноч будзе яснай, як дзень.
Бо Ты стварыў маё нутро
і выткаў мяне ва ўлонні маёй маці.
Слаўлю Цябе, бо я цудоўна створаны,
дзівосныя справы Твае.
Ты добра ведаеш маю душу.

Разважанне

  • Адным са спосабаў усвядоміць Божую прысутнасць з’яўляецца просьба аб дары ўбачыць сваё жыццё з Божага пункту гледжання. Божыя вочы, поўныя міласэрнасці і разумення, могуць даць нам зусім іншую перспектыву нашай рэчаіснасці. Некаторыя рэчы, якія мелі велізарнае значэнне для нас, могуць сціснуцца ў памерах, а ўсё, што мы перабольшвалі, набудзе свае рэальныя прапорцыі.
  • Прачытайце псальм 139 (138) яшчэ раз і паназірайце, як вы рэагуеце на Бога, які шукае вас, ведае ўздоўж і ўпоперак і любіць усе рысачкі той асобы, якой вы ёсць.

Нішто не можа адлучыць нас ад любові нашага Стварыцеля. Ніякі змрок унутры нас не застаецца цёмным для Бога.

  • Што вы адчуваеце, разважаючы аб гэтым?

Размова

  • Ігнацый кажа, што ўдзячнасць — гэта аснова ўсведамлення сябе ў Божай прысутнасці. Цяпер адпаведны момант для таго, каб сказаць Яму «дзякуй» за сваё існаванне.
  • Магчыма, вы саромеецеся адкрыць пэўныя рэчы любячаму Божаму позірку. Што ў вашым жыцці перашкаджае адчуваць удзячнасць за яго?
  • Станоўчымі і адмоўнымі думкамі і пачуццямі падзяліцеся з вашым Стварыцелем, называючы па імені ўсё, што вы адчуваеце і за што хацелі б памаліцца, перапрасіць або падзякаваць Богу.

Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by

Працяг ТУТ>>>

Абноўлена 22.03.2019 10:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа