Партал Catholic.by працягвае публікацыю анлайн рэкалекцый, якія кожны можа прайсці разам з намі падчас Вялікага посту.
У нашай велікапоснай пілігрымцы нас суправаджае св. Ігнацый Лаёла — чалавек палкай шчодрасці і цеплыні, які называў сябе пілігрымам. Яго «Духоўнымі практыкаваннямі» карыстаюцца самыя розныя людзі, якія шукаюць сапраўднай асабістай лучнасці з Езусам.
Святы Ігнацый дапамагае нам наблізіцца да Бога, які хоча з намі сустрэцца, дзе б мы ні былі.
Таксама мы вучымся адрозніваць у сабе рухі, якія аддаляюць нас ад Бога ці прымушаюць збочваць з Яго шляхоў.
Супакой
- Карысна пачаць з супакойвання цела і розуму. Паспрабуйце адпусціць напружанне, якое маеце ў сабе. Седзячы ў выгоднай паставе або шпацыруючы нетаропка, разнявольвайце кожную частку цела, у якой адчуваеце напружанасць.
- Усвядомце сваё глыбокае жаданне правесці час у Божай прысутнасці, прынесці Богу ўсе свае надзеі, трывогі і мары.
Цяпер паслухайце словы Езуса з Евангелля паводле Мацвея.
Божае Слова (Мц 11, 28–30)
Прыйдзіце да Мяне, усе спрацаваныя і абцяжараныя, і Я супакою вас. Вазьміце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам, і знойдзеце спакой для сваіх душаў. Бо ярмо Маё прыемнае, і цяжар Мой лёгкі.
Разважанне
- Звярніце ўвагу на свае пачуцці, якія ўзніклі падчас чытання. Магчыма, вы адчуваеце стомленасць і патрэбу скінуць цяжар, які несяце? Ці можаце перадаць яго Езусу прынамсі на некаторы час?
- Ярмо дапамагае жывёлам перамяшчаць груз, але Езус кажа, што Ягонае ярмо лёгкае і прыемнае. Як Яго словы ўплываюць на вас?
- Другая наша спадарожніца — Мэры Вард, каталічка, якая жыла ў Англіі ў XVII стагоддзі падчас пераследу католікаў. Яе адзіным духоўным кіраўніком была кніжка пад назвай «Духоўная бітва», што вайсковай мовай апісвала стратэгіі, дзякуючы якім можна было дасягнуць духоўнай дасканаласці. У ёй сцвярджалася, што ў бойцы са злом мы павінны «змагацца, альбо памерці». Для Мэры прапанаваныя ў кнізе практыкі былі цяжарам, які выклікаў неспакой і самакрытыку.
Святая знайшла свой шлях да ласкавага Бога, вырашыўшы: «Я буду выконваць гэтыя рэчы ў любові і свабодзе альбо зусім іх пакіну».
- Для Божага спосабу адносінаў з намі больш характэрная любоў і свабода, чым страх і самабічаванне. І св. Ігнацый, і св. Марыя вучаць нас, што нашы думкі і ўяўленні, а таксама пачуцці, якія яны выклікаюць, могуць прывесці бліжэй да Бога ці аддаліць ад Яго.
Калі штосьці ўзбагачае нашу веру, надзею і любоў, то, верагодна, яно прыйшло ад Бога. Калі штосьці, нават само па сабе добрае, памяншае нашу веру, надзею і любоў, — мы не на Божым шляху.
Трэба вучыцца любіць і прымаць сябе так, як Бог любіць нас.
Размова
- Езус кажа пра стомленасць. Калі вы стомленыя целам, розумам ці духам, крыніцай гэтай стомленасці могуць быць як знешнія абставіны, так і абраны лад жыцця. Ці адчуваеце ў сабе жаданне ўзрастаць ва ўнутранай свабодзе?
- Наш цяжар лёгкі, таму што Езус усклаў яго на сябе замест нас на Крыжы. Як бы вы хацелі адказаць на Яго жаданне несці ваш цяжар?
- Паколькі час малітвы заканчваецца, прысвяціце апошнія хвіліны ўласным разважанням і падзяліцеся сваімі думкамі і перажываннямі з Езусам.
Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by