Пошук

22.03.2019 17:54   Пераклад і адаптацыя: Яўген Амасёнак / Фота: pixabay.com / Catholic.by

Партал Catholic.by працягвае публікацыю анлайн рэкалекцый, якія кожны можа прайсці разам з намі падчас Вялікага посту.

Працяг. Пачатак ТУТ>>>

На пачатковым этапе ігнацыянскіх рэкалекцый важна зрабіць усё магчымае, каб убачыць дабро, якое ёсць ва ўсім стварэнні, у самім сабе і ў іншых. Распачынаем сённяшнюю малітву з традыцыйнага запрашэння ўвайсці ў цішыню.

Супакой

  • Спачатку прыслухайцеся да ўсіх навакольных гукаў, якія толькі здолееце пачуць. Потым паспрабуйце сканцэнтравацца на тых гуках, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай вас саміх: дыханні, біцці сэрца альбо на кроках, калі вы знаходзіцеся ў дарозе.
  • Дазвольце сабе расслабіцца і дасягнуць унутранага спакою, вяртаючыся зноў і зноў да гэтага стану, калі думкі пачынаюць разбягацца.

Цяпер звернемся да ўрыўку з «Духоўных практыкаванняў» св. Ігнацыя Лаёлы, апрацаваных а. Дэвідам Флемінгам SІ.

«Мэта нашага жыцця — жыць з Богам цяпер і навекі <…>

Усе рэчы ў гэтым свеце з’яўляюцца Божымі дарамі, дадзенымі нам, каб праз іх мы маглі пазнаваць Бога лягчэй і аддзячваць любоўю ахвотней. <…> Мы шануем і выкарыстоўваем усе Божыя дары ў той ступені, у якой яны дапамагаюць нам развівацца як любячым асобам.

Аднак, калі хоць нешта з гэтых дароў становіцца цэнтрам нашага жыцця, то падмяняе сабой Бога і тым самым перашкаджае нашаму руху ў кірунку мэты.

<…> Усё мае патэнцыял выклікаць у нас глыбейшую згоду жыць з Богам. Адзіным нашым жаданнем і выбарам павінна быць наступнае: я хачу і я выбіраю тое, што найлепшым чынам вядзе да паглыблення Божага жыцця ўва мне».

Разважанне

  • Кожны з нас запрошаны на сустрэчу з Богам, які з бязмернай прыхільнасцю адносіцца да ўсяго, што з’яўляецца ў нас сапраўдным, і заахвочвае, каб і мы добразычліва адносіліся да саміх сябе і ўсяго свету.
  • Якія аспекты Божага стварэння вы ўспрымаеце як асаблівы дар? Паспрабуйце ўбачыць, дакрануцца, прыслухацца, пакаштаваць і адчуць іх у сваім уяўленні. Заставайцеся з імі некаторы час з удзячнасцю і асалодай…
  • Важна, як мы адчуваем сябе ў целе і ў нашай рэчаіснасці. Бо менавіта праз цялесныя сустрэчы са стварэннем мы сутыкаемся з нашым любячым Стварыцелем, які прысутнічае ў ім. Ідалапаклонства — гэта не толькі пакланенне язычніцкім багам, але і стан, у які мы трапляем, калі ставім на месца Бога тое, што па-сапраўднаму належыць Яму.
  • Спытайцеся ў сябе, ці штосьці не замяніла вам Бога ў цэнтры вашага жыцця.

Размовa

  • Святы Ігнацый запрашае нас да ўзрастання ў свабодзе, не прапануючы нам адзінага ў сваім родзе шляху да Бога. Мы просім Пана дапамагчы нам трываць у добрых намерах і адкінуць усіх фальшывых ідалаў, якіх мы часта робім падмуркам свайго жыцця. Па магчымасці, знайдзіце або прыгадайце словы, верш ці песню, якія адлюстроўваюць вашу ўдзячнасць за дар стварэння.
  • Што для вас азначае «выбіраць жыццё»? Анры Нувэн, каталіцкі пісьменнік, адзначаў: «„Выберы жыццё“ (гл. Дрг 30, 19) — гэта Божы заклік да нас, наш пастаянны выбар. Жыццё і смерць заўсёды перад намі: у нашым уяўленні, у думках, словах, жэстах, дзеяннях... нават у нашай бяздзейнасці. Гэты выбар на карысць жыцця пачынаецца глыбока ўнутры. Самае важнае пытанне не „Ці забіваю?“, але „Што я нашу ў сэрцы: благаслаўленне ці праклён?“. Куля, якая забівае, — толькі канчатковая прылада нянавісці, вынашанай у сэрцы задоўга да таго, як быў узяты ў рукі пісталет».

Скажыце Богу аб вашых самых глыбокіх прагненнях, якія датычацца вашага жыцця і ўсяго свету.

  • Час малітвы падыходзіць да завяршэння. Магчыма, вы адчуваеце жаданне большай унутранай свабоды альбо горыч з-за памераў шкоды, нанесенай стварэнню, альбо трывогу за блізкіх вам людзей, якіх спаткала няшчасце. Паразмаўляйце аб усім з Богам, як сябра з сябрам.

Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by

Працяг ТУТ>>>

Абноўлена 29.03.2019 14:15
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.