Пошук

29.03.2019 15:15   Пераклад: Вераніка Грушэўская / Фота: pixabay.com / Catholic.by

Партал Catholic.by працягвае публікацыю анлайн рэкалекцый, якія кожны можа прайсці разам з намі падчас Вялікага посту.

Працяг. Пачатак ТУТ>>>

Мы знаходзім сваю тоеснасць у адносінах з Богам.

Бог ведае і любіць нас больш, чым мы самі можам ведаць ці любіць сябе. У сённяшняй малітве Бог запрашае дазволіць Яму расказаць нам, хто мы такія.

Бог глядзіць на ўсё, што Ён стварыў у нас, і лічыць гэта вельмі добрым.

Супакой

  • На пачатку малітвы паразважайце над тым, што вы «несяце» ў сваім целе, у думках і ва ўспамінах сённяшняга дня. Падумайце, ці зможаце пакласці ўсё гэта да ног Езуса на гэты час, ведаючы, што Ён нясе кожны наш цяжар.

  • Дазвольце вашаму целу разняволіцца, а вашаму розуму адкласці свае надзённыя праблемы.

Разважанне

  • І св. Ігнацый, і Мэры Вард знайшлі Бога ў драматычныя перыяды свайго жыцця, але яны таксама сустрэлі «Бога штодзённасці», Бога дробязяў і звычайных аспектаў нашага чалавечага існавання. Паэт і езуіт Джэрард Мэнлі Хопкінс пісаў: «Я вітаю Яго ў тыя дні, калі сустракаюся з Ім, і благаслаўляю, калі разумею».

    Мы благаслаўляем, калі разумеем, але мы часта не заўважаем «Бога штодзённасці», таму што занадта занятыя пошукамі надзвычайнага.
    Развіццё сузіральнай адкрытасці для Бога, які прабывае ва ўсіх нашых перажываннях, дапамагае нам адчуць Ягоную прысутнасць.

  • У цяжкія моманты свайго жыцця Мэры Вард глядзела ў люстэрка, і яе перапаўняла адчуванне Божай хвалы. Божая хвала… Наўрад ці яе ў першую чаргу бачыць большасць з нас, гледзячы ў люстэрка, але св. Ірынэй Ліёнскі пісаў:

    «Хвала Бога — чалавек жывы, і жыццё чалавека — у сузіранні Бога».
    Што, на вашую думку, адчувае Бог, гледзячы на вас?

  • Вось што кажа прарок Ісая (пар. Іс 43, 1–5):

А цяпер так кажа Пан, які стварыў цябе, Якубе, і ўфармаваў цябе, Ізраэлю: «Не бойся, бо адкупіў Я цябе і назваў цябе імем тваім; ты — Мой.
Калі пойдзеш праз ваду, з табой буду, і рэкі не затопяць цябе; калі будзеш ісці праз агонь, не згарыш, і полымя не спаліць цябе, бо Я — Пан, Бог твой, Святы Ізраэля, твой Збаўца: Я даў Егіпет на адкупленне цябе, Этыёпію і Сабу — за цябе, бо дарагім стаўся ты ў вачах Маіх і слаўным, Я люблю цябе і дам людзей за цябе і народы — за душу тваю. Не бойся, бо Я з табою, ад усходу прывяду патомства тваё і з захаду збяру цябе».

  • Бог прамаўляе гэтыя словы да вас асабіста. Няма такіх чалавечых перажыванняў, добрых ці дрэнных, у якіх не было б Бога. Бог прагне, каб Яго знайшлі. Ці здаралася вам y апошні час асаблівым чынам дасведчыць прысутнасць любячага Бога? Вяртайцеся ў гэтыя моманты і адчуйце іх сапраўдную асалоду, наколькі гэта магчыма.

  • Калі цяпер вы перажываеце такі перыяд, што не адчуваеце прысутнасці Бога ў сваім жыцці, яшчэ раз паслухайце гэтыя словы: «Дарагім стаўся ты ў вачах Маіх і слаўным, Я люблю цябе».

    Ці чуеце, як Бог прамаўляе гэта праз вашыя цяжкасці?

Размова

  • Св. Ігнацый і Мэры Вард навучыліся адпускаць нават самыя запаветныя свае мары і дазваляць дзейнічаць Богу. Што вам найбольш складана адпусціць? Пра што, на вашую думку, марыць Бог для вас?

  • Св. Ігнацый заклікае нас да малітвы праз нашае цела і пачуцці. Паспрабуйце і вы так памаліцца і паназірайце, што адбываецца.

  • Магчыма, у вашым целе або ва ўспамінах ёсць боль, які вы носіце ў сабе.

    Св. Аўгустын піша, што хоць мы яшчэ не разумеем, чаго прагнем у Богу, само жаданне дае нам магчымасць атрымаць ласку, якую дае Бог.
    Якой ласкі вы прагнеце ў гэты момант? Папрасіце Бога аб ёй напрыканцы гэтай малітвы.

Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by

Працяг ТУТ>>>

Абноўлена 05.04.2019 22:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця