Пошук

05.04.2019 17:30   Пераклад: Вадзім Мікуліч / Catholic.by
Фота: pixabay.com

Партал Catholic.by працягвае публікацыю анлайн рэкалекцый, якія кожны можа прайсці разам з намі падчас Вялікага посту.

Працяг. Пачатак ТУТ>>>

Як Мэры Вард, так і св. Ігнацый Лаёла выявілі, што іх знаёмства з Езусам змяніла iх разуменне самiх сябе. Усе адносіны трансфармуюць нас нейкім чынам, а сяброўства з Езусам перамяняе найбольш, дапамагаючы нам узрастаць у любові і свабодзе.

Супакой

  • Перад тым, як сустрэцца з Езусам у сённяшняй малітве, папросім ласку засяроджанасці і спакою. У сваім уяўленні пакладзіце свае надзеі і жаданнi «перад вачыма», а ўсе нягоды i перашкоды пакiньце за сабой.
  • Засяродзьцеся на тым, што перад вамі, i дазвольце Духу Святому напоўніць усю вашу сутнасць.
Фота: pixabay.com

Разважанне

  • У Евангеллi мы бачым, як Пётр метадам спроб і памылак вучыцца пазбаўляцца ад прадузятасці і дрэнных схільнасцяў. Ён быў канчаткова аздароўлены, калі навучыўся прымаць сваю ўнутраную беднасць і тую непахісную любоў, якую дарыў яму Езус, нягледзячы ні на што. Мы чуем гэта ў Евангеллі паводле Лукі

Чытанне Евангелля паводле Лукі (Лк 5, 4–11)

Калі [Езус] скончыў гаварыць, сказаў Сымону: «Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову». Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі». Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі. І далі знак супольнікам, якія былі ў другім чоўне, каб прыйшлі дапамагчы ім. Тыя прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны так, што яны ледзь не танулі. Калі гэта ўбачыў Сымон Пётр, прыпаў да каленяў Езуса і сказаў: «Адыдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны». Ад такога ўлову рыбы вялікае здзіўленне ахапіла яго і ўсіх, хто быў з ім, а таксама Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэя, якія былі супольнікамі Сымона. Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей». А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.

Выява з newwineskins.net

  • У «Духоўных практыкаваннях» св. Ігнацый Лаёла піша, што самыя важныя якасці ў чалавека, які шукае Бога, — адкрытасць, шчодрасць і мужнасць. Мы просім Бога наблізіць нас да Езуса, каб з Яго дапамогай мы ўсімі магчымымі спосабамі імкнуліся адказаць на любоў, якая стварыла нас і цяпер няспынна ахінае адпаведным клопатам і ўвагай.
  • Магчыма, нашыя неўпарадкаваныя захапленні, замілаванні, гарачыя пачуцці, схільнасці да нейкіх рэчаў — усё, да чаго мы моцна прывязваемся сэрцам, — перашкаджаюць нам поўнасцю паверыць, як моцна Езус любіць нас, і адчуць Ягоную любоў. Можа, мы трымаемся за нешта так моцна, што не можам ісці далей. Але гэта таксама могуць быць глыбокія раны мінулага, наш уласны балючы вопыт. Магчыма, мы навучыліся асуджаць сябе ў бясконцым унутраным «хоры незадаволенасці». Важна ведаць, што пазбавіцца ад сваіх неўпарадкаваных прыхільнасцяў менавіта і азначае знайсці мужнасць, каб прыняць аздараўленне ад ўсяго таксічнага і разбуральнага, што ёсць у жыцці, і навучыцца быць больш міласэрным да самога сябе.

Размова

  • Ці можаце сённяшнюю евангельскую сцэну з Пятром уявіць як мага яскравей? Магчыма, вы прыгадаеце іншыя падзеі паміж ім і Езусам: хаджэнне па вадзе, адмаўленне абмыць ногі, абяцанне памерці за Езуса, а потым патройнае адмаўленне ад Яго…
  • На вашую думку, як адчуваў сябе Пётр, калі разумеў, як моцна ён любіць Езуса, але падводзіць Яго зноў і зноў? І што Пётр адчуваў, разумеючы, што Езус не перастае любіць яго?
  • Напэўна, вам ёсць што сказаць пра вашу любоў да Езуса ці вашу патрэбу ў аздараўленні. Адчыніце Яму дзверы свайго сэрца і пагаварыце з Ім, як з сябрам, напрыканцы малітвы.
Фота: pixabay.com

Матэрыялы падрыхтаваныя ў сумеснай працы з сайтам prastoramalitvy.by

Працяг ТУТ>>>

Абноўлена 12.04.2019 15:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця