Заканчваецца сакавік — месяц, асаблівым чынам звязаны з асобаю св. Юзафа, які для вернікаў шмат у чым з’яўляецца ўзорам сапраўднага мужчыны. Прапануем вашай увазе разважанні хрысціянскага псіхолага Наталлі Пан пра фармаванне мужнасці і пра праблемы на гэтым шляху.
Бацька вельмі прывабны для сына, але не ўдзяляе яму дастатковай увагі.
Гэта можа апраўдавацца працаю, стомленасцю ці проста малым узростам сына («ты яшчэ малы, ідзі да мамы»). У такім выпадку ў хлопчыка ўзнікае жаданне капіяваць бацьку, але ў яго няма такой магчымасці, бо той праводзіць з ім мала часу.
Вядома ж, пад капіяваннем маецца на ўвазе не толькі паўтарэнне знешніх паводзінаў бацькі, гэта, хутчэй, імітацыя, але ў першую чаргу магчымасць працяглы час назіраць і навучацца таму, што думаюць мужчыны, што яны адчуваюць (у тым ліку і ў самых нязначных штодзённых сітуацыях), пра што мараць, на што спадзяюцца, як рэагуюць, чаго хочуць.
Калі такога заўсёды даступнага ўзору ў хлопчыка няма, то ён становіцца імітатарам — напружана стараецца выглядаць мужчынам і, нават ужо стаўшы дарослым, баіцца, што людзі сумняваюцца ў яго сіле, і бясконца спрабуе ім нешта даказваць.
Другі варыянт — калі хлопчык або юнак моцна цягнецца да «паўнавартаснага мужчынскага свету», але сумняваецца, што можа ўвайсці туды на роўных. У гэтым выпадку ён вядзе жыццё выгнанніка, пазбягаючы мужчынскіх кампаній, або спрабуе пранікнуць у жаданы асяродак з дапамогаю іншай ролі, напрыклад, выбіраючы шлях гомасексуаліста.
Бацька займае ў сям’і яўна падпарадкаванае становішча.
Калі бацька займае ў сям’і яўна падпарадкаванае становішча і «пакутуе ад дэспатызму жонкі», гэта, па сутнасці, з’яўляецца нежаданнем браць на сябе адказнасць за ўласнае жыццё, і, вядома ж, за сям’ю таксама.
У такім выпадку хлопчык, услед за маці, не лічыць бацьку «сапраўдным мужчынам», але, не маючы іншага блізкага ўзору сілы (т. зв. мужнасці), збірае яго пакрыху з кніг (часцей за ўсё, з фантастыкі), кінастужак (часцей за ўсё, з баевікоў) і ўрыўкавых назіранняў.
У выніку яго ўяўленне пра так званую мужнасць застаецца фрагментарным, а дакладней, несапраўдным, скажоным.
Акрамя таго, ён абавязкова назапашвае ў сабе пагарду да фізічна слабых, лічыць іх вартымі жалю (асабліва слабых мужчынаў, называючы іх «анучамі» і г. д.), і змешаны з падазронасцю гнеў у адносінах да жанчын («яны хочуць нас падпарадкаваць»). Вядома, гэта пазней уплывае і на ўзаемаадносіны ў яго сям’і.
Маці аддае ў сям’і яўную перавагу сыну, а не мужу, а бацька мірыцца з тым, што яго любяць менш, чым сына. У такой сітуацыі хлопчык як бы выконвае ролю псіхалагічнага сужонка маці, даючы ёй падабенства тых пачуццяў, перажыванняў і падтрымку, якія павінен даваць муж. І ўсё гэта адбываецца з маўклівай згоды бацькі.
У такім выпадку дзіця застаецца моцна прывязаным менавіта да маці, становячыся ў пэўным сэнсе яе эмацыйным даўжніком.
І нават вырастаючы, малады чалавек адчувае сябе вінаватым за жаданне аддаліцца і мець уласную сям’ю і ўласнае жыццё. Быць моцным для яго азначае не засмучаць маму і клапаціцца пра яе, што далёка не заўсёды выяўляецца ў адносінах з іншымі жанчынамі.
Маці выхоўвае сына без бацькі.
Як правіла, такія мамы вельмі перажываюць з-за недахопу магчымасцяў для свайго хлопчыка стаць сапраўдным мужчынам. У такім выпадку мама мэтанакіравана займаецца выхаваннем так званай мужнасці ў сваім сыне, аднак узор, якога яна прытрымліваецца, ствараецца яе суб’ектыўным жаночым уяўленнем пра тое, якімі павінны быць сапраўдныя мужчыны, што яны павінны адчуваць, чаго хацець і г. д.
Паколькі і мама, і сын вераць у рэальнасць гэтага амаль фантастычнага вобразу, то, становячыся падлеткам, хлопчык пачынае ўсё часцей пераконвацца ў тым, што мужчынам (у маміным разуменні) яму быць не ўдаецца.
Гэта выклікае ў падлетка пачуццё трывогі і бездапаможнасці.
Урэшце, часцей за ўсё гэтае ўнутранае напружанне прыводзіць да таго, што малады чалавек вырашае прыблізна наступнае: быць мужчынам — гэта значыць быць не такім, як мама (і цётка, і бабуля), і ва ўсім пярэчыць жанчынам; або наадварот — стаць такім, як марыць мама, г. зн., што сапраўдны мужчына — той, хто адкрывае перад жанчынаю дзверы, падае ёй руку і паліто, з замілаваннем і паблажлівасцю зносіць усе жаночыя капрызы і г. д.
* * *
Вось толькі некаторыя з самых пашыраных сітуацый, але ў кожнай з іх можна разгледзець пакутлівае дзіця, якое вырашае недзіцячыя праблемы, і разгубленых дарослых, якія не разумеюць ні сябе, ні адзін аднаго, ні сваіх дзяцей.
У сям’і без Бога гэта становіцца замкнёным колам… А як вы думаеце, што змяняе прысутнасць Бога ў сям’і?
Паспрабуйце адказаць самі сабе, але канкрэтна і, калі ласка, без залішняга псеўдахрысціянскага пафасу.
А калі не можаце, то спытайце ў Яго самога. Спытайце менавіта сёння, пасля рахунку сумлення, на вячэрняй малітве.