Пошук

19.03.2018 08:24   Пераклад і адаптацыя: Ірына Бурак / часопіс «Ave Maria» / Паводле: Anselm Grün. Fünfzig Helfer in der Not. Die Heiligen fürs Leben entdecken. — Freiburg, 2002. / Catholic.by

19 сакавіка Касцёл святкуе ўрачыстасць святога Юзафа — абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта — абавязковая ўрачыстасць, калі кожны вернік мае абавязак удзельнічаць у святой Імшы.

Імя Юзаф азначае «Бог памнажае», «дабаўленне, прырост».

Юзаф — муж Марыі, Маці Езуса. Па прафесіі ён быў цесляром. Евангеліст Мацей расказвае нам пра дзве важныя рысы яго характару. Юзаф быў справядлівым — у сэнсе глыбока чалавечнай унутранай паставы.

Ён слухаўся сноў.

Калі Юзаф пачуў пра цяжарнасць сваёй нарачонай, ён хацеў патаемна расстацца з ёю, адпусціць яе, не прыцягваючы нічыёй увагі. За цяжарнасць пасля заручынаў жанчына каралася каменаваннем. Юзаф хацеў абысціся з Марыяй справядліва. Яго справядлівасць не прытрымлівалася тых ці іншых абстрактных прынцыпаў або нейкай абсалютнай запаведзі. Ён хацеў абысціся справядліва ў адносінах і да Бога, і да чалавека. Такая ўнутраная пазіцыя спалучалася ў ім з мяккім сэрцам. Хутчэй за ўсё, Юзаф паходзіў з такога фарысейскага кірунку, у якім прытрымліваліся і справядлівасці, і міласэрнасці.

Такім чынам, Юзаф быў тым, каго мы маглі б назваць «сапраўдным мужчынам» — тым, хто жыў правільна, так, як гэта адпавядала яго сутнасці.

І яго другая важная рыса: ён заўсёды слухаўся сноў. Анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і расказаў яму пра таямніцу яго нарачонай. І загадаў яму ўзяць да сябе Марыю. Юзаф не толькі прыслухоўваўся да сноў, ён таксама падпарадкоўваўся сказанаму. Ён зрабіў тое, што было сказана ў сне. Пасля нараджэння Езуса анёл загадаў яму ўцякаць з Марыяй і Дзіцяткам у Егіпет. На чужыне Юзафу трэба было аберагаць Маці і Дзіця.

Юзаф — гэта мужчына, які выказвае айцоўскі клопат, які абараняе сваю жонку і дзіця ад непрыемнага і непажаданага, які клапоціцца аб прыстанішчы, дзе дзіця зможа расці пры маці.

Юзаф заўсёды слухаецца сноў. Сны паказваюць яму ўнутранае, духоўнае, і знешняе развіццё падзеяў. Юзаф даведваецца ў сне, што Ірад памёр. І тады ён выпраўляецца ў зямлю Ізраэля. Але новы сон кажа яму, каб ён ішоў не ў Бэтлеем, а ў Назарэт. Сны паказваюць Юзафу, як ён павінен рэагаваць на знешнія сітуацыі, і дзякуючы гэтаму Божае Дзіця можа бяспечна падрастаць побач з ім, дзякуючы гэтаму найлепшым чынам можа працягвацца духоўны шлях.

Юзаф — адзін з самых улюбёных святых у хрысціянскай народнай пабожнасці.

Раней дзень 19 сакавіка, свята св. Юзафа, быў дзяржаўным святочным днём. Юзаф — гэта працаўнік, просты цясляр, але таксама чалавек, які выказвае айцоўскі клопат, справядліва адносіцца да сваёй жонкі і дзіцяці, гарантуючы ім падтрымку і бяспеку. У яго, так бы мовіць, кампетэнцыю ўваходзяць штодзённыя патрэбы, самае неабходнае. (Магчыма, таму ў кляштарах ён з’яўляецца таксама апекуном у справах, звязаных з грашыма.) Распазнаць у Юзафу святога, які робіць тое, што адпавядае моманту, будзе павучальным асабліва на фоне такой распаўсюджанай сёння маніі пастаянна звяртаць на сябе ўвагу. Калі ў працы няма нічога новага, яна пачынае надакучваць. Чалавек бунтуецца супраць гэтага і шукае для сабе нейкую навізну. Або звяртае на сябе ўвагу сваімі ідэямі. Тым самым ён ставіць сябе самога ў цэнтр. Юзаф, наадварот, з’яўляецца прадстаўніком духоўнасці будняў. Яна заключаецца ў тым, каб проста рабіць адпаведнае моманту і таму, чаго патрабуе сітуацыя. Яна азначае, што я паводжу сябе правільна ў адносінах да сябе і адпаведна стаўлюся да людзей, якія знаходзяцца побач са мною; такім чынам, я проста раблю тое, што належыць. <…>

Юзаф — увасабленне звычайнасці, але не ў тым сэнсе, што ў ім няма велічы. Яго веліч заключаецца якраз у тым, што ён засяроджваецца на буднях і робіць гэта дбайна і абачліва. І яго хатнія давяраюцца яму.

Каб рабіць адпаведнае моманту, Юзаф слухаецца сноў. У сне ўваходзіць у яго жыццё анёл. Тут выяўляецца вымярэнне, якое пераўзыходзіць будзённае. Анёл паказвае, што важна ў буднях: паслухмянасць таму, чаго цяпер, у гэты момант, ад мяне хоча Бог. У сне я слухаюся анёла, які вядзе мяне на новыя шляхі, але які часам таксама прадказвае, што ўва мне ўжо выспела нешта сапраўднае. Я павінен перасягнуць будні і слухацца таго, што мне гаворыць анёл. Тады я спазнаю, што ў буднях ёсць не толькі абавязак, але што менавіта ў звычайнасці будняў вырашаецца, адкрыўся я на Бога ці не, сапраўды я люблю ці не, магу я паслужыць Богу ці толькі мне ўсё павінна служыць.

Таксама і нашы будні не заўсёды можна назваць захапляльнымі.

Цалкам аддайся звычайнасці тваіх будняў. Будзь упэўнены: там ты знойдзеш усё, што шукаеш. Гаворка ідзе не пра цікавыя навіны, а пра адчуванне таго, што ёсць. Прымай тое, што ёсць. Будзь справядлівы да таго, што складае рэальнасць твайго жыцця. Тады ты будзеш мець прадчуванне, што будні вядуць цябе да нечага сапраўднага, да нічым не забруджанага ўспрымання быцця. А калі ты знаходзішся ў цесным кантакце з тым, што ёсць, тады ты дакранаешся да асноваў усяго быцця. Калі ты навучышся жыць буднім днём, калі ён стане месцам сустрэчы з Богам, тады ён пераменіцца. І ты адчуеш таямніцу святога, які проста ўставаў і рабіў тое, што пачуў у сне ад анёла.

Анёл не расказваў яму пра цікавыя навіны, а заклікаў яго так выконваць штодзённыя справы, каб быць справядлівым у адносінах да іх. У гэтай справядлівасці яго жыццё стала сапраўдным і правільным.

Абноўлена 20.03.2018 15:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа