Пошук

30.03.2019 12:29   Тэкст: Наталля Пан / Паводле: «Ave Maria» №9 (174), 2009 / Catholic.by
Фота: pixabay.com

Заканчваецца сакавік — месяц, асаблівым чынам звязаны з асобаю св. Юзафа, які для вернікаў шмат у чым з’яўляецца ўзорам сапраўднага мужчыны. Прапануем вашай увазе разважанні хрысціянскага псіхолага Наталлі Пан пра фармаванне мужнасці і праблемы на гэтым шляху.

Адна з галоўных задачаў хрысціянскай псіхалогіі — дапамагчы ўбачыць праўду пра сябе, пра сваё жыццё, пра свае рэальныя магчымасці і абмежаванні. Убачыць праўду без яе прыхарошвання, без самалюбавання, без апраўдання і ўтойвання зла, без асуджэння бліжняга, але і без ідэалізацыі нам часта перашкаджае звычайная баязлівасць.

Аднак вытрываць гэтую праўду, калі мы ўсё ж такі адважваемся на яе, заўсёды дапамагае Пан Бог. Ён сам перавязвае і лечыць нашыя раны, суцяшае нас, бярэ на сябе нашую немач і смутак, у Яго ранах — нашае аздараўленне.

Выява сявтога Юзафа. Фота: sib-catholic.ru

Свет жанчын і свет мужчынаў

У перыяд з трох да шасці гадоў дзеці ўпершыню, і пры тым актыўна, пачынаюць цікавіцца пытаннямі пола, вывучаючы галоўным чынам саму сутнасць: што значыць быць мужчынам і што значыць быць жанчынаю. Да гэтага ўзросту дзіця праводзіла большасць часу з мамаю і яго навакольны свет быў пераважна жаночым. Кожны дзень быў напоўнены жаночымі (мамінымі) эмоцыямі, жаночым ладам мыслення, жаночымі заняткамі, жаданнямі, наказамі, а часам і пакараннямі.

Але ў раннім узросце дзіця яшчэ не здагадваецца пра тое, што той свет, з якім яно паступова знаёміцца, — гэта толькі частка карціны жыцця, убачаная мамінымі, г. зн. жаночымі, вачыма.

Недзе каля трох гадоў дзіця паступова пачынае ўсведамляць, што яго атачаюць два светы, гэта значыць два бачанні жыцця — свет жанчын і свет мужчынаў. З гэтага моманту пошук свайго месца, сваёй прыналежнасці і, урэшце, пазнанне сябе становіцца для дзіцяці справаю першай неабходнасці.

У сувязі з гэтым відавочна, што актыўная прысутнасць бацькі ў сям’і з’яўляецца вырашальнаю для фармавання палавой ідэнтычнасці дзіцяці, а гэта значыць, што бацька становіцца або не становіцца для хлопчыка прыкладам мужнасці, надзейнасці, сілы і крыніцаю жадання «стаць такім, як тата», а для дзяўчынкі — крыніцаю вопыту абароненасці, бяспекі і прывабнасці моцнага мужчынскага свету.

Фота: pixabay.com

Аднак усё гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі бацька сапраўды прывабны для дзіцяці, што бывае далёка не заўсёды.

Цяжка пералічыць усе наступствы адсутнасці для хлопчыкаў і дзяўчынак узору мужчыны як разумнай і добрай сілы ў сям’і (прысвечаныя гэтай праблеме псіхалагічныя працы займаюць сотні старонак), але акрэсліць праблему ўсё ж варта.

«Куды падзеліся сапраўдныя мужчыны?»

Пачнем са спрадвечнага жаночага пытання: «Куды падзеліся сапраўдныя мужчыны?» (Крыху пазней мы паспрабуем «адшукаць» і сапраўдных жанчын.) А пакуль што…

Збоі ў фармаванні палавой ідэнтычнасці хлопчыка могуць адбыцца пры наступных абставінах.

Фота: pixabay.com

Бацька не выклікае цёплых пачуццяў (агрэсіўны, часта палохае дзіця).

У гэтым выпадку ў хлопчыка не з’яўляецца жадання быць падобным да бацькі, а гэта значыць быць мужчынам, а мужчынская сіла (т. зв. мужнасць) у цэлым пачынае асацыявацца з агрэсіяй.

Таму дзіця даўжэй за натуральны тэрмін застаецца «мамчыным сынком» у сям’і і ў падлеткавым узросце балюча шукае адказ на пытанне, «ці дастаткова я мужны?», і гэтая праблема часам расцягваецца на ўсё жыццё, а мужнасць і агрэсіўнасць застаюцца сінонімамі.

Калі хлопчык, юнак, мужчына не агрэсіўны, ён не адчувае сябе «сапраўдным мужчынам», а калі агрэсіўнасцю даказвае сваю мужчынскую сілу, то проста паўтарае тып паводзінаў бацькі, у тым ліку і ў адносінах да свайго сына.

Заканчэнне ТУТ>>>

Абноўлена 31.03.2019 13:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.