Праз некалькі дзён распачнецца Вялікі пост. Перад гэтым асаблівым перыядам партал Catholic.by прапануе разважанне кс. Аляксандра Жарнасека, апублікаванае ў «Вінаградніку», якое дапаможа настроіць душу на адпаведны лад.
Працяг. Пачатак ТУТ>>>
ВЯРТАННЕ ПРАЗ УСПАМІНЫ
Успаміны пра цяжкія перажыванні
Падобна як і з памяццю пра грахі, тут ёсць свае плюсы. Цяжкія перажыванні (напрыклад, хвароба, аварыя, смерць блізкай асобы, развод і г.д.) — гэта заўсёды вопыт, які чамусьці нас вучыць, ад чагосьці перасцерагае.
У прынцыпе, любы, нават самы балючы, вопыт можа быць для нас жыццёвым урокам і выпрабаваннем веры, якая дзякуючы гэтаму ўмацоўваецца.
Але вельмі часта гэтыя перажыванні і ўспаміны нясуць спусташэнне. У такім выпадку мы задаем пытанне: чаму Бог дазваляе памятаць пра штосьці балючае, чаму не забірае, ці, выпадкова, не вучыць Ён такім чынам чаму-небудзь?..
Не бяруся адказваць на гэтыя пытанні, але хочацца многім параіць элементарнае духоўнае правіла многіх святых і праведнікаў.
Бог нясе супакой, радасць (часам ціхую радасць), дае надзею, заўсёды паказвае выйсце, бо Ён — святло. Калі пры нашых успамінах пра балючыя перажыванні і блізка нічога з гэтага няма, то асабіста ў мяне ўзнікаюць вялікія сумнівы ў тым, ці такая памяць пра штосьці балючае сапраўды ёсць у Божых планах.
Зразумела, што цяжкі вопыт час ад часу нагадвае пра сябе, і часта любы ўспамін пра гэты вопыт з’яўляецца балючым. Не думаю, што можна на сто адсоткаў цяжкія перажыванні выцерці з памяці. Але разам з болем ад успаміну павінен быць усё ж і спакой, і нейкае выйсце, святло.
Тады ў чалавека ёсць сілы, ён можа пра гэта гаварыць, пад ім «не хістаецца зямля». У такім выпадку можна казаць, што ўспаміны засталіся, нібы рубцы пасля ранаў, але ўсё ж ёсць спакой: яны не перашкаджаюць жыць далей і верыць Богу. Думаю, грэх апостала Пятра ці Паўла назаўсёды застаўся ў іх памяці балючым рэхам, але яны спакойна маглі пра гэта ўзгадваць проста як пра факты са свайго мінулага.
Калі мы разумеем, што балючыя ўспаміны — не ад Бога, не ў Яго планах, то як супрацьстаяць ім?
Веру, што наш Бог — гэта Пан гісторыі і будучыні. Ён не мае ні пачатку, ані канца, а значыць, Ён мае ўплыў на нашую будучыню, але і на мінулае. У сувязі з гэтым, напэўна, ёсць сэнс маліцца ў інтэнцыі аздараўлення памяці. Веру, што пасля малітвы наша памяць не сатрэцца цалкам, але ўспаміны не будуць такімі спусташальнымі і балючымі.
Яшчэ адну параду, як веру, я атрымаў ад Бога зусім нечакана.
Неяк мне давялося прачытаць вынікі даследванняў пра жанчын, якія перажылі роды. Аказалася, што для любой жанчыны роды — гэта натуральна вельмі цяжкае перажыванне, якое застаецца ў памяці. Многія жанчыны адразу пасля родаў маюць думкі, што яны ніколі больш не будуць нараджаць. Але праз большы ці меншы перыяд пераважная большасць згаджаецца на наступныя роды, хоць усе і памятаюць пра боль, які перажывалі. Навукоўцы тлумачаць гэта тым, што сам арганізм жанчыны ў працэсе эвалюцыі загойваецца фізічна і псіхічна, каб быць гатовым да чарговага высілку.
Калі я гэта чытаў, то, канечне ж, узгадаў словы Езуса:
Жанчына, калі нараджае, смуткуе, бо прыйшла яе гадзіна. Калі ж народзіць дзіця, ужо не памятае з радасці пра боль, бо чалавек нарадзіўся на свет.
Так і вы цяпер смуткуеце, але Я зноў убачу вас, і ўзрадуецца сэрца вашае, і радасці вашай ніхто не адбярэ ў вас.
У той дзень вы ні пра што не будзеце ў Мяне пытацца (Ян 16, 21–23).
Езус кажа, што жанчына забываецца пра боль, таму што ў выніку нараджэння дзіцяці прыходзіць радасць, якая выцясняе боль з памяці жанчыны. Падобным чынам сустрэча з дарагім і любым Уваскрослым Езусам павінна зацьміць для апосталаў памяць пра любыя перажыванні і боль.
Езус, наш Лекар, хоча даць нам адну параду: мы забываемся пра боль, калі на даляглядзе нашага жыцця з’яўляецца нашмат большая радасць.
А большая радасць, між іншым, у тым, калі мы не бярэм толькі для сябе, а стараемся даваць (гл. Дз 20, 35). У гэтым праяўляецца любоў. Менавіта таму людзям, якія моцна клапоцяцца пра сябе, эгаістычным, якія не ўмеюць любіць іншых, не ўмеюць цікавіцца іншымі, — такім людзям вельмі балюча, ім не хапае радасці, бо яны не ўмеюць любіць. А калі прыходзіць боль, то ў самалюбстве і эгаізме ён становіцца проста невыносным: яго няма чым выцясніць.
Думаю, што для кагосьці гэта могуць быць важныя высновы і парады. Калі нават хтосьці і не мае радасці, якая была б мацнейшай за балючыя ўспаміны, то можна мэтанакіравана заняцца гэтай тэмай.
Можна пачаць шукаць гэтую радасць, большую за боль, прасіць Бога, каб даў яе, паказаў; можна спрабаваць адкрываць сваё пакліканне ад Бога, якое дае радасць; знайсці занятак, працу ад Бога, што прыносяць радасць і надаюць сэнс.
Па маіх сціплых назіраннях за сабой і іншымі, многія духоўныя праблемы вырашаюцца тады, калі чалавек пачынае працаваць і калі ў гэтай працы бачыць значна большы сэнс, чым толькі грошы.
Заданне падумаць: Што ў тваім жыцці прыносіць радасць і супакой? Што з’яўляецца іх крыніцай: Бог ці пажадлівасці гэтага свету?
Заканчэнне ТУТ>>>