Пошук

05.03.2019 17:30   Тэкст: Кс. Аляксандр Жарнасек МІС / Фота: pixabay.com / Catholic.by

Напярэдадні Вялікага посту партал Catholic.by завяршае публікацыю разважання кс. Аляксандра Жарнасека з «Вінаградніку», якое дапаможа настроіць душу на адпаведны лад і духоўна падрыхтавацца да перыяду пакаяння і навяртання.

Заканчэнне. Пачатак ТУТ>>>

Фантазіі і мары

Гэтая тэма звязаная з успамінамі, якія могуць перарасці ў фантазіі, а яны часта звязаныя як з мінулым, так і з будучым. Толькі ў гэтым выпадку большы націск кладзецца не на балючыя ўспаміны, а на прыемныя. Гэтыя ўспаміны правакуюць нас марыць, каб нешта добрае паўтарылася або каб адбылося нешта падобнае.

Так габрэі ў пустыні пачынаюць узгадваць пра тое, што ім у Егіпце было не так і дрэнна:

Мы ўспамінаем рыбу, што елі ў Егіпце задарма, агуркі і дыні, пер’е і галоўкі цыбулі і часнок. А цяпер сасмагла душа наша, і вочы нашы не бачаць нічога, апроч манны (Ліч 11, 5).

Такім чынам, азіранне назад, найчасцей на прыемныя ўспаміны, уводзіць нас у сферу мараў і фантазій, якія, само сабой, мілыя і прыемныя. Многія скажуць вядомыя прымаўкі: «Марыць не шкодна — шкодна не марыць», «Кепскі той салдат, які не марыць быць генералам» і г.д.

Але ці сапраўды мары карысныя, ці карысныя яны для духоўнага жыцця? Такім чынам, мы дакранаемся да яшчэ адной важнай формы «азірання назад»: да чалавечых мараў.

Многія праваслаўныя следам за Ігнацыем Бранчанінавым кажуць, што ў марах крыецца зло, паколькі яны ўводзяць чалавека ў «прелести», што азначае самападман (слав. прелесть — тое, што падманам заваблівае). Для многіх гэтая тэма стала настолькі важнай, што яны часам і не ведаюць, пра што ідзе гаворка, але штосьці вось чулі пра нейкія там «прелести». Паспрабуем разабрацца…

Перш за ўсё трэба сказаць, што за паняццем мараў крыецца шмат розных рэчаіснасцяў. Адна рэч, калі мараць дзеці. У гэтым няма нічога дрэннага, і мы нават самі часта правакуем іх на фантазіі. Але калі кажам пра дарослага чалавека «фантазёр, летуценнік», то гэта не ўспрымаецца як добрая якасць.

Максім Вызнаўца пісаў, што ўсе рэчы былі створаныя Богам як добрыя і яны не могуць быць дрэннымі, але дрэнным можа стаць карыстанне гэтымі рэчамі.

Найперш разгледзім, што добрага ў марах. Некалі мяне закранула адна кніга, аўтар якой пісаў пра тое, што Бог дае нам мары, а злы дух зацікаўлены ў тым, каб планы Божыя, якія пасеяліся ў нашых марах, не споўніліся. Ён спрабуе выкрасці гэтыя мары з нашага розуму, падсоўваючы суровую рэальнасць, а таксама часта выкарыстоўвае для гэтага нашу сям’ю, родных, асяроддзе.

Гэтую тэму можна зразумець на прыкладзе ўваскрашэння. Суровая рэальнасць смерці, могілак, цела, якое распадаецца, слёзы родных, іх адчай спрабуюць «апусціць нас на зямлю», але мы, хрысціяне, стараемся глядзець вышэй, далей, стараемся думаць пра жыццё вечнае, пра Божае Валадарства.

Іншым прыкладам можа быць прарок Нэемія, які, будучы яшчэ на выгнанні, пачынае думаць пра адбудову святыні і Ерузалема. І гэтыя мары былі не чым іншым, як Божым натхненнем.

У свецкім жыцці неабходнасць мараў таксама відавочная. Студэнт, які не можа ўявіць перспектывы сваёй працы ў будучыні, не зможа старанна вучыцца і быць патрабавальным да сябе. У духоўным жыцці мы таксама нічога з сабой не зробім, калі не будзем глядзець наперад, уяўляць нейкія перспектывы. У гэтым сэнсе мары мабілізуюць нас, абуджаюць нашыя жыццёвыя і духоўныя сілы. Але гэтыя мары павінны быць рэальнымі, канкрэтнымі: за імі стаіць праца і вынікі.

Цяпер паглядзім на мары і фантазіі, ад якіх нас асцерагаюць многія духоўныя настаўнікі і нават Божае Слова:

Не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных. Не лічыце сябе мудрымі (Рым 12, 16).

 

Нашыя фантазіі сапраўды звязаныя з розумам, з празмернымі думкамі пра сябе. Гэта здольнасць чалавечага розуму так мадыфікаваць рэальнасць, што чалавек пачынае жыць у ілюзіі.

Напрыклад, дзяўчына марыць пра «прынца на белым кані», а сама так ні з кім і не паспрабавала нават пазнаёміцца. Хтосьці марыць пра вялікія грошы і бізнес, а сам і блізка не выхоўвае ў сабе працавітасць і адказнасць. Іншыя мараць пра духоўныя ўзроўні і, само сабой, нічога для гэтага не зрабілі.

Такім чынам, мары і фантазіі могуць загнаць нас у такі свет ілюзій, які абсалютна не адпавядае рэчаіснасці.

Зразумела, чаму гэтыя мары настолькі небяспечныя. Асабліва ў жыцці духоўным, дзе сапраўды ёсць шмат магчымасцяў надумаць сабе многае.

Духоўныя настаўнікі пісалі пра небяспеку мараў, калі не было яшчэ інтэрнэту. Сёння гэтая небяспека ў разы павялічылася. Чалавек у сацыяльных сетках лёгка можа стаць «супергероем» у сваіх выказваннях, меркаваннях, рэлігійных поглядах.

Людзі сапраўды шмат цікавага пішуць, толькі часта гэта ўсё віртуальная рэальнасць і фантазіі. Хрысціянскія блогеры пішуць пра прыгажосць Бога, перадаюць адзін аднаму хрысціянскія кліпы, але не знойдуць час на прыватную малітву, чытанне слова Божага ці евангелізацыю.

У пэўным сэнсе, з праблемай «віртуальнай рэальнасці» сутыкнуўся ўжо св. апостал Павел. Яго некаторыя абвінавачвалі ў тым, што ён у жыцці не такі суровы, як гэта выглядае з яго пасланняў. І Павел павінен быў тлумачыцца: калі я прыйду да вас, то ўбачыце, што я ў жыцці такі ж самы, як і ў пасланнях.

Ёсць яшчэ адна форма небяспечных фантазій. У рускай мове яна называецца «мнительность» — падазронасць, недавер, што па-беларуску акрэсліваецца словазлучэннем «набраць у галаву».

Раней мне здавалася, што ідзе размова пра залежнасць ад думак іншых. Аказалася, што гэта паняцце нашмат глыбейшае. Ідзе размова пра страхі, якія шмат «надумваюць» у нашай галаве, падкідваюць чорныя і страшныя фантазіі. І, між іншым, мы часам надумваем сабе тое, што пра нас могуць падумаць, і пачынаем баяцца гэтых думак.

Такім чынам падазронасць таксама звязаная з нашымі фантазіямі. І хто з нас не ведае, як гэта ўсё мучае і як яно небяспечна?! Дастаткова толькі сыночку ці дачушцы не адказаць на званок мамы, як у галаве многіх мамаў адразу ж малююцца самыя чорныя сцэнарыі.

Адкуль яны бяруцца? Часам з цяжкіх перажытых гісторый, а часам з набытай здольнасці фантазіраваць і няўмення жыць канкрэтным момантам, «тут і цяпер».

Не так даўно мне давялося перажыць прыклад такой падазронасці. Невядомы мне чалавек прынёс пакет рэчаў і пакінуў на кухні. Што можна падумаць пра гэту сітуацыю? Для большасці нічога дрэннага. А ў маёй галаве нарадзіліся думкі, што гэта бяздомны, які хоча пасяліцца ў нас, або вязень, які таксама нешта там хавае.

Адкуль гэта? Бо такія выпадкі ўжо былі. І ў мяне нават думкі не было, што гэта проста нехта прыйшоў ахвяраваць вопратку для бедных. Гэтая гісторыя паказала мне пра вялікую патрэбу абнаўлення чалавечага розуму, пра што піша апостал Павел (Рым 12, 2).

Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што праблема фантазій і мараў нараджаецца тады, калі мы няўмела, без карысці, а толькі для эмацыйнага самазадавальнення пачынаем азірацца назад, у нашую гісторыю, і марым, каб яна паўтарылася.

Менавіта таму некаторыя псіхолагі фантазіраванне называюць «успамінамі пра будучыню».

Заданне падумаць: паспрабуй разабрацца ў сваіх фантазіях і марах. Якія з іх Божыя, а якія толькі ілюзія, што адводзіць ад рэальнасці жыцця і рэальнай працы над сабой?

Набыты жыццёвы досвед (вяртанне Пятра і апосталаў)

Пасля гэтага Езус зноў з’явіўся вучням сваім каля Тыберыядскага мора. А з’явіўся так. Былі разам Сымон Пётр, Тамаш, званы Блізня, Натанаэль з Каны Галілейскай, сыны Зэбэдэя і двое іншых з вучняў Ягоных. Сымон Пётр сказаў ім: «Іду лавіць рыбу». Яны адказалі яму: «І мы пойдзем з табою». Пайшлі і селі ў човен, але ў тую ноч нічога не злавілі (Ян 21, 1–3).

Вельмі кранальны момант. Пётр пасля ўсіх балючых падзеяў, пасля сенсацыі ўваскрашэння Хрыста, адчувае сябе разгубленым. Яны зноў разам, але сярод іх няма Хрыста. І тут раптам вопыт трох гадоў хаджэння за Хрыстом нібы на хвіліну знікае. Пётр у сваёй разгубленасці не ведае, што рабіць, і вяртаецца да таго, чым займаўся да сустрэчы з Езусам; да таго, што добра ведаў. Заўважым, што менавіта ў гэты момант прыходзіць Хрыстус, і яны адварочваюцца ад свайго старога, хоць і нядрэннага занятку.

Асабіста для мяне гэта вельмі важны ўрывак, які паказвае, што Бог робіць усё новае, а мы, па чалавечай прыродзе, хочам трымацца за тое, што праверана, што добра вядомае. Менавіта таму многія з нас так любяць народныя і рэлігійныя традыцыі — бо там усё вядома.

Адысці ад свайго, нават някепскага, жыццёвага і духоўнага досведу і не азірацца назад для таго, каб прыняць нешта новае з рукі Божай, можна толькі ў сіле Святога Духа.

Абноўлена 05.03.2019 21:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа