Пошук

01.03.2019 18:18   Тэкст: Кс. Аляксандр Жарнасек МІС / Catholic.by
Фота pexels.com

Праз некалькі дзён распачнецца Вялікі пост. Перад гэтым асаблівым перыядам партал Catholic.by прапануе разважанне кс. Аляксандра Жарнасека, апублікаванае ў «Вінаградніку», якое дапаможа настроіць душу на адпаведны лад.

НЕ АЗІРАЦЦА НАЗАД

Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў». А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву». Тады сказаў другому: «Ідзі за Мною». Але той адказаў: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго». А Ён сказаў яму: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае». Яшчэ іншы сказаў: «Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі». А Езус сказаў яму: «Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага» (Лк 9, 57–62).

Ілюстрацыйная выява. «Араты». Мастак Р. Мухаметбарэевіч. liveinternet.ru

Гэты фрагмент з Евангелля апавядае нам пра людзей, якія маюць жаданне ісці за Хрыстом, але па розных прычынах не ідуць. Паміж іх пабожнымі прагненнямі і рэалізацыяй ляжыць прорва. Чаму так адбываецца?..

Хрыстус дае нам адказ у кароткай прыпавесці, узятай з жыцця простых людзей. Чалавек, які ідзе за плугам, павінен глядзець наперад, каб добра ўзараць зямлю, у якую ўпадзе Божае зерне. Калі не сачыць за плугам, ён пойдзе верхам альбо ўбок, і зерне не прарасце.

Трэба шмат пільнасці, засяроджанасці, увагі. Але іх няма з-за таго, што чалавек азіраецца. Азіраецца на што? Адказаў можа быць шмат.

Нехта напісаў, што чалавек адводзіць свой позірк ад Хрыста на зямныя рэчы, ад духоўных жаданняў да цялесных, ад паслухмянасці веры да чалавечай мудрасці і разліку, ад Божых Запаведзяў да грамадскіх правілаў, ад узору Хрыста да прыкладаў паспалітых людзей свету. Думаю, што такі пералік можа быць нашмат большы.

Фота pravoslavie.ru

Трэба звярнуць увагу на тое, што згаданыя людзі не ідуць за Хрыстом не таму, што маюць цяжкі грэх: ім перашкаджаюць, здаецца, простыя жыццёвыя, нават банальныя рэчы.

Менавіта таму мы таксама паспрабуем шырэй паглядзець на нашую тэму.

Наш позірк адварочваецца назад з-за граху, асяроддзя, успамінаў, цяжкіх перажыванняў, набытага жыццёвага вопыту.

Хрыстус не кажа нам, што, азіраючыся, мы робім нешта вельмі дрэннае. Проста мы тады не надаемся да Божага Валадарства. Рускі пераклад ужывае слова «благонадёжность» — надзейнасць, добрая вытрымка. Інакш кажучы, Бог чакае, што зерне павінна ўзысці, вырасці, прынесці плён. Бог разлічвае на тое, што мы падрыхтуем глебу для Божых планаў.

Азіраючыся назад, мы становімся ненадзейнымі перад Богам. На нас тады нельга разлічваць, а гэта ўжо гучыць нашмат сур’ёзней.

Вяртанне да граху

Недахоп рашучасці выбару

Чалавек, які хоча разарваць са сваім грахом, павінен зрабіць рашучы выбар. Вельмі часта менавіта гэтай рашучасці і не хапае, а намі кіруюць эмоцыі, уплыў людзей або акалічнасцяў і г.д.

Чалавек можа плакаць з прычыны свайго граху, перажываць за грэх, спавядацца, але праз нейкі час зноў да яго вяртаецца…

Ці пакаянне было несапраўдным? Не сказаў бы… Проста не было рашучасці і адназначнасці. Дзяўчына можа перажываць за свой грэх нячыстасці, але дастаткова будзе памірыцца са сваім хлопцам або закахацца ў чарговы раз, і грэх вяртаецца. Проста падчас яе пакаяння не было ўмоваў да граху, а тут яны зноў з’явіліся.

Праблема ў тым, што часам чалавеку нестае рашучасці разарваць з грахом.

Фота osv.com

Адна жанчына мела шмат праблемаў. Аказалася, што яна некалі займалася акультнымі практыкамі, звярталася да «шаптух» і г.д. Пазней яна пакаялася, шкадавала за ўсё гэта, зразумела свае памылкі. Тым не менш, праблемы духоўнага плану зусім не скончыліся.

У малітве Пан Бог паказаў прычыну гэтага: яна не мела рашучасці ў разрыве з грахом. Спачатку я не разумеў гэтага. Пры чым тут якая рашучасць, калі яна ўжо паспавядалася? Пасля зразумеў, што калі б ёй паказалі «шаптуху», якая на сто адсоткаў дапамагла б ёй і не было б наступстваў гэтых практык у зямным жыцці, то яна, напэўна, зноў згадзілася б на такую «дапамогу».

Такім чынам, адсутнасць цвёрдага выбару, рашучасці часта вяртае нас у тыя самыя грахі, нягледзячы на нашыя слёзныя пакаянні.

Настойлівасць важная не толькі ў тым, што датычыцца разрыву з грахом. Яна важная і ў сферы прыняцця рашэнняў. Без яе чалавек таксама ўвесь час азіраецца.

Фота pixabay.com

Напрыклад, нехта выходзіць замуж ці жэніцца, але яго рашэнне не было станоўчым. Неўзабаве такі чалавек пачынае азірацца і думаць пра магчымыя лепшыя варыянты: пра лепшага мужа, пра манаства, святарства і г.д. Гэта адбываецца часам і з тымі, хто стаў манахам ці святаром; некаторыя таксама ўвесь час азіраюцца і не могуць ісці наперад.

У сваёй мудрасці Касцёл дае нам час на прыняцце перад Богам рашэння, на малітву, разважанне, але надыходзіць такі момант, калі гэтае рашэнне трэба прыняць і прыняць канчаткова.

Пасля яго ўжо азіранне не мае ніякага сэнсу і яно мае проста катастрафічныя наступствы. Нават калі нехта і памыліўся па-чалавечы з прынятым рашэннем, то з гэтымі памылкамі трэба навучыцца жыць, шукаючы любові Божай і давяраючы Яму. Безупыннае ж азіранне назад становіцца яшчэ горшай памылкай.

Фота wayservice.ru

Цікава, што ў жыцці людзей, якія не маюць адказнасці за свае рашэнні, увогуле цяжка казаць пра правільныя ці няправільныя рашэнні. Яны ўвесь час азіраюцца, увесь час задаюць пытанне: а што, калі б было інакш?.. Здаецца, што гэтая праблема глыбейшая за тое ці іншае няправільнае рашэнне.

Псальм 15 (14) кажа нам, што з Панам будзе жыць той, хто нават у тым выпадку, калі дае невыгодную для сябе прысягу (інакш кажучы, прымае дрэннае рашэнне), будзе яе выконваць (Пс 15 (14), 4). Зразумела, што гаворка ідзе не пра грэшнае абяцанне, а пра памылковае.

Святы Антоній пустэльнік лічыў, што прыпавесць Хрыста гаворыць пра таго, хто не ўпэўнены ў сваім рашэнні і пачынае за яго шкадаваць.

Асабіста мяне Бог вучыў, што нават калі ў цябе і з’яўляюцца думкі ці эмоцыі, каб пашкадаваць за свае рашэнні і выбары, то нельга іх выказваць, а нават жартаваць на гэтую тэму. Гэтае навучанне даў мне Пан, паказваючы, што я не павінен шкадаваць за сваё рашэнне не ўжываць алкаголю ўсё жыццё.

Заданне: У малітве распазнай, ці ў тваім жыцці і ў тваіх рашэннях ёсць цвёрдасць.

Працяг ТУТ>>>

Абноўлена 03.03.2019 12:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.