Праз некалькі дзён распачнецца Вялікі пост. Перад гэтым асаблівым перыядам партал Catholic.by прапануе разважанне кс. Аляксандра Жарнасека, апублікаванае ў «Вінаградніку», якое дапаможа настроіць душу на адпаведны лад.
Працяг. Пачатак ТУТ>>>
Асяроддзе, якое змушае азірацца
Іншая прычына, якая змушае нас азірацца на грэх, — наша асяроддзе. Апостал Ян у першым Пасланні вельмі моцна просіць вернікаў, каб яны не мелі нічога супольнага з гэтым грэшным светам.
Здавалася б, а што тут такога? Я нічога дрэннага не раблю. Яны самі па сабе, а я — сам па сабе…
Аднак практыка паказвае, што калі няма гэтага выразнага аддзялення, то грэшны свет зацягвае нас, нібы дрыгва, а мы гэтага нават і не заўважаем.
Невыпадкова Бог забараняў ізраэльскаму народу пакідаць на тэрыторыі краіны старых ідалаў, браць нават залатыя талісманы, жаніцца з язычніцамі. Бог загадвае нават пыл абтрасаць, вяртаючыся ад язычнікаў у свой край.
У прыпавесці пра скарб у полі Езус паказвае, што мала толькі думаць пра сам скарб (Божае Валадарства, рашучае пакаянне), але трэба найперш купіць поле, дзе гэты скарб ляжыць, што азначае задбаць пра асяроддзе.
Асабіста я гэтую тэму называю «незачыненымі форткамі».
У маленстве я часта чуў гісторыі, як людзі зачынялі дзверы, але пакідалі адчыненымі форткі, а пасля праз іх у хату залазілі злодзеі.
Так часта адбываецца і ў нашым жыцці. Нехта разумее, што трэба разарваць грэшныя адносіны з тым альбо іншым чалавекам. Разрыў нібы адбываецца. Але застаецца нумар у тэлефоне або кантакт у сацыяльных сетках. Гэта і ёсць тыя форткі, праз якія зло зноў можа ўварвацца ў жыццё.
Адзін былы вязень некалі сведчыў мне, што, нягледзячы на пакаянне і шчыры жаль, ён вяртаўся да граху. Пасля ён зразумеў, што было гэтай «форткай»: нататнік з многімі адрасамі і тэлефонамі, які давялося спаліць…
Для таго, каб зачыніць «форткі», я раіў бы людзям знішчаць старыя лісты, фотаздымкі, часам мяняць працу.
Для кагосьці такой «форткай» з’яўляецца бутэлька алкаголю, якая стаіць дома. Нібыта чалавек ужо і не п’е, але навошта тады стаіць бутэлька?..
Асяроддзе, якое змушае нас вяртацца да граху, — гэта як рэчы, так і людзі.
Узгадаем, што менавіта з прычыны прысутных гасцей кароль Ірад прымае рашэнне забіць Яна Хрысціцеля.
Вельмі важны прыклад дадзены нам у гісторыі пра знішчэнне Садома і Гаморы. Найчасцей мы кажам, што гэта былі страшна грэшныя гарады, а адзіны праведнік там быў Лот са сваёй сям’ёй. Выключэннем можна лічыць жонку Лота, якая насуперак наказу анёлаў азірнулася ў бок палаючых гарадоў і стала саляным слупом.
Але калі ўважліва прачытаць усю гэтую гісторыю, то можа аказацца, што не зусім яны былі і праведнікі. Мужы дачок Лота не паверылі ў кару Божую, жонка азірнулася, дочкі Лота пасля зыходу дадумаліся пераспаць са сваім бацькам. Ды і сам Лот, як кажа Біблія, не спяшаўся выходзіць з горада: яго там як быццам штосьці трымала. Біблія кажа, што Бог вывеў Лота за руку, нібы прымусам, з вялікай міласці да яго, а таксама з прычыны заступніцтва Абрагама, які так прасіў Бога за гэтыя гарады (гл. Быц 19, 15–33).
Чаму вучыць нас гэтая гісторыя? Яна паказвае, што, жывучы сярод зла, вельмі цяжка застацца верным Богу і ісці наперад. Усю сям’ю Лота штосьці як быццам прымушае азірацца.
Зразумела, што мы, вернікі, не можам схавацца на Марсе, але мы павінны памятаць, які ўплыў на нас аказвае грэшны свет, і праяўляць асаблівую асцярожнасць: увесь час трэба чуваць.
Магчыма, многія з вас заўважылі, што не мы, вернікі, змяняем свет ці ўплываем на яго, але вельмі часта гэты свет змяняе нас. Гэта як багатыя і распусныя Садом і Гамора паступова «засмоктвалі» Лота і яго сям’ю так, што Богу давялося іх вырываць адтуль, як з балотнай твані.
Нам таксама трэба рабіць высновы.
Заданне падумаць: паразважай пра ўплыў асяроддзя і гэтага свету на цябе.