Пошук

03.03.2019 14:00   Тэкст: Кс. Аляксандр Жарнасек МІС / Catholic.by
Фота: pixabay.com

Праз некалькі дзён распачнецца Вялікі пост. Перад гэтым асаблівым перыядам партал Catholic.by прапануе разважанне кс. Аляксандра Жарнасека, апублікаванае ў «Вінаградніку», якое дапаможа настроіць душу на адпаведны лад.

Працяг. Пачатак ТУТ>>>

ВЯРТАННЕ ПРАЗ УСПАМІНЫ

Божы наказ пра памяць

Найперш хочацца сказаць, што памяць і ўспаміны не з’яўляюцца чымсьці дрэнным. Больш за тое, Бог наказвае нам і вучыць нас памятаць пра важныя падзеі, узгадваць пра іх і перадаваць наступным пакаленням. Менавіта таму Бог вучыць Майсея:

Аднак сцеражыся і пільнуй душу сваю, каб ты не забыў пра справы, што бачылі вочы твае, і каб яны не выйшлі з твайго сэрца ва ўсе дні жыцця твайго. Ты раскажаш пра іх сынам і ўнукам тваім (Дрг 4, 9).

Прарок Майсей. 24smi.org

Калі спытаецца ў цябе сын твой у наступныя часы, кажучы: «Што гэта за наказы, пастановы і законы, якія даў вам Пан Бог ваш?», то скажы сыну твайму: «Нявольнікамі былі мы ў фараона ў Егіпце, але Пан вывеў нас з Егіпта моцнаю рукою, і з’явіў нам Пан знакі і цуды вялікія, і кары над Егіптам, над фараонам і ўсім яго домам перад вачыма нашымі» (пар. Дрг 6, 20–22).

Езус сказаў апосталам, што прыйдзе час і Дух Святы будзе нагадваць усё тое, што Ён сам казаў ім. Менавіта так з’явілася Евангелле, ды і ўвогуле ўся Біблія. Гэта не проста нормы таго, як трэба жыць. У Святым Пісанні знаходзіцца мноства фактаў Божага дзеяння. Дзякуючы таму, што Дух Святы нагадаў, а людзі сталі запісваць, мы маем магчымасць і надалей чуць голас Божага Сына і вучыцца ў Бога.

Памяць і напамін у духоўным жыцці мае вялікае значэнне.

Асабіста я вельмі цаню тое, што важныя для мяне рэчы, якія рабіў ці казаў Бог, запісаныя. Гаворка тут не пра пабожныя разважанні, а пра факты той ці іншай Божай прысутнасці. Наіўна думаць, што памяць нас не падвядзе. Часам многія перажываюць сумнівы ў веры, калі здаецца, што ты ўсё сабе выдумаў, а можа, усяго гэтага і не было… Думаю, што гэта злы дух спрабуе сціраць у нашай чалавечай памяці Божыя рэчы.

Ілюстрацыйная выява. ecoterica.com

Мне часам пачынала здавацца, што ў мяне і не было такіх страхаў у жыцці, ад якіх вызваліў мяне Бог. Мне здавалася, што, можа, я многае сабе надумаў. Але калі разгортваю свае старыя запісы ці апісанні, то сумнівы хутка развейваюцца, бо памяць нібы ажывае.

Таму многім бы раіў важныя для сябе духоўныя рэчы запісваць ці хоць бы неяк пазначаць.

Усё, што чулі мы і што пазналі, пра што распавядалі нам айцы, раскажам будучаму пакаленню пра хвалу Пана і Ягоную моц, і цуды Ягоныя, якія Ён учыніў. Ён даў запаведзь Якубу і ўстанавіў закон у Ізраэлі, каб яны паўсталі і абвясцілі сваім дзецям, што трэба спадзявацца на Бога, не забываць пра Божыя справы і захоўваць Ягоныя запаведзі. Няхай не будуць, як іх айцы, упартым і бунтаўнічым пакаленнем, пакаленнем, якое не мела сталага сэрца, а іхні дух не быў верны Богу (пар. Пс 78 (77), 3–8).

Менавіта таму Бог наказвае ізраэльцянам святкаваць Пасху. Рэч не проста ў абрадах і традыцыі. Рэч у тым, каб памятаць, каб не забываць, каб перадаць гэтыя факты наступным пакаленням.

Менавіта таму тэма святкавання — гэта перадусім тэма фармацыі пакаленняў.

Нават у свецкім жыцці мы бачым, як ідзе барацьба за дзяржаўныя святы і розныя помнікі. Чаму? Бо яны нагадваюць пра факты гісторыі і пры ўмелым выкарыстанні фармуюць грамадства.

Ілюстрацыйная выява.1reg.by

Нам варта памятаць пра дабро, якое для нас зрабіў Бог. Святы Ігнацый Лаёла раіць, што ў хвіліны выпрабаванняў (пакінутасці) трэба ўзгадваць, што некалі так не было, што Бог даваў суцяшэнне праз тое дабро, якое рабіў у жыцці чалавека, а значыць, можа даць яго зноў.

Заданне падумаць: ці ўзгадваеш пра важныя моманты Божай прысутнасці ў жыцці? Ці дзелішся гэтымі момантамі з бліжнімі (з дзецьмі, сям’ёй)? Ці не варта пачаць запісваць важныя падзеі?

Ілюстрацыйная выява. fobiya.info

Успаміны пра грэх

З аднаго боку, памяць пра старое грахоўнае жыццё мае свае плюсы. Чалавек тады менш паддаецца самалюбству і не ўзносіцца ў ганарыстасці; перажыўшы цяжар граху, не будзе наіўным, праявіць большую асцярожнасць, будзе часткова ведаць тактыку ворага, а значыць, можа пазбегнуць духоўных падзенняў, можа падзяліцца сваім балючым вопытам з іншымі для перасцярогі іх ад зла і г.д.

У Бібліі мы чытаем, што таму, хто любіць Бога, усё садзейнічае на дабро. Бог сапраўды з найгоршых сітуацый здольны зрабіць дабро.

Думаю, што ні апостал Пётр не забыўся пра сваю здраду, ні Павел не забыўся пра тое, як ён знішчаў хрысціянаў. І гэта, безумоўна, паўплывала на іх духоўны рост.

Але, з іншага боку, вельмі часта злы дух нагадвае нам пра нашыя грахі, каб пасеяць паніку, страх, нелюбоў да сябе, нявер’е ў Божую любоў і прабачэнне. Успамін пра балючае грэшнае мінулае часта не дазваляе ісці наперад. У гэтым асуджэнні ёсць стратэгія ворага, і вельмі сур’ёзная. Што з усім гэтым рабіць?

Бо калі сэрца нашае асуджае нас, то Бог большы за нашае сэрца і ведае ўсё. Умілаваныя, калі сэрца нашае не асуджае нас, то мы маем адвагу перад Богам. Аб чым ні папросім, атрымаем ад Яго, бо захоўваем запаведзі Ягоныя і робім тое, што Яму падабаецца (1 Ян 3, 20–22).

Гэты няпросты тэкст апостала Яна па-рознаму тлумачаць. Адны кажуць, што калі сэрца нашае нас асуджае, то тым больш будзе асуджаць Бог. Але іншыя каментуюць, што сэрца наша можа быць хворае і яно не заўсёды дае правільныя падказкі.

Ілюстрацыйная выява. elegantnewyork.com

Напрыклад, часам эмацыйныя перажыванні мы ўспрымаем як Божае натхненне; часам сэрца настолькі прызвычайваецца да граху, што больш не бачыць зла, а часам гэтае сэрца не ведае любові Бога, баіцца Яго і ўвогуле мала з Ім знаёмае. І тады гэтае сэрца можа мучыць чалавека за грахі, хоць Бог даўно ўжо не асуджае, або можа спрабаваць пераконваць чалавека, што Бога трэба «пакарыць» сваёй ідэальнасцю, бязгрэшнасцю, беспамылковасцю і г.д.

Зразумела, што чалавеку не ўдаецца гэтага дасягнуць, і сэрца пачынае асуджаць яшчэ больш: ты няварты Божай любові. Гэтае асуджэнне сэрца вынікае з частковага няведання Бога, і, само сабой, злы аказвае ўплыў на такое хворае і зраненае сэрца.

Апостал Ян кажа, што Бог большы за нашае сэрца.

І, заўважце, самаасуджэнне сканчваецца тады, калі нараджаецца адвага перад Богам і мы пачынаем смела ў веры да Яго звяртацца.

Ілюстрацыйная выява. religion.trendolizer.com

Такім чынам, як супрацьстаяць стратэгіі ворага, які нас асуджае? Перш за ўсё, трэба моцна стаяць у веры, што Бог мне прабачыў (пры ўмове, канечне, што я пакаяўся і дайшоў да споведзі).

Духоўная барацьба. Памяць, думкі, эмоцыі гоняць нас у адзін бок, а ты, насуперак ім усім, павінен моцна вызнаваць у веры: «Бог мне прабачыў і кропка».

Разумеючы, што гэтае «самаасуджэнне» ёсць атакай д’ябла, трэба ў малітве ў імя Езуса Хрыста выракацца грэшных думак і нападаў.

Гэта не проста разважанні. Трэба сапраўды маліцца, нават уголас:

«У імя Езуса Хрыста я адракаюся ад цябе, злы дух самаасуджэння, я забараняю табе дзейнічаць у маім жыцці, я не прымаю тваіх думак і перажыванняў, я вызнаю веру ў тое, што Бог са мною і што Ён мне прабачыў».

Часам такую або падобную малітву трэба паўтараць некалькі разоў, часам шмат дзён ці нават месяцаў. Усё гэта мае сэнс толькі тады, калі мы разумеем, што ідзе размова пра духоўную барацьбу і духоўную атаку ворага. Таксама важна памятаць, што ні ў якім выпадку нельга капацца ў гэтых думках самаасуджэння, разбірацца чарговы раз у іх, разважаць і г.д.

Бог, прабачаючы грэх, больш не ўзгадвае пра яго.

Подпіс пад малюнкам: «Грахі — споведзь». sukhovolya-tserkva.org.ua

Ён дазваляе нам пісаць на новай паперы нашую гісторыю, таму такое «капанне» часта не ад Яго. Паўтаруся, што само сабой ідзе размова пра сітуацыю, калі чалавек глыбока і шчыра раскаяўся на споведзі за ўчынены грэх і атрымаў адпушчэнне граху.

У сувязі з тым, што вера мае вялізнае значэнне, хачу сказаць, што асабіста я вельмі крытычна стаўлюся да пабожнай практыкі т.зв. «генеральнай споведзі».

Калі «генеральная споведзь» мае значэнне і павінна адбыцца? Калі папярэдняя споведзь ці споведзі былі неадпаведнымі.

Напрыклад, калі чалавек утаіў грэх, або многіх грахоў проста не ведаў доўгія гады, або спавядаўся агульна, не называючы грэх канкрэтна па імені, або так вызнаваў грэх, каб святар не зразумеў, пра што ідзе размова. Так ці інакш, ідзе размова пра споведзі, якія былі або маглі быць у нейкім сэнсе святатацкімі. Калі ж споведзі былі абсалютна адэкватнымі, а чалавеку проста дрэнна са сваімі ўспамінамі і яму хочацца чарговы раз гэта вызнаць ці проста пагаварыць, то, на маю думку, такія «генеральныя споведзі» не толькі не маюць сэнсу, але нават шкодныя.

Чаму? Бо чалавек спрабуе праз іх супакоіць свае эмоцыі, свой душэўны стан, замест таго, каб вучыцца стаяць у веры пра Божую міласэрнасць, любоў і прабачэнне. Вызнаючы чарговы раз свае старыя грахі, чалавек часта супакойвае свае эмоцыі толькі на кароткі час, але зусім не адбываецца кроку веры, няма духоўнага росту і сітуацыя ў корані не мяняецца.

Ілюстрацыйная выява. pexels.com

Хтосьці, каментуючы логіку «генеральнай споведзі», сказаў, што мы азіраемся назад, нібы ў люстэрка ў машыне, дзеля таго, каб ехаць наперад. Параўнанне прыгожае, канечне, вось толькі пытанне, ці сапраўды пасля таго чарговага «азірання» ўдаецца ехаць наперад?

Заданне падумаць: ці маеш вопыт стаяць у веры насуперак сваім перажыванням і думкам? Калі не, то паспрабуй гэта рабіць у простай малітве, згаданай вышэй.

Працяг ТУТ>>>

Абноўлена 05.03.2019 20:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця