Пошук

20.01.2019 10:45   Бп. Юзаф Станеўскі / Catholic.by
У палёце на СДМ у Панаму / Фота Grodnensis.by

Калі за вакном мороз і зябка — дзяліся цеплынёю свайго сэрца. А калі звонку цёмна і маркотна — асвятлі промнем сваёй душы.

Дарагія браты і сёстры, любая моладзь! З партала Catholic.by вы ўжо ведаеце, што з 22 па 27 студзеня o Панаме пройдуць 34-я Сусветныя дні моладзі, у якіх возьме ўдзел таксама дэлегацыя з нашай краіны.

Гэтая інфармацыя, напэўна, нікога не здзівіла, бо пра гэтае мерапрыемства ўжо даўно вялася гаворка. Яшчэ тры гады таму ў Кракаве падчас 31-х Сусветных дзён моладзі папа Францішак абвясціў аб гэтым і прапанаваў моладзі паразважаць над словамі Маці Божай з Евангелля паводле Лукі: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (пар. Лк 1, 38).

Пантыфік запрасіў нас ажно ў Панаму. Далёка? Вельмі далёка. Аднак мы ведаем, што Касцёл не мае межаў. У Панаме цяпер зіма, але снегу няма і +30. Таму тыя, што вырашылі туды накіравацца, напэўна, сагрэюцца.

Вядома, што едзем туды не на адпачынак і не загараць, а дзяліцца досведам веры.

У нашых сэрцах і заплечніках будуць сабраныя ўсе і ўсё, што ўтварае нашую «малую радзіму», каб акунуцца і зачэрпнуць, узбагаціць і засведчыць аб нашай веры.

Я вельмі ўдзячны тым, хто вырашыў быць і сведчыць у Панаме перад «маладым Касцёлам» пра нашую маладосць веры. Напэўна, не абышлося і без спонсараў — нашых родных, таму ім асаблівая падзяка.

З нашага боку абяцаем пра малітву за ўсіх, хто ў гэтыя дні здае іспыты: сесія ёсць сесія, будзем памятаць пра вас і, просім, памятайце пра нас. «Маліся за мяне, а я за цябе, каб не быць нам у бядзе».

Прапаную таксама беларускамоўную версію Гімна 34-х Сусветных дзён моладзі (можа, хтосьці заспявае з намі на адлегласці).

Мы, пілігрымы, сёння прыбылі сюды
з розных кантынентаў, гарадоў і вёсак.
Добрую навіну хочам свету абвяшчаць мы,
Кожны з нас — гэта Хрыста місіянер.

Так, як Марыя, хочам адказаць мы «Так»
на Твой заклік і Твой «план».
Радуецца неба і гучыць спевам хвалы,
уся зямля праслаўляе Твае справы.

Пр. Вось я, слуга майго Пана.
Хай мне станецца паводле Твайго слова. (2х)

Вось я, Твая слуга,
Вось я, Твая дачка,
Вось я, Твой сын

Тaк, як Марыя, хочам разам мы пайсці
як Касцёл, несці Тваю любоў.
Маладыя сведкі і верныя вучні,
Поўныя веры, радасці, паклікання.

Пр. Вось я, слуга майго Пана.
Хай мне станецца паводле Твайго слова. (2х)

Не страшыцеся, не бойцеся
занесці свету Божую любоў.
Аддаць Яму жыццё, так, як Марыя
Паказала нам, як быць слугою.

Пр. Вось я, слуга майго Пана.
Хай мне станецца паводле Твайго слова. (6х)

Абноўлена 22.01.2019 08:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа