Пошук

03.11.2017 12:09   Тэкст і фота: Марына Валасар / Catholic.by

Хтосьці едзе ў Мінск па справах, хтосьці проста тут адпачывае. У гэтым падарожжы вельмі добрай духоўнай падпіткай будзе наведванне святыні. Куды схадзіць на Імшу ў Мінску? Гэтым разам знаёмім вас з капліцамі і некаторымі іншымі месцамі для малітваў у сталіцы.

Капліца Божага Цела (мікрараён Ангарская)

Гісторыя капліцы распачалася ў 2005 годзе, калі падчас святкавання Году Эўхарыстыі, было вырашана заснаваць у сталіцы парафію Божага Цела. Гэтае рашэнне падпісаў кардынал Казімір Свёнтэк. Выканаць гэтую місію было даручана кс. Ігару Лашуку, а ў хуткім часе апека над парафіяй была даручана айцам кармэлітам босых.

Ужо 18 студзеня 2007 года парафія Божага Цела ў Мінску была зарэгістравана. Месцамі малітваў былі прыватныя памяшканні , а пазней — актавая зала ЖЭСа № 74.

У 2010 годзе пад будаўніцтва святыні быў абраны ўчастак зямлі, а ў 2011-м адбылося благаслаўленне пляцоўкі пад будаўніцтва. Праз год — 3 ліпеня 2012 года Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч асвяціў капліцу Маці Божай Шкаплернай.

«З ранняга дзяцінства хаджу ў гэтую капліцу. Тут і Першую Камунію прымаў, і сакрамэнт канфірмацыі. Хадзіў і зараз хаджу на розныя катэхезы і моладзевыя сустрэчы. Вельмі шаную гэтую парафію за яе простасць. Тут няма такога шуму як, магчыма, у вялікіх касцёлах. Мне асабіста гэта дапамагае лепей адасобіцца з Богам і паразмаўляць з Ім як са сваім сябрам. А яшчэ, тут мне заўсёды радыя парафіяне, а таксама сябры, з якімі я пасябраваў з самага дзяцінства», — дзеліцца парафіянін, сёлетні выпускнік школы, Андрэй Луцкі.

Пры парафіі існуе Супольнасць свецкіх кармэлітаў босых, куды ўваходзяць верніцы Соф’я Сельчанкова і Стэфанія Мукамолава. Жанчыны належаць да парафіі Божага Цела ад пачатку яе заснавання. Памятаюць, як хадзілі маліцца ў будынак ЖЭСа № 74, як будавалася і благаслаўлялася капліца, як асабіста яны і іншыя вернікі дапамагалі кармэлітам «прыбіраць будаўнічае смецце», таму вельмі шануюць гэтае месца.

«Мы вельмі радыя, што ў нас гаспадараць кармэліты босыя. Яны вельмі добра да нас ставяцца, а гэтая капліца — нібы наш родны дом. Ходзім сюды даволі часта», — дзеліцца Соф'я Сельчанкова.

«Ведаеце, вера дапамагае заставацца чалавекам. Яна мне асабіста не дае магчымасці звярнуць кудысьці ў іншы бок. Вучыць быць міласэрным да кожнага чалавека, уважлівым і беражлівым», — заўважае Стэфанія Мукамолава.

Адрас капліцы і расклад св. Імшаў››

Капліца св. Яна Хрысціцеля (мікрараён Серабранка)

Парафія св. Яна Хрысціцеля была створана ў 1991 годзе. 21 лістапада 1991 года кардынал Казімір Свёнтэк зацвердзіў яе прыналежнасць да Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Дзяржаўную рэгістрацыю яна атрымала ў 1996 годзе. Набажэнствы праводзіліся ў прыватным доме па вул. Маляўкі, 13. А з ліпеня 1997 г. да 22 чэрвеня 2002 г. — у актавай зале ЖЭСа № 80. У жніўні 2001 года распачалося будаўніцтва капліцы.

На працягу ўсяго часу будоўлі і аж да благаслаўлення святыні парафіяне кожны дзень а 10:00 збіраліся каля крыжа і маліліся на ружанцы, просячы заступніцтва ў гэтай справе ў Маці Божай Успамогі Хрысціянаў. Малітвы былі пачутыя. 24 чэрвеня 2002 года капліца была благаслаўлена дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Кірылам Клімовічам. Першую святую Імшу ў новазбудаванай святыні цэлебраваў 23 чэрвеня 2002 года Апостальскі нунцый у Беларусі Іван Юркавіч.

У парафіі служаць святары, якія належаць да таварыства святога Францішка Сальскага (салезіяне), якія актыўна працуюць з моладдзю, наладжваючы розныя мерапрыемствы і спаборніцтвы. Пры парафіі дзейнічае салезіянскі моладзевы цэнтр — араторый, а побач з капліцай будуецца новы касцёл.

«Калі я прыехала ў Мінск, то першай капліцай, якую наведала, была капліца ў Серабранцы, бо тут жыла мая сяброўка. Перад тым, як падаць дакументы на вучобу, мы схадзілі на Імшу, а ўжо потым пайшлі ва ўніверсітэт. Мне было крыху не па сабе, бо тады была вельмі моцная спякота. Таму, калі выйшлі з капліцы, каб папіць крыху вады, да нас падышла адна жанчына і сказала: “калі Вы будзеце тут студэнткай, то запрашаю на катэхезу. Прыходзьце”. І ўжо ў першы дзень, калі я прыехала ў Мінск як студэнтка, я прыйшла сюды на святую Імшу. Сястра Тэрэза пераблытала мяне з іншай дзяўчынай, і запрасіла на катэхезу для дзяўчат. І цяпер я разумею, што ў вельмі важныя моманты мне не трэба было нікуды ісці ці бегчы, Бог сам паклапаціўся пра маё духоўнае развіццё, і я зразумела вельмі добра, што гэта сапраўды тое месца, куды мяне Бог паклікаў, і дзе будзе клапаціцца пра мяне», — распавядае студэнтка Ірына Гінько.

Дзяўчына лічыць, што вельмі важна знаходзіцца сярод людзей свайго ўзросту, «таму што яны цябе разумеюць». «Таму, мабыць, я сюды і хаджу. Мне тут утульна», — дадае Ірына.

Адрас капліцы і расклад святых Імшаў››

Капліца Маці Божай Ружанцовай (Лошыца)

Парафія Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы была зарэгістравана 19 сакавіка 1997 года. Аднак малітоўная супольнасць тут існавала яшчэ з ХVIII ст. У Лошыцкім парку знаходзяцца руіны былой капліцы, пабудаванай у 1788 года. Менавіта яе спачатку і марылі адрэстаўраваць парафіяне. Але з-за многіх прычынаў ад гэтай ідэі прыйшлося адмовіцца. Святыя Імшы праводзіліся каля руін капліцы, у дамах саміх вернікаў і ў будынку ЖЭСа.

У 2003 годзе пачалося будаўніцтва новай капліцы. Яе благаславіў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 5 чэрвеня 2010 года. У гэты ж дзень парафіянам быў перададзены і змешчаны ў капліцы абраз Божай Міласэрнасці. У будучыні каля капліцы плануецца будаўніцтва Нацыянальнага Санктуарыя Божай Міласэрнасці.

«Я ўжо 5 гадоў хаджу ў гэтую парафію, за што дзякую Пану Богу. Знаходзячыся на Імшы, я адчуваю Яго прысутнасць. У мяне шмат хваробаў. З Божай дапамогай я спраўляюся з Імі. Таксама я вельмі люблю нашых святароў – кс. Яна і кс. Генадзя. Яны так добра кажуць пра слова Божае і пра прысутнасць Бога. Я радуюся, што ў нас ёсць такая парафія. Людзі ўсе чулыя, добрыя, многа дзетак, якія прыходзяць і так цудоўна спяваюць і слухаюць пра Пана Бога. У нашай парафіі кожны дзень адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, таму можна прыйсці памаліцца і атрымаць Божае Благаслаўленне», — распавядае парафіянка Марыя Кулікоўская.

Кожны дзень у 15:00 з капліцы Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы праводзіцца прамая трансляцыя Вяночка да Божай Міласэрнасці.

Адрас капліцы і расклад св. Імшаў››

Капліца Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (Сухарава)

Парафія Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі была заснаваная ў 2007 годзе. Ініцыятарам стаў біскуп Антоні Дзям’янка. Ён таксама запрасіў ордэн марыянаў у Мінск. Першым пробашчам быў а. Аляксандр Жарнасек MIC, дзякуючы яго намаганням парафія была зарэгістравана, але потым яго перавялі на іншае месца, і з 2008 года пробашчам парафіі з’яўляецца а. Аляксандр Шамрыцкі MIC.

На пачатку вернікі маліліся ў капліцы на Каменнай Горцы, а потым 2-3 гады сустракаліся ў 117-м ЖЭСе. Паступова пачалося будаўніцтва капліцы. 16 мая 2014 года святыня была благаслаўлёная арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

У парафіі праводзіцца шмат катэхезаў для дзяцей і моладзі розных узростаў. Ёсць Эўхарыстычны рух маладых, біблійныя колы, «Маці ў малітве», кола святога ружанца, рух Факаляраў, «Маргарытка». У капліцы знаходзяцца рэліквіі св. Уршулі Ледухоўскай і а. Станіслава Папчынскага, заснавальніка ордэна марыянаў. Два разы на год арганізуюцца пілігрымкі ў Росіцу — месца мучаніцкай смерці братоў марыянаў — кс. Антонія Ляшчэвіча і кс. Юрыя Кашыры. Таксама арганізоўваюцца пілігрымкі ў Гару Кальварыю ў Польшчы, дзе знаходзіцца труна з целам заснавальніка ордэна марыянаў, айца Станіслава Папчынскага, а таксама пілігрымкі ў Пневы, дзе знаходзіцца труна з целам заснавацельніцы ордэна сясцёр уршулянак — св. Уршулі Ледухоўскай. Моладзь з парафіі ў Сухараве стварыла знакаміты электронны «Малітоўнік» для смартфонаў.

«У нашай капліцы вельмі еўрапейскі выгляд. Яна акуратная і кампактная. Але ходзім сюды не таму, што яна прыгожая, а таму, што нам тут падабаецца. Нашыя святары — малайцы. Яны сапраўды дыпламаты. Ёсць у іх такая рыса. Верым ім, што яны шчырыя. Дапамагаюць павялічваць нашу веру», — дзеліцца парафіянка Таіса Пятроўская.

«Я з маленства хадзіла ў касцёл — спачатку ў Ракаве, а потым атрымала кватэру тут, у Сухарава. І вось хаджу ў гэтую капліцу з моманту яе будаўніцтва. Мне тут вельмі падабаецца, таму што я неяк сюды душой пацягнулася. Люблю Бога, веру і дзякую Яму, што прыцягнуў мяне да Сябе», — заўважае парафіянка Валянціна Крывіцкая.

Адрас капліцы і расклад св. Імшаў››

Парафія Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ (Кунцаўшчына-Масюкоўшчына)

У 2006 годзе біскуп Антоні Дзям’янка запрасіў айцоў францішканаў заняцца арганізацыяй новай парафіі ў мікрараёне Кунцаўшчына-Дамброўка і Каменная Горка. У лістападзе 2006 года распачаўся збор подпісаў для дзяржаўнай рэгістрацыі. Парафія Cв. Яна Евангеліста і Максімільяна Кольбэ была зарэгістравана 2 лютага 2007 г. Пробашчам быў прызначаны а. Аляксандр Пісарук OFM.

Спачатку малітвы і набажэнствы адбываліся ў суседняй парафіі Маці Божай Будслаўскай. У 2008 годзе парафія атрымала дазвол на пабудову капліцы. І ўжо праз два гады — 22 мая 2010 года, адбылося ўрачыстае благаслаўленне капліцы.

У верасні 2014 года парафію пакінулі айцы францішкане, а на іх месца прыбылі айцы хрыстусоўцы. 14 верасня 2014 года адбылася перадача парафіі. З лістапада 2016 года вядзецца будаўніцтва новага касцёла. Сёння ў парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбэ нясуць служэнні два святары хрыстусоўцы, а з верасня 2017 года — дзве сястры назарэтанкі.

Марыі Удовінай пра невялічкую каплічку на ўзгорку два гады таму распавяла яе суседка. Тады, у Папяльцовую сераду, жанчына ўпершыню пазнаёмілася з парафіяй.

«Тут у мяне ўжо сфармаваўся свой калектыў. Вельмі шчырыя святары, да іх з якім пытаннем не падыдзі, заўсёды адкажуць. Добразычлівыя і добрыя. Мне так тут падабаецца, што нават не магу словамі перадаць. Толькі тут і бываю. Хаджу ў нядзелю і ў будні, калі атрымліваецца. А на маёвыя і набажэнствы да Сэрца Езуса стараюся кожны вечар хадзіць», — дзеліцца жанчына.

«Каплічка маленькая… Я стараюся ў нядзелю на дзіцячую службу не ісці, бо тут многа дзяцей. А вось, напрыклад, калі набажэнства да Сэрца Пана Езуса, то спакойна, свабодна. Нягледзячы на пэўныя нязручнасці, мяне сюды “ногі самі вядуць”. Тут святары ўсё даступна растлумачаць і раскажуць. Зараз у нас будуецца новы касцёл. Пастаянна молімся ў гэтай інтэнцыі», — гаворыць Марыя Вайненка.

«Я вучуся, сама прыезджая. Калі заходжу ў гэтую капліцу, то няма пачуцця адзіноты. У гэтай капліцы не толькі адчуваецца прысутнасць Бога, але і падтрымка ўсіх парафіян, моладзі, святароў, за што я ім вельмі ўдзячная», — заўважае Наталля Урбановіч.

Адрас капліцы і расклад св. Імшаў››

Капліца св. Міхала Арханёла пры Душпастырскім цэнтры пры епіскапаце Беларусі (Зялёны Луг)

Парафія Свв. Апосталаў Пятра і Паўла і Яўгена дэ Мазэно ў Зялёным Лузе была зарэгістравана ў 2007 годзе. Праз год пачалася рэканструкцыя аднаго з памяшканняў Душпастырскага цэнтра пад капліцу. Яе ініцыятарам стаў біскуп Антоні Дзям’янка. Капліца была благаслаўлена дзяржсакратаром Апостальскай сталіцы, кардыналам Тарчызіа Бертонэ 20 чэрвеня 2008 года. У парафіі нясуць сваё служэнне браты з супольнасці Місіянераў Аблатаў Марыі Беззаганнай (аблаты) і манахіні з супольнасці сясцёр Міласэрнасці св. Вінцэнта дэ Поля (шарыткі).

«Наведваю капліцу на Кальцова каля 5 гадоў. Чаму хаджу менавіта сюды? Калісьці хадзіла на Залатую Горку, але пасля айцы аблаты перабраліся сюды — і я таксама, бо прызвычаілася. Тады гэта была першая з прычын, але з часам яны змяніліся. Увогуле, я люблю невялікі касцёл, дзе ціха, няма турыстаў, ёсць усе ўмовы памаліцца, падумаць. Але самае галоўнае — з часам я займела супольнасць, сапраўдную сям’ю. І зараз, калі парафія вырашае розныя пытанні, арганізоўвае мерапрыемствы, прымае гасцей — я хвалююся, часам удзельнічаю, адным словам, адчуваю адказнасць. Я вельмі люблю нашу капліцу, але найважней для мяне людзі і іх любоў», — заўважае парафіянка Людміла Яхімоўская.

Адрас капліцы і расклад св. Імшаў››

Месца для малітвы (Парафія св. Антонія, Малінаўка)

Парафія св. Антонія ў мікрараёне Малінаўка існуе ў Мінску з 1996 года. У чэрвені 2005 года дэкрэтам Кардынала Казіміра Свёнтка выконваючым абавязкі пробашча парафіі быў прызначаны кс. Сяргей Пекачоў. Набажэнствы адбываюцца ў будынку ЖЭСа № 84. На дадзены момант будуецца новы касцёл.

«Спачатку я хадзіла ў касцёл на Залатой Горцы, і калі наш кс. Сяргей прыбыў у Мінск, ён там служыў. Потым, калі мы пачалі збірацца тут, у ЖЭСе, я хадзіла адну нядзелю сюды, а другую — на Залатую Горку. А ксёндз Міхал Сапель сказаў: “Не рабі так, ідзі і падтрымлівай кс. Сяргея”. І вось ужо 12 гадоў падтрымліваем, дапамагаем усім, чым можам. Ходзім прыбіраць, калі няма міністрантаў — выконваем абавязкі міністрантаў», — гаворыць Людміла Вахрамеева.

Жанчына распавяла, што са з’яўленнем у свецкім будынку католікаў, жыццё самога ЖЭСа таксама змянілася.

«Нам вельмі ўдзячныя зараз супрацоўнікі. Кажуць: “у вас такое намоленае месца, паглядзіце, як у вас кветкі добра растуць”. І калі ў іх нейкая кветка пачынае гінуць, яны прыносяць нам яе, каб яна ў нас ажыла. Ажываюць. Да нас нават сталі прыходзіць людзі, якія лічылі сябе праваслаўнымі. І па-мойму, хтосьці адзін з іх (здаецца, жанчына) стала каталічкай», – распавяла Людміла.

Адрас і расклад св. Імшаў у ЖЭСе №84

 

Абноўлена 24.11.2017 11:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа