29 верасня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята святых Арханёлаў Міхала Габрыэля і Рафала. Пра культ святога Арханёла Міхала на нашых землях апавядае гісторык Алесь Белы ў сваім посце на платформе Patreon.
Святога Міхала Арханёла называюць «князем войска нябеснага». Паводле габрэйскай традыцыі, Мікаэль — адзін з чатырох галоўных анёлаў разам з Габрыэлем, Урыэлем і Рафаэлем, якія стаяць перад пасадам Найвышэйшага і ахоўваюць чатыры бакі свету. Гэтую традыцыю пераняло не толькі хрысціянства, але і іслам. Падчас бунту анёлаў на чале з Люцыферам Мікаэль застаўся верным Богу і ўзначаліў анёлаў, якія нанеслі паражэнне бунтаўнікам і аднавілі Боскі парадак на небе. «Мі ка эль» (на іўрыце מיכאל) літаральна азначае «Хто як Бог?» у значэнні «ніхто не роўны Богу» — рытарычнае пытанне, якое Міхал паставіў рубам перад анёламі, якія вагаліся, каго падтрымаць.
У кантэксце Старога Запавету Міхал — старэйшы пасланец Усемагутнага і абаронца народа Ізраэля. У хрысціянстве на месцы Ізраэля разумеецца ўся супольнасць вернікаў — Касцёл.
У яўным выглядзе ў Старым Запавеце імя Міхала згадваецца толькі ў кнізе прарока Даніэля, але хрысціянская традыцыя мае яго на ўвазе і ў вобразе анёла, які ўстае на шляху Балаама, калі той збіраецца праклясці Ізраэль (гл. Ліч 22, 22), і ён жа з’яўляецца Езусу Навіну як Правадыр войскаў Панскіх (гл. Нав 5, 12–15).
Роля Міхала ў бітве Дабра і Зла атрымала далейшае развіццё ў сярэднявечнай хрысціянскай эсхаталогіі. Рэлігійная традыцыя стала прыпісваць Міхаілу не толькі перамогу над сатаной, але і ролю суддзі на Страшным судзе, на які ён закліча душы трубным голасам. Таму яго сталі выяўляць не толькі з мячом, але і з шалямі, на якіх ён узважвае добрыя і благія ўчынкі кожнага чалавека. Сярод эпітэтаў Арханёла — Князь анёлаў, Анёл справядлівасці, Стражнік Раю, Абаронца Касцёла Хрыстовага, Князь душаў, Давераны Божы.
Свята ў гонар святога Міхала Арханёла ў каталіцкім календары было ўсталявана ў сярэдзіне V стагоддзя Папам Львом Вялікім у гадавіну асвячэння першай заходняй базылікі, прысвечанай яму ў прадмесці Рыма, і першапачаткова адзначалася 30 верасня. Папа Гелазій I у 493 годзе перанёс свята на 29 верасня. Да XVІІI стагоддзя яно было адной з найвялікшых гадавых урачыстасцяў. Яе англійская назва Michaelmas мае тую ж структуру, што і Christmas — Божае Нараджэнне, што сведчыць пра яе колішнюю важнасць. «Паніжэнне» рангу святкавання ў гонар святога Міхала можна аднесці на рахунак большага скептыцызма і рацыяналізма, аслаблення народнага хрысціянскага пачуцця, у тым ліку культу анёлаў, у эпоху Асветніцтва, у якую быў легалізаваны атэізм.
Найбольш славуты санктуарый святога Міхала Арханёла знаходзіцца ў італьянскай правінцыі Апулія, на высокай гары на Гарганскім паўвостраве, які часам называюць «шпорай» італьянскага «бота». Санктуарый лічыцца так званай «Нябеснай базылікай», заснаванай самім Арханёлам. З 490 года на гэтай гары шмат разоў на працягу двух стагоддзяў ён аб’яўляўся розным людзям, і гэта заўжды суправаджалася цудоўнымі аздараўленнямі і вернымі прароцтвамі.
Пабудаваная ў гэтым месцы святыня Monte Sant’Angelo («гара святога Анёла») стала з цягам часу месцам масавага пакланення святому Міхалу, вядомым па ўсім каталіцкім свеце.
Цікава, што ўсе 7 найбольш славутых месцаў яго культу, нанесеныя на сучасную карту, знаходзяцца на адной прамой лініі, якую называюць «Меч святога Міхала».
Яна пачынаецца ў Ірландыі, праходзіць праз Корнуал, Францыю (славутую Мон-сэн-Мішэль), італьянскія П’емонт і Апулію, грэчаскі востраў Сімі і сканчваецца ў Сірыі. Лічыцца, што гэта след ад удару мяча, якім Арханёл Міхал адправіў (і адправіць ізноў) сатану ў пекла. Нават з улікам таго, што прамой гэтая лінія выглядае ў пэўнай картаграфічнай праекцыі, такое размяшчэнне святыняў выглядае сапраўды як цуд.
Копія цудадзейнай фігуры Св. Міхала з Гаргана з ініцыятывы ксяндза каноніка Ігара Лашука ў 2019–2020 гадах пілігрымавала па ўсёй Беларусі, перад тым як заняць сваё месца ў адбудаваным ім касцёле святога Міхала ў Багданаве, на радзіме вядомага мастака Фердынанда Рушчыца. Гэта было вельмі маштабнай і сімвалічна значнай падзеяй у жыцці нашага Касцёла, паколькі святы Арханёл Міхал з’яўляецца нябесным Апекуном Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла, або, інакш кажучы, усяго Касцёла на Беларусі.
Святы Міхал таксама адзін з нябесных апекуноў Германіі і Аўстрыі, Англіі, Іспаніі, Венгрыі, дзясяткаў, а можа і соцень, гарадоў свету. Ён лічыцца заступнікам жаўнераў, паліцыянтаў і прадстаўнікоў некаторых іншых прафесій.
У Каталіцкай традыцыі Вялікага Княства Літоўскага Арханёл Міхал з даўніх часоў лічыўся Апекуном Русі.
На пачатку XVI стагоддзя гэтую Русь пачалі называць «Белай», ахопліваючы гэтай назвай і сучасную Усходнюю Беларусь (нярэдка і Цэнтральную), і значную частку Украіны ўключна з Кіевам у той час, як рэгіён Панямоння, населены балтамоўнымі літоўцамі або іх славянізаванымі нашчадкамі, Руссю да канца ХІХ стагоддзя не лічыўся, і адназначна адносіўся да Літвы. Невыпадкова Святы Міхал выяўлены на гербе і Кіева як гістарычнай сталіцы ўсёй Русі, і Навагрудка як сядзібы праваслаўнага, а потым — грэка-каталіцкага Мітрапаліта ВКЛ, сталіцы першага з рускіх ваяводстваў ВКЛ, і ўвогуле сімвалічнага цэнтра русінскай ідэнтычнасці: сёння мы сказалі б «беларускай». Нездарма на пячатцы Нацыянальнага ўраду ў паўстанні 1863–1864 гадоў, як і на цэшках, спражках і г.д., змяшчалася паўстанцкая эмблема з Арлом, Пагоняй і святым Міхалам як герб гістарычнай Русі.
Каталіцкі Касцёл на Беларусі атрымаў сваім Апекуном святога Міхала менавіта як працяг гэтай даўняй традыцыі.
Але цікава, што касцёлы, пасвячаныя ў гонар святога Міхала, у сучаснай Беларусі знаходзяцца або знаходзіліся пераважна ў гістарычнай Літве: Смаргонь, Ашмяны, Белагруда, Міхалішкі (Астравецкі раён), Івянец і Багданава (Валожынскі раён), Няцеч (Лідскі раён), Скрундзі (Дзятлаўскі раён), Варапаева (Пастаўскі раён). Яшчэ некалькі такіх касцёлаў — у былым руска-літоўскім памежжы, але ў межах пачатковага арэалу Віленскай арцыдыяцэзіі, якая ў палітычнай традыцыі ВКЛ таксама больш звязвалася з Літвой: Навагрудак, Нясвіж, Лужкі, Гнезна (Ваўкавыскі раён), Луконіца (Зэльвенскі раён), Поразава.
Уласна на Русі, дзе да пачатку XVII стагоддзя касцёлаў амаль не будавалася і дзе яны пачалі з’яўляцца толькі пасля пачатку рашучага распаўсюду каталіцтва на Усход з ініцыятывы карала Жыгімонта III Вазы, толькі некалькі касцёлаў было пасвячана пад такім тытулам: у прыватнасці, у Мазыры, Мсціславе, Цімкавічах (Капыльскі раён), Вялікім Сяле (Пружанскі раён).
Хоць, здавалася б, на Русі, цалкам прысвечанай святому Міхалу, іх павінна быць найбольш. Але магчыма, логіка ў гэтым была зусім іншай. Паколькі тут ужо існавала вельмі шмат праваслаўных цэркваў з такім жа тытулам, некаторыя з іх вельмі старыя і славутыя, большасць якіх на працягу XVII стагоддзя перайшлі ў унію, дык пасвячэння рыма-каталіцкіх касцёлаў у гонар святога Міхала на гістарычнай Русі акурат пазбягалі, шануючы даўнюю ўсходнюю традыцыю і не жадаючы ствараць ёй непатрэбнай канкурэнцыі.
У Мінску — хутчэй «літвінскім», чым «русінскім» горадзе, — таксама да 1833 года існаваў касцёл святога Міхаіла Арханёла пры кляштары бэнэдыктынаў на рагу Койданаўскай (Рэвалюцыйнай) і Фэліцыянаўскай (Камсамольскай) вуліц. Але разам з кляштарам ён стаў ахвярай царскіх рэпрэсій пасля паўстання 1830–1831 гадоў. Усяго ж на абшарах былой Рэчы Паспалітай было больш за 300 касцёлаў у гонар святога Арханёла Міхала.
Вельмі кранальная традыцыя шанавання святога Міхала існуе ў ваколіцах Нясвіжа на Міхальскай гары, на якой да 1773 года стаяў езуіцкі кляштар з касцёлам святога Міхала.
Пасля скасавання ордэна езуітаў святыня была зачынена, а з цягам часу зніклі і яе руіны, але мясцовыя католікі дагэтуль шануюць яе і моляцца тут Арханёлу як нябеснаму Заступніку пры самых важных нагодах.
Год таму, напрыклад, тут адбылася святая Імша за нашу Айчыну і аб хутчэйшым вяртанні Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Радзіму.
Поўны тэкст артыкула ТУТ>>