Пошук

16.12.2020 09:38   Тэкст: а. Раман Шульц ОР / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява / Рinterest

Працяг адвэнтавых рэкалекцый на партале Catholic.by, якія праводзіць айцец Раман Шульц, дамініканін з Магілёва.

Працяг. Папярэдняя частка ТУТ>>>

Чарговыя пяць дзён Адвэнту мы прызначаем падзяцы за пачуццё слыху. Гэтая чарговая «дзева» дзякуючы нашаму духоўнаму практыкаванню стане больш «разумнай».

У ходзе практыкавання мы пастараемся з дапамогаю слыху пачуць водгук Божай любові ў свеце вакол нас.

Я ўпэўнены, што Дух Святы вядзе кожнага ўдзельніка нашых незвычайных рэкалекцый непаўторнай дарогай падзякі, якая дазваляе нам адкрываць навізну і свежасць Божай любові. Было б добра, каб у гэтай супольнасці падзякі мы ўсе маліліся адзін за аднаго.

Можа, у нас будзе магчымасць запрасіць кагосьці, асабліва з дзяцей, узяць удзел у гэтай духоўнай прыгодзе. Менавіта для малых яна можа быць цікавай і вельмі важнай. У перыяд Адвэнту варта знайсці час на тое, каб аддаліцца ад шуму, выйсці ў лес ці ў парк і прыслухацца да галасоў прыроды. Было б цудоўна таксама паслухаць добрую музыку, рэкалекцыі анлайн або «Радыё Марыя».

Падзякуем за дар вушэй, за дар слыху, які дазваляе нам чуць галасы іншых людзей і самыя розныя гукі.

Цудоўна, што Бог дае нам людзей, якія нас любяць. Падзякуем Яму за словы нашых бацькоў, родных і сяброў; падзякуем за непаўторны тэмбр іх галасоў.

Падзякуем за словы, якія чуем з вуснаў тых, хто чытае на Імшы Святое Пісанне, за словы святара, якія ён прамаўляе падчас святых абрадаў. Падзякуем за спеў хору, за прыгожыя гукі аргана, якія гучаць падчас набажэнстваў. Падзякуем за словы адпушчэння грахоў, якія чуем на святой споведзі. Будзем удзячнымі за магчымасць весці размову.

Важна, каб мы таксама мелі «вушы, каб чуць» голас тых, каму цяжка і самотна, каму няма з кім паразмаўляць.

Можа, з нагоды святаў варта наведаць кагосьці з блізкіх ці суседзяў, каб проста пабыць з імі і паслухаць тое, што яны пажадаюць нам распавесці.

Гэта так цудоўна, што мы можам слухаць!

Абноўлена 16.12.2020 10:12
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа