Працяг адвэнтавых рэкалекцый на партале Catholic.by, якія праводзіць айцец Раман Шульц, дамініканін з Магілёва.
Працяг. Папярэдняя частка ТУТ>>>
Чарговыя пяць дзён Адвэнту мы прызначаем падзяцы за пачуццё зроку.
Было б жахліва, калі б адным з сімптомаў каранавірусу стала страта зроку. Крый Божа!
Такі цудоўны дар зроку — наступная з «пяці паннаў» — калі мы карыстаемся ім па-Божаму, робіць нас мудрымі.
Каб так сапраўды было, трэба «заключыць дамову» са зрокам.
Затрымліваючы позірк на розных прадметах, людзях ці сітуацыях, з якімі сустракаемся, мы абуджаем у нашых сэрцах падзяку Богу за тое, што бачым. Аказваецца, што ў нас ёсць безліч нагод, каб дзякаваць. Дастаткова ўявіць сабе пустыню, або што мы страцілі зрок. Якое ж гэта было б вялікае няшчасце і збядненне, як шмат нагод для падзякі мы б страцілі разам з гэтым пачуццём!
Пры адкрыцці Божых дароў і Ягонай любові з дапамогай гэтага пачуцця нам будзе цяжка паспяваць дзякаваць за ўсё, на чым спыняецца наш позірк.
Тады можна проста глядзець з захапленнем і паўтарць: «Не ўмею дзякаваць Табе, Пане».
Проста перад вачыма і на самым даляглядзе мы можам убачыць безліч розных рэчаў: неба і аблокі, дрэвы і птушак, дамы і машыны, вясёлых і сумных людзей… Гэта чарговая нагода і магчымасць дзякаваць.
Мы павінны таксама дзякаваць ад імя тых, якія шмат маюць, але не дзякуюць Богу. Можа, варта падзякаваць Богу за радасць, якую мы бачым на твары сустрэтага чалавека, або даручыць Яму клопаты таго, хто на нашых вачах сумуе. Падзякаваць за дарогі і светлафоры на пешаходных пераходах. Колькі дароў, колькі нагод для падзякі мы бачым навокал!
Ксёндз Тадэвуш Дайчар напісаў, што справа стварэння, на якую мы глядзім з вераю, набліжае нас да Бога і гаворыць нам пра Яго. Калі ж веры няма, увесь навакольны свет аддаляе чалавека ад Бога.
Таму будзем глядзець навокал і дзякаваць.
Няхай жа наш зрок не засмечвае душу вобразамі, якія забруджваюць яе прыгажосць, бо ў такім выпадку гэтае пачуццё будзе «неразумнай паннай», або, папросту кажучы, дурніцаю. Людзям, якія насычаюць свой зрок амаральнымі вобразамі, было б карысна, прычым не толькі падчас Адвэнту, устрымлівацца ад «вокнаў» у сеціве, праз якія відаць насілле і грэх.
Варта памятаць, што, калі мы вучымся дзякаваць, тады ўзрастае наша вера, а плёнам падзякі становіцца радасць.
Няхай жа да нас не адносяцца словы прарока: «Вачыма глядзець будуць, але не ўбачаць». Падзяка — гэта прыкмета таго, што мы глядзім вачыма, якія бачаць у свеце дзеянне Божага Провіду.
Мудрыя вочы змогуць заўважыць дзеянне Бога нават у вельмі цяжкіх жыццёвых сітуацыях.
Можа, прыйшоў час, каб разам са сляпым з Евангелля ўсклікнуць: «Пане, ўчыні, каб я бачыў», каб убачыць побач з сабою людзей у патрэбе і не прайсці абыякава міма.