Допіс у сваім блогу ва ўспамін Усіх памерлых вернікаў біскуп Юзаф Станеўскі адрасуе моладзі, запрашаючы юнакоў і дзяўчат не баяцца разважаць над самымі складанымі пытаннямі, шукаючы на іх адказы ў Святым Пісанні.
Любая моладзь!
У першыя дні лістапада мы наведваем могілкі — месца, дзе «неба яднаецца з зямлёю». Тут чалавек міжволі адчувае неспакой. Паміж намі і тымі, хто быў побач, але ўжо адышоў з гэтага свету, пануе цішыня: яны не могуць гаварыць, мы часам баімся штосьці сказаць, і толькі малітва да Бога аб вечным збаўленні ажыўляе нашую лучнасць і памяць. Стоячы каля магілы, успамінаем памерлых, з якімі яшчэ недаўна размаўлялі і раіліся, і нібы ажываюць словы, напісаныя на помніках, з якімі яны звяртаюцца да нас: «Ты той, кім я быў; ты будзеш тым, кім я стаў».
Мае дарагія сябры, для чалавека смерць — гэта частка яго жыцця.
У дзень нараджэння чалавек самастойна пачынае жыць і самастойна ідзе насустрач смерці, якая з’яўляецца небазбежным заканчэннем зямнога шляху чалавека. Аднак многія адганяюць думку аб смерці і мяркуюць, што такім чынам пазбягаюць непатрэбнага стрэсу. Але чым больш мы ўцякаем ад смерці, тым больш яна нас палохае і ў выніку ўсё роўна прыходзіць, але чалавек да яе зусім не падрыхтаваны. Хтосьці скажа, што я, маўляў, яшчэ малады; мне рана думаць аб смерці, трэба жыць, цешыцца і здабываць свет: аб смерці няхай думаюць старыя людзі.
Старажытнагрэчаскі філосаф Сакрат, якога асудзілі на пакаранне смерцю, у сваёй абароне сказаў: «Вы мяне пакаралі смерцю, а вас смерцю пакарала прырода». А рымскі філосаф Сэнэка, які жыў у часы Хрыста, сказаў: «Людзі, якія не разважаюць над гэтай праўдай (смерцю), не могуць асэнсаваць мэты свайго жыцця. Той жа, хто разважае над смерцю, ніколі не баіцца яе».
Жыццё без думкі аб смерці стварае ў чалавека ілюзію «вечна маладога» і абмяжоўвае сферу яго зацікаўлення толькі дабротамі, якія «моль і іржа знішчаюць».
Такі падыход не дазваляе спасцігнуць сапраўднага сэнсу і асэнсаваць рэальнасць смерці. Некаторыя нават спрабуюць строіць кпіны са смерці. Я маю на ўвазе тую з’яву, якая называецца модным замежным словам хэлоўін і становіцца ўсё больш распаўсюджанай таксама ў нас, перадусім сярод моладзі. Тыя, хто ўдзельнічае ў такіх сумніўных забавах, напэўна, не вераць у жыццё вечнае і ўваскрашэнне і таму так сябе паводзяць. Што гэта такое — цяжка і сказаць. Дакладна гэта не свята, а штосьці незразумелае, не наша, не хрысціянскае, не славянскае.
Але мы крыху адхіліліся ўбок, таму вернемся да сутнасці нашага разважання. Калі ў мяне хтосьці запытаецца, ці я ведаю адказ на такія складаныя пытанні аб жыцці, смерці і жыцці вечным чалавека, я адкажу, што ведаю. І кожны чалавек можа знайсці гэты адказ — праўду пра пакліканне чалавека да жыцця, сэнс жыцця, яго заканчэнне і жыццё вечнае, якое Езус Хрыстус праз крыж і муку сваю падараваў чалавеку.
30 верасня, у літургічны ўспамін святога Гераніма і 1600-годдзе яго адыходу па ўзнагароду да Пана, папа Францішак сваім лістом у форме Motu proprio «Тады іх асвяціў» (Aperuit illis) запрасіў нас наблізіцца да крыніцы Праўды і адказу на ўсе пытанні свету: да таго, каб нанава прачытаць Святое Пісанне. Святы Геранім кажа:
«Хто не ведае Святога Пісання, той не ведае Хрыста».
Таму гэты святы прысвяціў сваё жыццё перакладу Святога Пісання з арыгінальных моваў на лаціну — найбольш папулярную мову Сярэднявечча, каб як мага больш людзей маглі спазнаць Праўду.
Ці прачытаў я Святое Пісанне? Калі не, то пытаюся: дзе знайсці адказы на самыя важныя ў жыцці пытанні? Чалавек усё роўна будзе іх шукаць, толькі не там, дзе трэба: у гараскопах, у экстрасенсаў, у варажбітоў…
Святое Пісанне, між іншым, кажа: «І вяртаецца прах у зямлю, чым ён і быў, а душа вяртаецца да Бога, які яе даў» (пар. Экл 12, 7.), «Памятай, што вяртання не будзе» (пар Сір 38, 21). А аўтар паслання да Габрэяў кажа: «Людзям прызначана раз памерці, а пасля гэтага суд» (Гбр 9, 27).
Сочачы за думкаю святога Паўла аб смерці, мы можам заўважыць, што ён адрознівае смерць фізічную ад смерці духоўнай; смерць ад граху і смерць вечную як канчатковае адлучэнне ад Бога (гл. Рым 6, 21–23; 8, 6; 2 Кар 1, 9–10). Па словах Апостала, пасля фізічнай смерці перад чалавекам адкрываецца або надзея на вечнае збаўленне і перамяненне моцаю Духа Пана (гл. Рым 8, 18; 2 Кар 3, 18; 4, 17), або гнеў Божы і знішчэнне (гл. 2 Кар 4, 3). Галатаў апостал народаў перасцярагае:
«Не падманвайце сябе: Бог не дазволіць насміхаца з сябе; бо што чалавек пасее, тое і пажне. Хто сее ў сваім целе, той з цела пажне знішчэнне, а хто сее ў Духу, той з Духа пажне вечнае жыццё»
(Гал 6, 7–8).
Карынцянам, якія таксама цікавяцца пытаннем пра сэнс жыцця, ён піша: «Чаго вока не бачыла, і вуха не чула, і не спазнала сэрца чалавека, тое Бог падрыхтаваў тым, хто любіць Яго» (2 Кар 2, 9). Хрыстус уваскрос, Першынец сярод тых, якія памерлі (1 Кар 15, 20).
Любыя сябры! Апостал Ян піша, бо пачуў гэтую праўду з вуснаў Хрыста: «„Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верыце ў Бога і ў Мяне верце. У доме Айца Майго шмат святліц. А калі б так не было, ці сказаў бы вам, што іду падрыхтаваць месца для вас. А калі пайду і падрыхтую вам месца, прыйду зноў і забяру вас да сябе, каб і вы былі там, дзе Я. А дарогу, куды Я іду, вы ведаеце“. Кажа яму Тамаш: „Пане, не ведаем, куды ідзеш. Як жа можам ведаць дарогу?“ Езус сказаў яму: „Я — дарога, і праўда, і жыццё. Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз мяне“» (Ян 14, 1-6).
Зноў і зноў даваце будзем нанава чытаць Святое Пісанне, бо хто ведае Святое Пісанне, той ведае Хрыста і не баіцца разважаць аб смерці і жыцці вечным.