Пошук

29.04.2019 13:11   Паводле: ekai.pl / Catholic.by
Фота Joanna Adamik/flickr
Фота Joanna Adamik/flickr

Паводле падлікаў арганізатараў, у двухдзённых урачыстасцях у санктуарыі Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках (Польшча) з нагоды свята Божай Міласэрнасці, якое адзначалася 28 красавіка, удзельнічала каля 100 тыс. пілігрымаў з 30 краін.

Як паведамляе ekai.pl, сёлетняе свята Божай Міласэрнасці праходзіла пад дэвізам «Міласэрнасць — крыніца паяднання». Святкаванні пачаліся ў суботу вечарам набажэнствам Крыжовага шляху.

А 8-й гадзіне раніцы ў нядзелю ў санктуарыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Кракаўскай архідыяцэзіі Даміян Мускус OFM. У гаміліі ён падкрэсліў, што толькі супакой Езуса дапамагае абвяшчаць Божую Навіну. Па словах іерарха, бывае, што мы ацэньваем свет паводле сваіх, а не Божых крытэрыяў і замест радаснай навіны нясем людзям словы, якія адбіраюць надзею. Так адбываецца, дадаў біскуп, тады, калі чалавек давярае больш сабе, чым Езусу, і забывае, што «Ён ішоў да найбольшых грэшнікаў, а не толькі да сваіх».

Галоўную Імшу на палявым алтары цэлебраваў арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі. У гаміліі ён адзначыў, між іншым, што належыць захоўваць справядлівасць у ацэнцы Касцёла і не пераносіць грахоў некаторых духоўных асобаў на ўсіх святароў.

Некалькі дзясяткаў тысяч вернікаў сабраліся на малітве ў Гадзіну Міласэрнасці. Яны маліліся аб дары міру і прабачэння, у якім мае патрэбу сучасны свет.

Святую Імшу ў другой палове дня ўзначаліў кардынал Станіслаў Дзівіш, Мітрапаліт Кракаўскі на пенсіі. Ён звярнуў увагу ў гаміліі, што св. Ян Павел ІІ, вялікі апостал Божай Міласэрнасці, распазнаў аўтэнтычнасць харызмы с. Фаўстыны і заклік, які прагучаў з кракаўскіх Лагеўнікаў.

«Пілігрымаванне вернікаў з усяго свету ў гэты санктуарый з’яўляецца для нас красамоўным знакам, — сказаў кардынал. — Мы павінны распаўсюджваць пасланне пра Бога, багатага на міласэрнасць, які схіляецца над чалавекам і яго лёсам. Павінны сведчыць пра гэта найперш нашым жыццём веры, чуласцю нашых сэрцаў да патрэбаў іншых».

Свята Божай Міласэрнасці адзначаецца ў першую нядзелю пасля Вялікадня — ІІ Велікодную нядзелю, якая называецца таксама нядзеляй Божай Міласэрнасці.

Натхненнем для ўстанаўлення гэтага свята было жаданне Езуса, якое перадала с. Фаўстына Кавальская. Хрыстус сказаў ёй: «Хачу, каб першая нядзеля пасля Вялікадня была святам Міласэрнасці».

На тэрыторыі санктуарыя Божай Міласэрнасці ў Лагеўніках размяшчаецца кляштар Кангрэгацыі Сясцёр Маці Божай Міласэрнасці. У міжваенны перыяд там жыла і памерла святая сястра Фаўстына. Дынамічнае развіццё культу Божай Міласэрнасці пачалося пасля яе беатыфікацыі ў 1993 г. і кананізацыі ў 2000 г., а таксама дзякуючы пілігрымкам Яна Паўла ІІ у Лагеўнікі. Падчас пілігрымкі ў Польшчу 17 жніўня 2002 г. Святы Айцец даручыў увесь свет Божай Міласэрнасці і асвяціў гэты санктуарый. У Лагеўнікі пілігрымуе штогод 1,5–2 мільёны чалавек з усёй Польшчы і іншых краін.

Абноўлена 29.04.2019 16:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа