14 сакавіка ў Варшаве завяршылася 382-е пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі Епіскапату Польшчы (КЕП), якое прайшло ў 100-ю гадавіну першага пасяджэння Канферэнцыі польскіх каталіцкіх біскупаў.
У пленарным пасяджэнні ў якасці спецыяльнага пасланца папы Францішка браў удзел Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці кардынал П’етро Паралін, а таксама прадстаўнікі біскупскіх канферэнцый Албаніі, Беларусі, Даніі, Іспаніі, Казахстана, Літвы, Латвіі, Малдовы, Славакіі, Украіны, а таксама Рады Канферэнцый Біскупаў Еўропы.
У якасці прадстаўніка Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на пасяджэнні прысутнічаў біскуп Юрый Касабуцкі, які звярнуўся да ўдзельнікаў з прывітальным словам.
Польскія біскупы на другі пяцігадовы тэрмін абралі Старшынёй свайго епіскапату арцыбіскупа Станіслава Гандэцкага. Яго намеснікам стаў арцыбіскуп Марэк Ендрашэўскі.
Як сказана ў афіцыйным паведамленні па выніках пленарнага пасяджэння, на ім былі прадстаўлены статыстычныя дадзеныя адносна выкарыстання малалетніх некаторымі духоўнымі асобамі ў Польшчы. Біскупы падкрэслілі неабходнасць клапаціцца пра ахвяраў выкарыстання і дапамагаць ім, а таксама працягваць рашучае змаганне з гэтай балючай з’явай. Дэлегатам КЕП па справах абароны дзяцей і моладзі быў абраны арцыбіскуп Войцех Поляк, Прымас Польшчы, кіраўнік Камісіі епіскапату па справах духавенства.
Акрамя таго, на пасяджэнні епіскапату суседняй краіны ішла гаворка пра святкаванне нядзелі, абарону жыцця і іншыя актуальныя для польскіх хрысціянаў пытанні.
У выніку былі выдадзены два палажэнні: адносна святкавання нядзелі і па справе так званай «хартыі ЛГБТ».