Пасля вопыту, атрыманага ў 2013 і 2015 г. на Біенале мастацтва ў Венецыі, Апостальская Сталіца ўпершыню возьме ўдзел ў Міжнародным біенале архітэктуры.
Яе павільён размесціцца ў лясным масіве на востраве Сан-Джорджо-Маджорэ. Біенале будзе працягвацца з 26 мая да 25 лістапада 2018 года.
Павільён Апостальскай Сталіцы будзе ўладкаваны ў летняй капліцы, пабудаванай у 1920 г. Да працы ў праекце запросяць дзесяць вопытных архітэктараў з Італіі, Іспаніі, Партугаліі, Вялікабрытаніі, ЗША, Аўстраліі, Бразіліі, Японіі, Чылі, Сербіі і Парагвая, якія спраектуюць капліцы з розных матэрыялаў.
Перад архітэктарамі пастаўлена задача стварыць капліцы, якія б гарманічна ўпісваліся ў натуральнае асяроддзе, — з лесам у якасці пункта суаднясення, што можа быць успрынята як дантаўская метафара пілігрымкі праз жыццё.
Афіцыйная прэзентацыя павільёна пройдзе ў маі ў прэс-службе Апостальскай Сталіцы. Пасля заканчэння выстаўкі капліцы плануецца выкарыстоўваць па прызначэнні.
Падчас выстаўкі 21 верасня Папская рада па культуры арганізуе ў Венецыі круглы стол з удзелам чатырох архітэктараў з сусветным імем, якія абмяркуюць плён дыялогу паміж архітэктурай і духоўнасцю, а таксама спыняцца на тым, што кажа на гэту тэму ў энцыкліцы Laudato si’ папа Францішак.