Папа заклікаў афрыканскіх законніц паглыбляць узаемныя сяброўскія сувязі і такім чынам даваць больш пераканаўчае сведчанне перад светам і Касцёлам, а таксама яднацца ў апостальстве бедных, хворых і маргіналізаваных.
Аб гэтым гаворыцца ў пасланні Святога Айца, скіраваным з нагоды 17-га пленарнага пасяджэння Асацыяцыі кансэкраваных жанчын Усходняй і Цэнтральнай Афрыкі. Форум распачаўся 27 жніўня ў горадзе Дар-эс-Салам, у Танзаніі.
У сустрэчы прымае ўдзел прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця кардынал Жуан Брас дэ Авіс. Іерарх перадаў законніцам пасланне папы Францішка і ўзначаліў літургію на адкрыццё пасяджэння.
У сваёй гаміліі прэфект папярэдзіў аб небяспецы ідалапаклонства перад грашыма. «Гэта смутна, калі кансэкраваныя асобы больш давяраюць банкаўскім рахункам, чым Богу», — сказаў прадстаўнік Папы і дадаў, што спрэчкі аб грошах часта прыводзяць да падзелаў паміж біскупамі і кансэкраванымі асобамі.
Асацыяцыя кансэкраваных жанчын Усходняй і Цэнтральнай Афрыкі дзейнічае з 2002 г. і аб’ядноўвае законніц з дзевяці англамоўных краін рэгіёну: Эрытрэі, Эфіопіі, Кеніі, Малаві, Судану, Паўднёвага Судану, Танзаніі, Уганды і Замбіі.