З 21 па 24 жніўня Дзяржаўны Сакратар папы Францішка кардынал П'етро Паралін знаходзіцца з візітам у Расіі па запрашэнні дзяржаўных уладаў. Распачаўся візіт сустрэчай іерарха са cтаршынёй Аддзела знешнiх царкоўных сувязяў Маскоўскага Патрыярхату Мiтрапалiтам Валакаламскiм Iларыёнам.
Як паведамляецца ў выданні «Российская газета», падчас сустрэчы Мітрапаліт Іларыён выказаў надзею на тое, што «імпульс, які быў дадзены главамі нашых Цэркваў для развіцця адносінаў (сустрэча Патрыярха Кірыла і папы Францішка ў Гаване — заўвага Рэд.), атрымае далейшае ўмацаванне».
Таксама 21 жніўня кардынал Паралін служыў Імшу ў маскоўскім катэдральным касцёле і сустрэўся з расійскім каталіцкім духавенствам.
Ватыканскі іерарх перадаў маскоўскім католікам благаслаўленне папы Францішка. «Яго сэрцу блізкая каталіцкая супольнасць і ўсё расійскае грамадства, з якімі ён адчувае асаблівае адзінства пасля гістарычнай і плённай сустрэчы са Свяцейшым Патрыярхам Кірылам, што адбылася на Кубе ў лютым мінулага года», — прыводзіць словы кардынала Параліна blagovest-info.ru.
«Агульнасць паміж хрысціянамі — гэта не толькі плён чалавечых задумаў і праграм, але перш за ўсё натхненне Духа Святога, у адносінах да якога нам варта быць уважлівымі, падатлівымі і ўдзячнымі», — сцвердзіў прадстаўнік Папы.
22 жніўня кардынал Паралін прыме ўдзел у працоўным пасяджэнні з міністрам замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргеем Лаўровым, а ў другой палове дня сустрэнецца з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам.
23 жніўня прадстаўнік Папы накіруецца ў Сочы, дзе сустрэнецца з Прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным.