Да ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў застаецца крыху больш за год. Форум пад дэвізам «Евангелле сям’і, радасць для свету» пройдзе 22–26 жніўня 2018 г. у ірландскім Дубліне. Арганізатары падзеі распрацавалі праграму мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да будучай сустрэчы. Пройдуць яны ў розных частках Ірландыі на працягу года.
Бліжэйшая падзея — летні малітоўны фестываль Youth 2000, які пройдзе 16–20 жніўня 2017 г. у графстве Офалі. Акрамя таго ў праграме: канферэнцыі, сустрэчы, пілігрымкі, спартыўныя спаборніцтвы, дні моладзі, рэкалецыі для свецкіх вернікаў і святароў, якія пройдуць у Рыме і будуць уключаць у сябе аўдыенцыю з папам Францішкам.
«Сусветная сустрэча сям’яў — гэта штосьці большае, чым проста аднаразовая падзея. Гэта працэс, у якім мы можам адкрываць багацце “Евангелля сям’і” ў Касцёле. Ва ўсёй Ірландыі і свеце шмат людзей адкрываюць багатыя магчымасці дадзенай лакальнай падрыхтоўкі да ІХ Сусветнай сустрэчы сем’яў», — адзначаюць арганізатары.
Сусветныя сустрэчы сем’яў праводзяцца кожныя тры гады. Першая адбылася ў 1994 г. у Рыме. Затым сустрэчы праходзілі ў Рыа-дэ-Жанейра, Рыме, Маніле, Валенсіі, Мехіка, Мілане і Філадэльфіі.