Пошук

21.03.2024 16:36   Паводле: Vatican News / Фота: Vatican News / Catholic.by

17 сакавіка ў Індыі 111 жанчын, дзяўчат і дзяўчынак на працягу дзвюх гадзін прадстаўлялі 111 розных аб’яўленняў Маці Божай.

«Жывая выстава» пад назваю «Maria Divina — 11 адценняў ласкі», кожная ўдзельніца якой была апранута ў строй Багародзіцы, адбылася ў парафіі святога Тамаша ў Бангалоры на поўдні Індыі, трэцім па велічыні горадзе краіны і пабраціме Мінска.

Як адзначае Польская рэдакцыя парталу Vatican News, маштабнае мерапрыемства, мэтай якога было паказаць разнастайнасць Марыйных аб’яўленняў, рыхтавалі каля трохсот чалавек на працягу года.

Першую ў свеце такую «жывую выставу» адкрылі арцыбіскуп Бангалора Пітэр Мачада і біскуп Мандыі Себасцьян Адаянтратм.

Незвычайнае мерапрыемства нават трапіла ў спіс «Лепшых рэкордаў Індыі».

Аднак галоўнай мэтай выставы было імкненне будаваць супольнасць вернікаў, і, як прызналася ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё адна з яго арганізатараў Даяна Пол, гэтага ў значнай ступені ўдалося дасягнуць.

«Гэта было чарговае мерапрыемства, на якім большасць нашых маладых членаў сустрэлася, і мы маглі яшчэ лепш будаваць нашу супольнасць. Мы працавалі разам, і ў нас з’явілася шмат успамінаў. Няхай гэта стане нашым духоўным узрастаннем і спосабам таго, як мы можам вучыцца адзін ад аднаго розным рэчам», — сказала жанчына.

Яна дадала, што ўзаемадапамога часта заключалася ў абмене думкамі «адносна прадстаўлення, строяў і таго, як арганізаваць такое вялізнае мерапрыемства і зрабіць яго выдатным». Яна зазначыла, што над выставай працавала сапраўды вялікая каманда.

«Ва ўсім гэтым многія з нас маглі даведацца пра розныя аб’яўленні Найсвяцейшай Панны, а потым мы мелі вельмі асабістыя сустрэчы з гэтымі аб’яўленнямі Марыі — рознымі, хоць Маці Божая адна. Мы маглі пазнаёміцца са 111-ю аб’яўленнямі Багародзіцы і, шчыра кажучы, гэта быў непаўторны вопыт», — прызналася Даяна Пол.

 

Абноўлена 21.03.2024 16:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа