Пошук

12.03.2024 12:22   Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба КЕП

5 сакавіка быў выбраны новы Старшыня Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі. Ім стаў арцыбіскуп Вальядалідскі Луіс Хаў’ер Аргуэльё Гарсія.

70-гадовы іерарх змяніў на пасадзе кіраўніка іспанскага епіскапату арцыбіскупа Барселонскага кардынала Хуана Хасэ Амэлью-і-Амэлью, якому 21 красавіка споўніцца 78 гадоў, што не дало яму магчымасці быць пераабраным.

Намеснікам Старшыні Канферэнцыі Біскупаў Іспаніі быў абраны арцыбіскуп Мадрыдскі кардынал Хасэ Коба Кана, які змяніў на гэтай пасадзе свайго папярэдніка на сталічнай катэдры кардынала Карласа Асора С’еру, арцыбіскупа эмэрыта.

Арцыбіскуп Луіс Хаў’ер Аргуэльё Гарсія. Фота: Chema Moya/Efe

У бліжэйшыя дні новага Старшыню Канферэнцыі і яго намесніка будуць выбіраць таксама польскія каталіцкія біскупы. Выбары адбудуцца на найбліжэйшым, 397-м пленарным пасяджэнні Канферэнцыі Епіскапату Польшчы (КЕП), якое пройдзе ў Варшаве 13–14 сакавіка. У гэтым месяцы заканчваецца другі пяцігадовы тэрмін на пасадзе Старшыні КЕП Мітрапаліта Познаньскага арцыбіскупа Станіслава Гандэцкага, а таксама яго намесніка Мітрапаліта Кракаўскага арцыбіскупа Марэка Ендрашэўскага. Гэтыя іерархі ўзначальвалі польскі епіскапат з 2014 года.

Прэс-сакратар КЕП айцец Лешэк Гэнсяк SI паведаміў журналістам, што новы Старшыня і яго намеснік будуць выбраныя з ліку дыяцэзіяльных біскупаў на пяцігадовы тэрмін, пасля заканчэння якога могуць быць яшчэ адзін раз пераабраныя на другі тэрмін.

«Старшыня КЕП прадстаўляе Канферэнцыю біскупаў у знешніх справах і разам са сваім намеснікам і Генеральным сакратаром утварае Прэзідыюм епіскапату», — адзначыў прэс-сакратар КЕП. Ён растлумачыў, што Старшыня склікае сходы Пастаяннай рады, Пленарныя пасяджэнні і Раду дыяцэзіяльных біскупаў, а таксама кіруе іх працай і праз Апостальскую нунцыятуру дасылае справаздачы і дакументацыю з пасяджэнняў у Ватыкан. Айцец Гэнсяк дадаў, што паведамленні і звароты Старшыні КЕП прадстаўляюць епіскапат у знешніх справах па даручэнні ўсёй Канферэнцыі, каб ад яе імя выказвацца публічна

Акрамя выбараў новага кіраўніцтва, у парадак дня сакавіцкага пленарнага пасяджэння польскага епіскапату ўключаны пытанні навучання рэлігіі ў школах і Касцёльнага фонду — дзяржаўнай фінансавай установы, якая дзейнічае ў Польшчы з 1950 года.

Абноўлена 12.03.2024 12:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця