Пошук

04.09.2023 12:03   Тэкст: Аляксей Бука / Фота: Вольга Хруль / Catholic.by

3 верасня ў Маскве ў катэдральным касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы з нагоды 30-годдзя з часу заснавання ў сталіцы Расіі семінарыі «Марыя Каралева Апосталаў».

Гэтая навучальная ўстанова, у якой адбываецца фармацыя духавенства, была заснаваная ў 1993 годзе дэкрэтам арцыбіскупа Кандрусевіча. У той час іерарх быў пастырам Апостальскай адміністратуры для католікаў лацінскага абраду ў Расіі, створанай у кастрычніку 1991 года Папам Янам Паўлам ІІ, сёння ўжо святым.

Ва ўрачыстай цэлебрацыі ў галоўнай каталіцкай святыні Масквы ўзялі ўдзел Апостальскі нунцый у Расійскай Федэрацыі Джаванні Д’Аньела, біскуп Мікалай Дубінін OFMConv, генеральны вікарый архідыяцэзіі Маці Божай у Маскве ксёндз Кірыл Гарбуноў, сакратар Апостальскай нунцыятуры монсіньёр Міслаў Ходжыч і іншыя святары, у тым ліку першыя выпускнікі заснаванай тры дзесяцігоддзі таму семінарыі.

«Сэрца Каталіцкага Касцёла ў Расіі пачало біцца, і мы былі вельмі радыя гэтаму. Семінарыя пачала сваё жыццё, семінарысты вучыліся ў маленькіх непрыстасаваных вагончыках, дзе тэмпература зімой была мінусавой. Першыя кандыдаты ў святары спалі на двух’ярусных салдацкіх ложках у звычайнай кватэры, але ніякіх нараканняў не было. Яны ведалі, што іх чакаюць вернікі, што гэтым людзям яны патрэбныя, як паветра. Яны зносілі ўсе гэтыя цяжкасці з пакорай сапраўдных хрысціянаў. Як сказаў святы Папа Ян Павел II, падземная рака веры, якая цякла ў Расіі ў часы ганенняў, вырвалася вонкі, і вы, семінарысты, з’яўляецеся першымі пладамі вясны Касцёла ў Расіі», — падчас вельмі эмацыйнай, як заўсёды, гаміліі сказаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

«„Нашыя хлопчыкі“, — казалі бабулькі, якія прыносілі семінарыстам ласункі ды проста нейкую хатнюю ежу. „Нашыя хлопчыкі“, — казалі яны, калі семінарысты прыехалі на Імшу з нагоды пасвячэння адбудавананай катэдры ўжо з Санкт-Пецярбурга, куды пазней была перанесена семінарыя», — падзяліўся ўспамінамі арцыпастыр. Прысутныя сустрэлі яго словы авацыяй. Як выраз удзячнасці за доўгія і плённыя гады служэння арцыбіскупа Кандрусевіча ў Расіі хор разам з вернікамі выканалі гімн Te Deum і ўручылі іерарху букет белых лілеяў. Менавіта гэтая кветка, якая сімвалізуе Найсвяцейшую Панну Марыю, упрыгожвае яго арцыбіскупскі герб.

Пасля святой Імшы ў будынку маскоўскай Курыі адбылася пастырская сустрэча арцыбіскупа Кандрусевіча з духавенствам, законнікамі і вернікамі.

На ёй прысутнічалі выпускнікі першага курса семінарыі «Марыя Каралева Апосталаў» біскуп Дубінін, ксёндз прэлат Сяргей Цімашоў, цяперашні рэктар семінарыі, ксёндз Генадзь Рабіханукаеў, выпускнікі пазнейшых гадоў.

Арганізатарамі былі падрыхтаваныя стэнды з фотаздымкамі, якія адлюстроўваюць першыя гады дзейнасці семінарыі пад кіраўніцтвам Слугі Божага ксяндза Бэрнардо Антаніні, чый працэс беатыфікацыі працягваецца ў Італіі. Прысутныя пазнаёміліся з цікавымі фактамі з гісторыі станаўлення навучальнай установы і іншых каталіцкіх інстытутаў, заснаваных арцыбіскупам Кандрусевічам падчас яго кіравання Апостальскай адміністратурай для католікаў Расіі. Таксама святары і некаторыя свецкія вернікі падзяліліся асабістымі ўспамінамі, словамі ўдзячнасці за той велізарны след, які пакінуў заслужаны іерарх у жыцці Каталіцкага Касцёла ў Расіі.

«Не, не мне падзяку выказвайце! Дзякуйце Богу! Я толькі сціплы інструмент у Ягоных руках», — казаў у адказ арцыпастыр.

Увечары арцыбіскуп Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу ў касцёле святога Людвіка на Лубянцы. Доўгія гады гэтая святыня была адной з дзвюх, якія працягвалі дзейнічаць на ўсёй тэрыторыі Расіі. Менавіта гэты касцёл стаў у постсавецкія гады «прытулкам» для некалькіх парафій і адначасова архікатэдрай для прызначанага Пантыфікам Апостальскага адміністратара. У гэтым знакавым месцы свайго шматгадовага служэння арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў вернікаў, якія яго шчыра віталі і былі вельмі радыя сустрэчы са сваім былым арцыпастырам.

Абноўлена 04.09.2023 15:05
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа