
З 4 па 10 верасня ў рэкалекцыйным доме «Адзінства» у Ліствянцы, што на беразе возера Байкал, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч праводзіў рэкалекцыі для сясцёр з жаночых манаскіх супольнасцяў з цэнтральнага рэгіёна дыяцэзіі святога Юзафа ў Іркуцку.
Усяго ў гэтай усходнесібірскай дыяцэзіі служаць 53 законніцы, галоўным заданнем якіх з’яўляецца катэхізацыя дзяцей і моладзі, падрыхтоўка да сакрамэнтаў і сацыяльнае служэнне. Адметнасцю служэння сясцёр з’яўляецца апека над дзецьмі і моладдзю. У дыяцэзіі дзейнічаюць тры дзіцячыя садкі, сем цэнтраў вольнага часу для дзяцей і тры для моладзі.
Падчас духоўных практыкаванняў галоўную ўвагу арцыбіскуп Кандрусевіч засяродзіў на сутнасці кансэкраванага жыцця як следавання за Хрыстом шляхам абяцанняў убоства, чыстасці і паслухмянасці, у духу харызмы заснавальнікаў.
Пры гэтым сацыяльнае вымярэння паклікання і манаскага служэння набывае ўсё большае значэння як адказ на выклікі часу.

У межах рэкалекцый, па просьбе сясцёр, заслужаны іерарх правёў прэзентацыю развіцця вучэння Касцёла пра Эўхарыстыю ад першых стагоддзяў да нашага часу, а таксама прачытаў лекцыі на тэму адраджэння Каталікага Касцёла ў Расіі і пра Сінадальны працэс.
11 верасня арцыбіскуп цэлебраваў Эўхарыстыю ў парафіі святога Юзафа ў Ангарску, што ў 45-і кіламетрах ад Іркуцка, якая сёлета адзначае 30-годдзе з часу заснавання. Варта адзначыць, што з гэтай невялічкай парафіі выйшлі тры законніцы і адзін брат законнік.
У гаміліі, прамоўленай на падставе Літургіі слова XXIV звычайнай нядзелі, арцыпастыр засяродзіўся на тэме Божай Міласэрнасці. Ён зазначыў, што міласэрнасць — гэта галоўная прыкмета Бога, пра што сведчыць уся гісторыя збаўлення і клопат пра чалавека, які з’яўляецца шляхам Касцёла.
«Гэта добра відаць у Сібіры, дзе ў атэістычныя часы не было ніводнага касцёла і святара, а сёння існуюць поўнавартнасныя касцёльныя структуры.
Схаваная ў часы ганеняў „падземная рака“ веры вырвалася наверх і ўсё больш разліваецца па бяскрайніх прасторах Сібіры. У суровых кліматычных абставінах свеціць святло Божага слова і грэе жыватворнае цяпло Божай ласкі», — сцвердзіў іерарх.
Ён заклікаў вернікаў па прыкладу марнатраўнага сына не баяцца кінуцца ў абдымкі міласэрнага Бога, які нікога не адкіне, даруе правіны і адновіць годнасць Божых дзяцей.

Пасля Імшы арцыбіскуп Кандрусевіч пазнаёміўся з дзейнасцю парафіяльнага цэнтра вольнага часу, разлічанага на дваццаць пяць дзяцей.
Іерарх з Беларусі таксама наведаў са святой Камуніяй хворую 90-гадовую жанчыну, якая стаяла ля вытокаў парафіі і ў доме якой з 1992 года сем гадоў цэлебравалася Імша.
Потым парафія набыла закінуты дзіцячы садок і прыстасавала яго пад невялікі касцёл з памяшканнем для пробашча, заламі для катэхізацыі і дабрачыннай дзейнасці.
На гэтым двухтыднёвы пастырскі візіт арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ва Усходнюю Сібір завяршыўся.





















