Пошук

26.02.2022 13:41   Паводле: Church.ua / Catholic.by
Мітрапаліт Ануфрый. Фота: Сhurch.ua

24 лютага Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны Ануфрый скіраваў зварот да вернікаў і грамадзянаў Украіны, а таксама да прэзідэнта Расіі Пуціна з просьбай спыніць вайну.

Падаем пераклад Звароту Мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Украіны Ануфрыя, апублікаванага на афіцыйным партале Украінскай Праваслаўнай Царквы Сhurch.ua, а таксама відэа са словам арцыпастыра з названага рэсурса.

Дарагія браты і сёстры! Вернікі нашай Украінскай Праваслаўнай Царквы!

Як Прадстаяцель Украінскай Праваслаўнай Царквы звяртаюся да вас і да ўсіх грамадзянаў Украіны. Здарылася бяда. На вялізны жаль, Расія распачала ваенныя дзеянні супраць Украіны, і ў гэты лёсавызначальны час заклікаю вас не ўпадаць у паніку, быць мужнымі і праявіць любоў да сваёй Бацькаўшчыны і адзін да аднаго. Заклікаю вас перш за ўсё да ўзмоцненай пакаяннай малітвы за Украіну, за нашае войска і наш народ, прашу забыць узаемныя сваркі і непаразуменні ды аб’яднацца любоўю да Бога і да нашай Бацькаўшчыны.

У гэты трагічны час мы выражаем асаблівую любоў і падтрымку нашым воінам, якія стаяць на варце і зберагаюць ды абараняюць нашую зямлю і наш народ. Няхай Бог іх благаславіць і беражэ!

Адстойваючы суверэнітэт і цэласнасць Украіны, мы звяртаемся таксама да прэзідэнта Расіі і просім неадкладна спыніць братазабойчую вайну.

Украінскі і расійскі народы выйшлі з Дняпроўскай купелі хросту, і вайна паміж гэтымі народамі — гэта паўтарэнне Каінава граху, які з-за зайздрасці забіў свайго роднага брата. Такая вайна не мае апраўдання ні ў Бога, ані ў людзей.

Заклікаю ўсіх да здаровага розуму, які вучыць нас вырашаць свае зямныя праблемы ва ўзаемным дыялогу і ўзаемаразуменні, і шчыра спадзяюся, што Бог прабачыць нам нашыя грахі і мір Божы запануе на нашай зямлі і ва ўсім свеце.

Ануфрый
Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Украіны
Прадстаяцель Украінскай Праваслаўнай Царквы

Абноўлена 08.03.2022 15:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця