Пошук

20.01.2022 14:17   Паводле: Vatican News
Оpendoors.org

Міжнародная ініцыятыва Open Doors апублікавала штогадовы рэйтынг 50-і краін, у якіх хрысціяне часцей за ўсё сустракаюцца з пераследам або парушэннем сваіх правоў па прычыне іх веравызнання.

Агляд сёлетняга рапарту назіральнікаў зрабіла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.

Рапрат World watch list 2022 звяртае ўвагу на рэзкі рост пераследу і дыскрымінацыі вызнаўцаў Хрыста. На працягу мінулага года колькасць вернікаў, якія сутыкнуліся з парушэннем правоў, кантролем ці насіллем па прычыне іх веры, склала каля 360 мільёнаў чалавек. Гэта на 20 мільёнаў больш, чым годам раней.

Галоўнымі пагрозамі для хрысціянаў з’яўляюцца ісламскі экстрэмізм, камуністычны пераслед, рэлігійны нацыяналізм, таталітарызм, карупцыя і арганізаваная злачыннасць.

На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў самай небяспечнай для вызнаўцаў Хрыста краінай у свеце была Паўночная Карэя. Цяпер, нават нягледзячы на тое, што рэжым тут стаў яшчэ больш жорсткім, гэтая краіна пасунулася на другое месца ў сумным рэйтынгу, саступіўшы пазіцыю лідара Афганістану, дзе пасля прыйсця да ўлады талібаў хрысціянам пагражае смерць з прычыны іх веравызнання.

У асабліва цяжкай сітуацыі знаходзяцца вернікі, якія перайшлі ў хрысціянства з ісламу. Талібы атрымалі доступ да дакументаў, дзякуючы якім можна ідэнтыфікаваць такіх людзей, і цяпер баевікі актыўна шукаюць хрысціянаў, ходзячы ад дзвярэй да дзвярэй, — паінфармаваў кіраўнік аўстрыйскага аддзялення Open Doors тэолаг Курт Іглер у інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву Kathpress.

За Афганістанам і Паўночнай Карэяй у рэйтынгу небяспечных для хрысціянаў краін ідуць Самалі, Лівія, Емен і Эрытрэя, а потым Нігерыя, Пакістан, Ірак і Індыя. Курт Іглер лічыць, што «талібанізацыя» пагражае многім краінам рэгіёну Сахель у Афрыцы, дзе шырока ўтвараюцца радыкальныя ісламісцкія сеткі, якія шукаюць супольныя крыніцы фінансавання і здзяйсняюць акты насілля супраць памяркоўных мусульманаў.

«Наступным Афганістанам можа стаць Малі», — папярэдзіў эксперт, выказваючы занепакоенасць таксама сітуацыяю ў Нігеры, Буркіна-Фасо, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы.

З кастрычніка 2020 па верасень 2021 года ў свеце былі забітыя па рэлігійных матывах 5898 хрысціянаў, што на 1137 чалавек больш, чым годам раней. Большасць забойстваў адбылася ў Трапічнай Афрыцы, галоўным чынам у Нігерыі. Аб’ектам нападаў сталі 5110 касцёлаў, колькасць арыштаў і затрыманняў хрысціянаў па прычыне іх веравызнання вырасла на 44% і склала 6175 выпадкаў у свеце, з якіх 1315 у Індыі.

Пераслед вернікаў мае розныя абліччы: у краінах рэгіёну Сахель і Цэнтральнай Азіі хрысціяне вымушаны ўцякаць ад насілля ісламістаў, у Эрытрэі — ад прымусовай рэкрутацыі ў войска, у Судане — ад грамадзянскай вайны, у Іране — ад рэпрэсій з боку дзяржавы, у М’янме хрысціянаў выганяюць з краіны і ціснуць на іх сям’і. Інакш сітуацыя выглядае ў Кітаі, дзе ўлады патрабуюць ад сваіх грамадзянаў усё большай лаяльнасці і знаходзяць паслядоўнікаў таксама ў такіх краінах, як В’етнам і Куба. Гэтыя тры краіны знаходзяцца ў рэйтынгу на 17, 19 і 37 месцы адпаведна.

Open Doors заўважае, што тут абмяжоўваюцца ўсе сферы штодзённага жыцця, свабода слова і веравызнання; рэлігійныя лідары абавязаны падтрымліваць рэжымы, у касцёлах устанаўліваюцца прылады назірання, блакуецца доступ да Бібліі і рэлігійнай літаратуры.

У рэйтынгу 50-і краін, у якіх хрысціяне сустракаюцца з парушэннем сваіх правоў, дыскрымінацыей і насіллем, знаходзяцца таксама Узбекістан (21), Туркменістан (25), Таджыкістан (45) і Казахстан (47).

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.