![](/3/images/news/2022/01/2022-01-03-ph21346.jpg)
У 2022 годзе працягнецца перэгрынацыя па свеце фігуры Маці Божай Фацімскай. Яна адновіцца пасля перапынку, выкліканага пандэміяй каранавірусу.
Як са спасылкай на сайт марыйнага санктуарыя ў Фаціме паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, сёлета фігура Панны Марыі здзейсніць чатырнаццаць падарожжаў, у межах якіх наведае Партугалію, ЗША, Францыю, Нікарагуа, Аргентыну, Італію, Чылі, Грузію, Арменію, Азербайджан, Іспанію і Калумбію.
Адносна галоўнай фігуры Маці Божай, якая пастаянна захоўваецца ў базыліцы і пакідае яе толькі пры асаблівых нагодах, удакладняецца, што ў бягучым годзе не прадугледжана ніякіх падзей з яе удзелам па-за санктуарыем.
Першая фігура Маці Божай Фацімскай, якая пілігрымуе па свеце, была зроблена згодна з указаннямі сястры Лусіі душ Сантуш — адной з трох сведкаў аб’яўленняў Багародзіцы ў Фаціме ў 1917 годзе.
Ідэя перэгрынацыі ўзнікла ў 1945 годзе, адразу пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, калі пэўны святар з Берліна прапанаваў, каб фігура Маці Божай Фацімскай пабывала ва ўсіх сталіцах і біскупскіх гарадах Еўропы ажно да мяжы з Савецкім Саюзам. Гэтая ідэя была падтрымана люксембуржскай Міжнароднай радай каталіцкай моладзі, якая ўключылася ў ажыццяўленне задумы. У 1947 годзе фігура Багародзіцы была ўрачыста каранавана і пачала пілігрымаваць па свеце, несучы людзям пасланне любові і міру.
У кастрычніку 1992 года фігура Маці Божай Фацімскай наведала Магілёў, а ў 2016–2017 гадах у межах адзначэння 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў перэгрынацыя фігуры адбывалася па ўсёй Беларусі.