24 кастрычніка беларусы Масквы, як звычайна, сабраліся на святую Імшу ў капліцы Францішканскага кляштара. Адметна, што гэтым разам у сціплай каплічцы нават не хапіла ўсім месца, што бывае нячаста ў гэты кавідны час.
Кастрычнік — месяц Ружанцовай малітвы, і вернікі перад Імшой маліліся на ружанцы перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам у розных інтэнцыях праз заступніцтва Маці Божай.
Нядзельнае Евангелле ад Марка пра аздараўленне сляпога Бартымея дало жыватворную глебу для разважанняў.
Актуальныя падзеі ў свеце і на Бацькаўшыне паказваюць, куды вядзе слепата: не фізічная, а духоўная.
Сапраўды, чалавеку без сустрэчы з Хрыстом — жывым Божым Словам — не ўдасца аздаравіцца ад духоўнай слепаты, каб супрацьстаяць спакусам улады, узбагачэння, цялесных задавальненняў. Гісторыя Бартымея — гэта прыклад галоўнай сустрэчы ў жыцці для кожнага з нас: не варта яе адкладаць на іншы, «больш зручны» час. Не трэба таксама звяртаць увагі на меркаванні іншых і паддавацца страху перамен.
Уцелаўлёнае Слова дае магчымасьць убачыць свае ўчынкі ў сапраўдным святле, убачыць свае правіны і грахі, шкадаваць за ўчыненае зло і навяртацца. Тады чалавек, як Бартымей, пакідае свае жабрацкія лахманы і ідзе за Сынам Божым. Застаўшыся ж сляпым, ён ніколі нікуды не прыйдзе, а тым больш не здолее весці іншых нікуды, апрача цемры.
На заканчэнне святой Імшы удзельнікі ўнеслі малітву за Беларусь, якая суправаджалася спевам традыцыйнага рэлігійнага гімна. Беларускія католікі расійскай сталіцы ўдзячныя францішканам і асабліва айцу Пятру Карнелюку OFMConv за гасціннасць і супольную малітву.