Пошук

11.01.2021 19:10   Паводле: Vatican News / Пераклад: Анастасія Грышан
Фота newsitem.com

Кіраўнікі некаторых касцёльных структур прынялі рашэнне часова прыпыніць Імшы з удзелам вернікаў у сувязі з сур'ёзнай эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Як паведаміла 11 студзеня руская рэдакцыя парталу Vatican News, у Вялікабрытаніі ўжо ў трэці раз уведзены жорсткія каранцінныя меры ў сувязі з пандэміяй і, у прыватнасці, з «англійскай версіяй» каранавірусу. Таму каталіцкія біскупы Паўночнай Ірландыі абнародавалі спецыяльную заяву, выразіўшы заклапочанасць у сувязі з цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыяй у краіне.

Прызнаючы прыкладзеныя шматлікімі парафіямі ўмовы па забеспячэнні магчымасці ўдзелу вернікаў у набажэнствах у максімальнай бяспецы для здароўя, іерархі цалкам падтрымліваюць заклік санітарных уладаў абмежаваць сустрэчы паміж людзьмі да мінімуму і рэкамендацыю заставацца дома, наколькі гэта магчыма, «у імя здароўя, жыцця і агульнага дабра».

Паўночнаірландскія біскупы абвясцілі, што да 6 лютага (гэтая дата можа быць перагледжана ў канцы студзеня) будзе прыпынены ўдзел вернікаў у Эўхарыстыі і іншых набажэнствах.

«Мы прымаем гэтае рашэнне з вялікім жалем, — тлумачаць іерархі. — Мы ўсведамляем, што немагчымасць збірацца для публічнага культу можа быць балючай для ўсіх вернікаў, але мы спадзяемся, што гэты кароткі перыяд ахвяры абароніць жыццё, здароўе і дабро ўсіх». Біскупы дадаюць, што падобныя рашэнні ўжо прыняты пратэстанцкімі Цэрквамі.

У бразільскім горадзе Манаус Імша з удзелам вернікаў не будзе цэлебравацца да 22 студзеня: гэтае рашэнне прыняў арцыбіскуп Леанарду Улрыш Штайнер у сувязі з цяжкай эпідэміялагічнай сітуацыяй. Набажэнствы з удзелам вернікаў спынены таму, што «мы не можам не клапаціцца пра жыццё людзей, асабліва самых уразлівых», патлумачыў арцыбіскуп. Бразільскі ўрад уключыў Касцёл у лік неабходных відаў дзейнасці, і святыні могуць быць адчынены пры ўмове, што яны запоўнены на 30 працэнтаў.

Арцыбіскуп Штайнер вырашыў, што Імша будзе цэлебравацца без удзелу вернікаў, але святыні будуць адчынены для адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і асабістай малітвы.

Іерарх адзначыў, што ў перыяд Божага Нараджэння абмежавальныя меры былі аслаблены, таму цяпер неабходна паклапаціцца аб здароўі адзін аднаго.

Абноўлена 12.01.2021 09:34
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.