У духоўную семінарыю ў Фларэнцыі ў 2021 годзе не прыйдзе вучыцца ніводнага кандыдата. Пра гэта паведаміў мясцовы арцыбіскуп кардынал Джузэпэ Бэторы.
Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, ён прызнаў, што гэта «адна з самых вялікіх ран» яго біскупскага служэння ў сталіцы Тасканы, якое працягваецца ўжо 12 гадоў. Калі ў 2009 годзе ён удзяліў сакрамэнт пасвячэння сямі новым святарам, то ў 2020 годзе — ужо ніводнага. У наступным годзе гэты сакрамэнт плануе прыняць адзін семінарыст, але ён выхадзец з Нэакатэхуменальнага шляху.
На думку іерарха, гэта «сапраўды трагічная сітуацыя» і ў той жа час «не менш трагічная», чым з прыняццем сакрамэнту сужэнства і «наогул з жыццёвымі праектамі».
«Праблема крызісу пакліканняў да святарства з’яўляецца часткай крызісу паклікання чалавечай асобы», — лічыць іерарх.
Ён дадае, што «мы жывем у культуры часовасці», дзе людзі імкнуцца да здабыцця новага вопыту, а не адданасці якой-небудзь мэце», і гэта датычыцца сужэнства, святарства і ўсіх чалавечых выбараў. Акрамя таго, па словах арцыбіскупа, «стан святарства сёння менш прывабны, чым у мінулым».
Фларэнтыйская архідыяцэзія з'яўляецца адной з самых важных біскупскіх сталіц у Італіі.
У ёй 830 тысяч католікаў, амаль 300 парафій, 350 дыяцэзіяльных святароў і больш за 200 святароў з законных супольнасцяў. З 1889 года на чале яе заўсёды стаялі кардыналы.