Пошук

08.12.2023 08:12   Паводле: Vatican News / Пераклад: Анастасія Грышан / Catholic.by
Беззаганнае Зачацце. Мастак Барталамэ Эстэбан Мурыльё. Фрагмент

8 снежня ў Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Беззаганнае Зачацце натхняе таксама сучасных філосафаў.

Польская рэдакцыя парталу Vatican News прыводзіць словы французскага філосафа прафесара Марціна Стэфенса ў інтэрв’ю выданню Famille Chrétienne: «Марыя ўказвае на тое, што ёсць у нас беззаганнага. Кожны з нас ва ўлонні сваёй маці быў жаданы, любімы, благаслаўлёны. <...> У Марыі заключана моц, якая паказвае, што ў гэтым свеце застаецца штосьці чыстае, як свежы снег».

Прафесар дадае, што таксама ў гісторыі кожнага сужэнства існуюць такія «беззаганныя» элементы: «Час, калі мы былі закаханыя адно ў аднаго, калі бачылі іншага ў яго неад’емнай прыгажосці. Потым мы зведалі боль, забыліся пра гэтую прыгажосць. Але часам дастаткова правесці адзін уікэнд разам, каб зноў да гэтага вярнуцца».

Шукаючы ў чалавечым досведзе аналогію з Беззаганным Зачаццем, Стэфенс не адмаўляе і не змяншае значэння гэтай праўды веры.

У сваёй філасофскай кар’еры ён вывучаў між іншым думку Дунса Скота. Гэты францішканін, які жыў у Сярэднявеччы, належыць да тых хрысціянскіх мысляроў, якія падкрэсліваюць, што Сын Божы стаўся чалавекам не толькі «для нашага збаўлення», але і «для нас», бо такая была спрадвечная задума Бога. Больш за тое, Бог стварыў свет з думкай пра ўцелаўленне. Таксама і Марыя, Маці Сына Божага, належыць да гэтай спрадвечнай задумы. Як кажа Стэфенс, Яе Fiat — гэта рэха Fiat lux Створцы.

Французскі філосаф адзначае, што Марыя — першая нявіннасць гэтага свету.

Але, па яго словах, Яна не з’яўляецца наіўнай, ведае пра існаванне зла.

Бернанас пісаў, што адзіная рэакцыя Марыі на зло — «поўнае болю здзіўленне». Перавага гэтай чысціні, як дадае Стэфенс, у тым, што яна забараняе сабе разумець зло і прыстасоўвацца да яго.

Абноўлена 08.12.2023 09:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця