Пошук

04.08.2020 10:02   Паводле: Vatican News / Пераклад і адаптацыя: Анастасія Грышан / Catholic.by
Фота: Carlos Herrera / dpa / MaxPPP

Папа Францішак скіраваў ліст кардыналу Леапольдо Хасэ Брэнесу, арцыбіскупу Манагуа ў Нікарагуа. Пантыфік выказаў свой смутак і запэўніў у малітоўнай падтрымцы ў сувязі з нападам на мясцовую катэдру, які быў здзейснены ў пятніцу.

Як паведамляе польская рэдакцыя парталу Vatican News, у выніку падпалу, учыненага невядомым злачынцам, было знішчана старадаўняе ўкрыжаванне і інтэр’ер капліцы Крыві Хрыста.

Кардынал прачытаў ліст Папы падчас святой Імшы ў нядзелю, якую абвясціў «днём цішыні і малітвы».

«Дарагі брат, спадарожнічаю табе ў смутку з прычыны гэтага акту вандалізму, блізкі да цябе і да твайго народу. Малюся за вас усіх», — напісаў пастыр паўсюднага Касцёла.

У гаміліі іерарх падзякаваў Пантыфіку за салідарнасць, выказаную таксама падчас нядзельнай малітвы «Анёл Панскі». Кардынал узгадаў і пра шматлікія выразы салідарнасці, якія паступаюць ад прадстаўнікоў Касцёла з усяго свету. «Ворагі хрысціянства могуць спаліць усе ўкрыжаванні, але не знішчаць нашай веры. Таму я прабачаю чалавеку, які здзейсніў злачынства, і запэўніваю яго, што нічога не можа аддзяліць нас ад любові Хрыста», — дадаў кардынал.

Спаленне гістарычнага ўкрыжавання сустрэла таксама жывую рэакцыю вернікаў, якія ў Facebook пачалі масава змяшчаць здымкі, на якіх яны моляцца ў сябе дома. «Малітва — наша сіла, наша вера застаецца майнейшай, чым калісьці», — гаворыцца ў адным з допісаў.

У паведамленні на сайце дыяцэзіі Манагуа сказана, што ў бліжэйшыя дні стане вядома пра рэканструкцыю спаленага ўкрыжавання і капліцы.

У апошні час у некалькіх касцёлах у Нікарагуа здарыліся напады і знявагі Найсвяцейшага Сакрамэнту.

29 ліпеня невядомыя зняважылі капліцу Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Ніндзіры, a двума днямі раней там жа ў адной з парафій у капліцы Маці Божай быў скінуты на зямлю табэрнакулюм.

Абноўлена 04.08.2020 10:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.