У Алепа пасля аднаўлення адкрылася мараніцкая катэдра святога Іллі. Арцыбіскуп Алепа Юзаф Тоб'і назваў яе адкрыццё пасланнем для мясцовых хрысціян, а таксама хрысціян ва ўсім свеце.
«Нягледзячы на ўсе цяжкасці, нашы галасы будуць у гэтым месцы славіць Бога», — дадаў іерарх, чые словы прыводзіць інфармацыйнае агенцтва КАІ.
Святыня, пабудаваная ў ХІХ ст., была моцна пашкоджана з-за ракетных атак і іншых ваенных дзеянняў у 2012-2016 гадах.
Найбольшыя пашкоджанні катэдра атрымала ў 2013 г. падчас штурму ісламскіх баевікоў у раёне, дзе знаходзіцца касцёл. Ісламісты хацелі знішчыць усе хрысціянскія знакі, паведаміла арганізацыя «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», якая ў вялікай меры прафінансавала рамонт катэдры.
На Божае Нараджэнне ў 2016 г. па ўсім свеце распаўсюдзіліся здымкі, якія паказвалі, як пасля заканчэння ваенных дзеянняў мараніцкая супольнасць малілася падчас літургіі ў знішчанай святыні. У хуткім часе пачалося аднаўленне катэдры.
Хрысціяне ў Сірыі моцна пацярпелі з-за ваенных дзеянняў. Сёння ў Алепа пражывае не больш за 30 тысяч хрысціянаў, у той час як да вайны іх было каля 180 тысяч.
Ва ўсёй краіне было каля 1,5 млн хрысціян, зараз засталося менш за трэцюю частку гэтага.
Хоць мараніцкая каталіцкая супольнасць з’яўляецца адной з найменшых хрысціянскіх супольнасцяў у Алепа, яна вельмі актыўная ў справах гуманітарнай і душпастырскай апекі мясцовага насельніцтва.