8 ліпеня ў дом Пана адышоў адзін з заснавальнікаў і ганаровы прэзідэнт «Радыё Марыя» Эмануэль Ферарыё, які 11 сакавіка гэтага года адсвяткаваў свой 90-ы дзень нараджэння.
Сіньёр Ферарыё вызначыў галоўныя напрамкі і мэты развіцця ўсёй сям’і «Радыё Марыя». Ён быў таксама тым, хто сваёй актыўнай дзейнасцю і вялікім жаданнем пашырэння голасу «Радыё Марыя» прычыніўся да паўстання гэтага радыё і ў нашай краіне.
Сваю дзейнасць у «Радыё Марыя» ён распачаў у 1986 годзе пасля смерці жонкі.
Кіруючы перад гэтым малочным бізнесам сваёй сям’і і набыўшы неабходны досвед у галіне кіравання, ён пачаў выкарыстоўваць яго менавіта ў «Радыё Марыя». Тое, што павінна было быць толькі часовай прыгодай ягонага жыцця, ператварылася ў нейкі момант у жыццёвае пакліканне і дзесяцігоддзі працы.
Эмануэль Ферарыё быў вельмі жыццярадасным і ахвярным чалавекам. Ягоная ахвярнасць і праца сталі зачынам, які дапамог «Радыё Марыя» зрабіцца спачатку нацыянальным праектам, а пазней і міжнародным. Сёння «Радыё Марыя» гучыць больш чым у 70 краінах свету. Эфір вядзецца на роднай мове кожнага народа.
З 1 лістапада 2016 года «Радыё Марыя» распачало трансляцыю ў інтэрнэце ў Беларусі, што стала магчымым таксама дзякуючы Эмануэлю Ферарыё.
Вечны адпачынак дай яму, Пане!
Рэдакцыя парталу Catholic.by на чале з дырэктарам кс. доктарам Аляксандрам Уласам выказвае спачуванні яго родным, блізкім і ўсёй сусветнай сям’і «Радыё Марыя», асаблівым чынам яе беларускай частцы.