У Італіі дасягнута пагадненне паміж мясцовым Касцёлам і ўладамі, у адпаведнасці з якім у краіне неўзабаве зноў будуць адбывацца набажэнствы з удзелам вернікаў, прыпыненыя на час пандэміі ў межах каранцінных мер.
Як паведаміла 7 мая італьянская рэдакцыя парталу Vatican News, Старшыня Канферэнцыі епіскапату Італіі кардынал Гуалцьеро Басэцці падкрэсліў, што дасягнутае пагадненне стала плёнам супрацоўніцтва паміж касцёльнымі і дзяржаўнымі ўладамі.
Пры гэтым быў вызначаны шэраг мер, якія маюць на мэце забяспечыць удзельнікаў літургічных цэлебрацый ад магчымага заражэння.
Так, для наведвання вернікамі з 18 мая будуць адкрытыя месцы культу, адпаведным чынам падрыхтаваныя з дапамогаю валанцёраў. Доступ у іх будзе магчымы толькі ў ахоўных масках і з захаваннем сацыяльнай дыстанцыі ў адзін метр з кожнага боку. Тым, хто мае тэмпературу цела роўную або большую за 37,5 градусаў, а таксама тым, хто меў кантакты з хворымі на каранавірус, доступ у месцы культу застаецца забароненым.
Прадугледжана рэгулярная санітарная апрацоўка памяшканняў і ўсіх прадметаў, якія выкарыстоўваюцца падчас набажэнстваў. Пры ўдзяленні Камуніі святар павінен мець маску і пальчаткі, правесці дэзінфекцыю рук і не дакранацца да тых, хто прымае Цела Хрыста. Пакуль будзе абмежавана колькасць цэлебрантаў і прыслугоўваючых. Дазваляецца суправаджэнне спеву адным арганістам.
Гэтыя правілы неабходна будзе захоўваць пры цэлебрацыі як Эўхарыстыі, так і ўсіх іншых набажэнстваў.
Прадпісаннямі таксама прадугледжана правядзенне сакрамэнту паяднання (споведзі) толькі там, дзе дастаткова месца і дзе ёсць доступ свежага паветра. Удзяленне сакрамэнту канфірмацыі адкладаецца.
Там, дзе захаванне прадпісанняў у касцёлах немагчымае, ардынарый можа даць магчымасць праводзіць цэлебрацыі з удзелам вернікаў на адкрытым паветры.