Турынская архідыяцэзія на поўначы Італіі абвясціла, што ў Вялікую субботу, 11 красавіка, арцыбіскуп Чэзарэ Назілья ўзначаліць малітву ў капліцы архікатэдры св. Яна Хрысціцеля, дзе захоўваецца Турынская плашчаніца.
Як паведамляе беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, набажэнства будзе транслявацца ў прамым эфіры па італьянскім тэлебачанні і ў інтэрнэце.
Турынская плашчаніца — гэта льняное палатно, якім, паводле традыцыі, пасля смерці на крыжы было абвіта цела Хрыста.
Характар і размяшчэнне слядоў на ёй адпавядаюць апісанню ран Збаўцы ў Евангеллі. Плашчаніца вельмі рэдка выстаўляецца для публічнага ўшанавання.
Падчас візіту ў Турын у 2010 г. Бэнэдыкт XVI назваў Турынскую плашчаніцу «іконай Вялікай суботы».
Пра Турынскую плашчаніцу чытайце таксама тут>>>
Сёння мы маем унікальную магчымасць далучыцца да надзвычайнага выстаўлення Турынскай плашчаніцы — тканіны, у якую было загорнута падчас пахавання цела Хрыста і якая нясе на сабе сляды яго збаўчай мукі і ўваскрасення. Выстаўленне будзе суправаджацца малітвай аб спыненні каранавірусу. Хоць яна будзе адбывацца на італьянскай мове, мы таксама можам да яе далучыцца, каб сваімі словамі прасіць Бога прадухіліць эпідэмію, уратаваць ад новых заражэнняў і прыняць у сваё Валадарства тых, хто памёр ад хваробы.
Анлайн-трансляцыя надзвычайнага выстаўлення Турынскай плашчаніцы распачнецца ў 17.45.