Пошук

01.04.2020 13:28   Паводле: KAI / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by
Кардынал Станіслаў Дзівіш / Фота: diecezja.pl

2 красавіка спаўняецца 15 гадоў з моманту адыходу святога Яна Паўла ІІ у дом Нябеснага Айца. Напярэдадні яго шматгадовы асабісты сакратар і найбліжэйшы супрацоўнік кардынал Станіслаў Дзівіш заклікаў суайчыннікаў да акцыі памяці і малітвы аб спыненні пандэміі.

Ён прапануе 2 красавіка ў 21.37, калі перастала біцца сэрца Вялікага Папы, запаліць свечкі ў вокнах дамоў, просячы Міласэрнага Бога аб спыненні пандэміі каранавірусу праз заступніцтва святога Яна Паўла ІІ.

«Калі 15 гадоў таму святы Ян Павел ІІ адыходзіў у дом Айца, на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, у касцёлах і капліцах ва ўсім свеце, на плошчах гарадоў і каля прыдарожных крыжоў мільёны чалавечых сэрцаў трывалі ў вялікім малітоўным чуванні.

Нашыя вуліцы і святыні напаўняў ціхі шэпт засяроджаных у малітве людзей, якія жадалі ў гэтыя дні быць разам і духоўна ядналіся вакол канаючага Папы, каб суправаджаць яго сваёй любоўю і такім чынам падзякаваць за дар яго жыцця і святасці», — піша кардынал Дзівіш у паведамленні, перададзеным Каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву .

«Ён ведаў пра тое, што адыходзіць у атачэнні вялікай сям’і, як бацька сярод любячых дзяцей», — дадае былы асабісты сакратар Яна Паўла ІІ.

Ён прызнаецца, што вяртаецца ў памяці да тых хвілін адзінства, калі сёння глядзіць на апусцелую плошчу Святога Пятра, калі бачыць «пустыя святыні і вымерлыя вуліцы».

«Свет спыніўся так, як спыніўся 15 гадоў таму. Тады мы адчулі, што асірацелі, аднак змаглі падтрымліваць адно аднаго і шукаць суцяшэння ў Богу, які ёсць Крыніцаю Жыцця.

Ці зможам мы і сёння гэтаксама, як тады, трываць ва ўзаемнай любові, у агульных для нас болю і тузе? Ці зможам шукаць надзею і чэрпаць сілы з праўды, што, хоць сёння і не можам фізічна сустрэцца, аднак наша супольнасць — рэальная і існуе, нягледзячы на зачыненыя дзверы нашых дамоў?» — задае пытанні сваім суайчыннікам польскі кардынал.

Даць на іх адказ ён прапануе, з’яднаўшыся 2 красавіка ў 21.37 у супольнай малітве праз заступніцтва святога Яна Паўла ІІ і просячы аб спыненні пандэміі каранавірусу.

«Прашу вас усіх, дарагія браты і сёстры, каб у 15-ю гадавіну адыходу Яна Паўла ІІ у дом Айца мы зноў з’ядналіся вакол яго.

Вельмі вас прашу, каб ніхто не быў адсутны ў гэтай духоўнай супольнасці 2 красавіка ў 21.37. Няхай узнясецца ў нябёсы нашая малітва даверу», — заахвочвае кардынал Станіслаў Дзівіш і заклікае на знак малітоўнага адзінства запаліць свечы ў вокнах дамоў.

Разам з тым найбліжэйшы супрацоўнік Вялікага Папы прапануе прачытаць Акт даручэння Божай Міласэрнасці, які ён сам нядаўна здзейсніў у санктуарыі ў Лагеўніках, што пад Кракавам.

Акт даручэння Божай Міласэрнасці

Усемагутны Божа, перад абліччам пандэміі, якая ахапіла чалавецтва, з новаю руплівасцю мы аднаўляем акт даручэння Тваёй Міласэрнасці, здзейснены святым Янам Паўлам ІІ.

Табе, міласэрны Ойча, мы даручаем лёсы свету і кожнага чалавека. Да Цябе з пакораю ўсклікаем. Благаславі ўсіх, хто працуе дзеля таго, каб лячыць хворых, а здаровых абараніць ад заразы. Вярні здароўе тым, хто захварэў, дай цярплівасць тым, хто знаходзіцца на карантыне, а памерлых прымі ў свой дом. Умацуй у здаровых пачуццё адказнасці за сябе і за іншых людзей, каб яны не парушалі неабходных абмежаванняў і прыходзілі на дапамогу патрабуючым.

Аднаві нашую веру, каб цяжкія хвіліны мы перажывалі разам з Хрыстом, Тваім Сынам, які дзеля нас стаўся чалавекам і кожны дзень ёсць з намі. Спашлі свайго Духа на ўвесь свет, каб тыя, каго з’яднала барацьба з хваробаю, з’ядналіся таксама ў праслаўленні Цябе, Стварыцеля сусвету, і рупліва змагаліся таксама з вірусам граху, які знішчае чалавечыя сэрцы.

Ойча спрадвечны, дзеля балеснай мукі і ўваскрасення Твайго Сына будзь міласэрны да нас і да ўсяго свету. О Марыя, Маці Міласэрнасці, заступіся за нас. Святы Яне Паўле ІІ, святая Фаўстына, благаслаўлёны Міхале Сапоцька і ўсе святыя Божыя, маліцеся за нас.

Абноўлена 02.04.2020 09:48
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.