Пошук

26.03.2020 16:23   Паводле: KAI, Euronews / Падрыхтаваў: Мікола Гракаў / Catholic.by
Труны з целамі памерлых у часовым шпіталі ў Бергама. Фота: radiondadurto.org

27 сакавіка італьянскі епіскапат заахвочвае ўсіх біскупаў краіны ў самоце пайсці на могілкі ў сваіх дыяцэзіях, каб там памаліцца за ўсіх памерлых ад каранавірусу, многія з якіх былі пахаваныя без належных хрысціянскіх абрадаў.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, гэтае самотнае наведванне могілак біскупамі павінна стаць часам засяроджання, малітоўнага чування і благаслаўлення.

«Інтэнцыя — даручэнне Божай Міласэрнасці ўсіх памерлых ад пандэміі, а таксама выраз такім чынам блізкасці Касцёла да ўсіх, хто цяпер ахоплены плачам і болем», — гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Прэзідыюму Канферэнцыі біскупаў Італіі.

На сённяшні дзень ад хваробаў, выкліканых вірусам COVID 19, у краіне памерлі ўжо больш за сем з паловай тысяч чалавек.

У адпаведнасці з патрабаваннямі бяспекі іх целы скіроўваюцца на крэмацыю без магчымасці цэлебрацыі пахавальнай святой Імшы.

Таксама і блізкія не могуць асабіста развітацца з памерлымі, з якімі найчасцей не мелі непасрэднага кантакту з моманту іх змяшчэння ў інфекцыйным аддзяленні або ў часовым шпіталі.

У аддзяленнях, дзе знаходяцца заражаныя каранавірусам, забаронена аказанне душпастырскіх паслуг. Адна з прычын — немалады ўзрост большасці святароў і звязаная з гэтым вялікая рызыка заражэння.

Як паведаміў канал Euronews, на сённяшні дзень ахвярамі каранавірусу ў Італіі сталі ўжо 67 каталіцкіх святароў, якія свой душпастырскі абавязак паставілі вышэй за ўласнае жыццё.

Абноўлена 26.03.2020 16:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.